Як атрымаць арэнднае жыллё? — zorkanews.by

Як атрымаць арэнднае жыллё?

Жыллёвае пытанне ніколі не губляе сваёй актуальнасці, асабліва для людзей, якія не адзін год стаяць на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў або жывуць у наёмным жыллі. Адным з выхадаў у дадзенай сітуацыі з’яўляецца дзяржаўнае арэнднае жыллё, праграма прадастаўлення якога ў нашай краіне актыўна развіваецца.

Як атрымаць арэнднае жыллё, якія дакументы неабходна падаць і як размяркоўваюцца такія кватэры? Ва ўсіх нюансах дапамагла разабрацца начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва раённага выканаўчага камітэта Наталля ГУК.

гук

— Наталля Леанідаўна, хто можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё?

— Арэнднае жыллё — гэта жылое памяшканне дзяржаўнага жыллёвага фонду, якое прадастаўляецца ў арэнду за плату па дамове найму ў часовае валоданне і карыстанне. Пытанні, звязаныя з прадастаўленнем арэнднага жылля, рэгулююцца Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 563 ад 16 снежня 2013 года “Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін” і пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1297 ад 31 снежня 2014 года “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання”.

— У першую чаргу хто мае права на атрыманне такога жылля?

—Атрымаць арэндную кватэру могуць усе жадаючыя, але ў некаторай катэгорыі грамадзян ёсць перавагі. У першую чаргу, разглядаюцца заявы грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па даце пастаноўкі на ўлік, пры адсутнасці такіх грамадзян, разглядаюцца заявы тых, хто не знаходзіцца на ўліку. Першачарговае права маюць таксама: суддзі, пракурорскія работнікі, дзяржаўныя служачыя згодна з пералікам пасад, якія даюць права на атрыманне арэнднага жылля; маладыя рабочыя, служачыя і спецыялісты, якія атрымалі адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага або мясцовых бюджэтаў і прыбылі на работу па размеркаванні або ў адпаведнасці з дагаворам аб мэтавым накіраванні; вайскоўцы, работнікі, назначаныя на пасаду і якія пераехалі з іншага населенага пункта, але пры ўмове, што ў дадзеным населеным пункце для заняцця вакансіі няма раўнацэннай замены з ліку наяўных работнікаў. Прычым колькасць жылых памяшканняў, якія прадастаўляюцца “першачаргоўцам” не павінна перавышаць 40% ад агульнай колькасці незаселеных жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання камунальнага жыллёвага фонду. Галоўная ўмова для ўсіх пералічаных вышэй катэгорый — адсутнасць жылых памяшканняў ва ўласнасці або доляй у праве ўласнасці на жылыя памяшканні ў валоданні і (ці) карыстанні ў населеным пункце па месцы працы.

Калі жадаючых першай чаргі менш, чым прапанаваных ім кватэр, свабодныя кватэры прапаноўваюцца грамадзянам, якія стаяць на уліку маючых патрэбу, звярнуліся на прадастаўленне камерцыйнага жылля і не атрымалі ў парадку чарговасці, зыходзячы з даты пастаноўкі на ўлік.

— Куды звяртацца, каб вырашыць жыллёвае пытанне,  якія дакументы неабходна прадаставіць?

— Грамадзяне, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, падаюць заяву аб прадастаўленні арэнднага жылля ў службу адно акно, што размешчана на першым паверсе райвыканкама. Узор дакумента выдаюць на месцы, пры сабе неабходна мець пашпарт. Тым, хто прэтэндуе на жыллё ад работы, трэба прынесці індывідуальнае хадайніцтва ад арганізацыі. У дакуменце прапісваюцца стаж, склад сям’і, тэрмін кантракту, адрас жылога памяшкання, якое будзе прадастаўлена ў камерцыйнае карыстанне і падставы для яго прадастаўлення.

Тэрмін звароту складае не менш як 15 каляндарных дзён з дня размяшчэння інфармацыі аб наяўнасці такіх памяшканняў на старонках раённай газеты і афіцыйным сайце райвыканкама. Па заканчэнні пазначанага тэрміну заявы разглядаюцца. Максімальны тэрмін разгляду заявы — адзін месяц.

— Ці існуюць нюансы пры разглядзе заяў і атрыманні арэнднага жылля?

