zorkanews.by

Новости Узденского района

Уздзенскі РАУС адзначыў прафесійнае свята — Дзень міліцыі

З нагоды Дня міліцыі віншаванні атрымалі супрацоўнікі праваахоўных органаў.

Заслужаную ўзнагароду Мікалаю ДУБОВІКУ ўручае Андрэй БЯРОЗКА

На ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня міліцыі, начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела ўнутраных спраў Святлана Назаранка атрымала не толькі юбілейны медаль “100 год міліцыі Беларусі”, але і прыгожы букет цюльпанаў. Таму не дзіўна, што на фоне калег-мужчын Святлана Паўлаўна, хай і ў параднай форме з пагонамі, выглядала асабліва прывабна.

Святочны настрой у Святланы НАЗАРАНКА

Свята, якое сабрала разам ветэранаў міліцыі і тых, хто сёння годна нясе службу ў праваахоўных органах, іх родных і блізкіх, ладзілася ў Палацы культуры.

Супрацоўнікаў міліцыі з прафесійным святам павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Савіцкі. Ён зазначыў, што на плечы міліцыянераў ускладзены сур’