—  Тут пачынае дзейнічаць прынцып “латарэі”. Справа ў тым, што пасля размяшчэння інфармацыі аб наяўнасці арэнднага жылля, жадаючыя самі ўказваюць нумар кватэры, а колькасць заяў на канкрэтную кватэру можа быць больш за адну. У такіх выпадках, кожная кватэра разглядаецца індывідуальна. Пры разглядзе заяў на свабодныя жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання, калі жадаючых больш аднаго,  арэнднае жыллё прадастаўляюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у парадку чарговасці, зыходзячы з даты пастаноўкі іх на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Пры адсутнасці заяў ад дадзенай катэгорыі грамадзян дадзенае жыллё прадастаўляецца ў парадку чарговасці ўсім астатнім, хто звярнуўся па даце падачы заявы.

Таксама неабходна ўлічваць, што пасля прадастаўлення арэнднага жылля,  заключэння дагавора найму ў выпадку забяспечанасці агульнай плошчай жылога памяшкання 15 квадратных метраў і больш на аднаго чалавека грамадзяне (за выключэннем наймальнікаў, з якімі дадзены дагавор найму заключаны на тэрмін працоўных, службовых адносін) падлягаюць зняццю з уліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

— На які тэрмін прадастаўляецца такое жыллё?

—Грамадзянам, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў або якія не стаяць на такім уліку — на тэрмін да 5 гадоў. Пры гэтым кожныя 5 гадоў дагавор можна працягваць на новы тэрмін. Для тых, хто камерцыйнае жыллё атрымліваў па хадайніцтву на час работы ў арганізацыі.

— Ці магчыма пазбавіцца арэнднага жылля?

— Па заканчэнні тэрміну дзеяння дагавора найму, пры наяўнасці двухмесячнай запазычанасці па аплаце за карыстанне арэндным жыллём і паслуг ЖКГ без уважлівых прычын, а таксама пры звальненні з арганізацыі, якая прадастаўляла ці хадайнічала аб выдзяленні арэнднага жылля, таксама за прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл карыстання жылымі памяшканнямі, у іншых выпадках, прадугледжанных заканадаўствам.

— Зыходзячы з чаго разлічваецца аплата арэнднага жылля?

— Памер платы за карыстанне жылымі памяшканнямі камерцыйнага выкарыстання вызначаецца зыходзячы з памера базавай стаўкі, устаноўленай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1297 ад 31 снежня 2014 года “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання” і складае 0,2 базавай велічыні на 1 квадратны метр агульнай плошчы, з выкарыстаннем каэфіцыента, вызначанага Мінаблвыканкамам у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месца знаходжання камерцыйнага жылога памяшкання (колькасць насельніцтва ў канкрэтным населеным пункце).

Варта ўлічваць, што памер паніжальнага каэфіцыента для жылых памяшканняў, у якіх адсутнічае гарачае, халоднае водазабеспячэнне, водаадвядзенне (каналізацыя), цэнтральнае ацяпленне, памяншаецца на 15% за кожны адсутны выгляд інжынернай сістэмы. Першапачатковая сумма платы за карыстанне кожнай канкрэтнай арэнднай кватэрай размяшчаецца разам з прапановамі аб свабодных памяшканнях камерцыйнага карыстання. Паніжаючы каэфіцыент выкарыстоўваецца і пры разліку за карыстанне арэндным жыллём грамадзянам, якія маюць першачарговае права на карыстаннем камерцыйным жыллём.

— Ці можна прыватызаваць такія квадратныя метры?

—Жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання не падлягаюць прыватызацыі, абмену, падзелу, продажу і прадастаўленню па дамове найму.

У завяршэнне хацелася б адзначыць, арэнднае жыллё – гэта добрая магчымасць для тых, хто не можа пабудаваць уласнае або вымушаны здымаць яго ў прыватніка.

Р.S. Меркаванні падзяліліся…

Ісці ці не ісці ў арэндную кватэру? Меркаванні ў жыхароў розныя. Адны лічаць гэта нормай, падлічыўшы, што здымаць у прыватніка даражэй, іншыя адмаўляюцца па прычыне таго, што здымаюцца з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ёсць і тыя, хто ўжо жыве ў арандаванай двухпакаёвай кватэры і ім усё падабаецца: добрая, абуладкаваная, з рамонтам.

Аднак выбар асабіста за кожным.

Таццяна МЯТЛІЦКАЯ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Об авторе: Вадим

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *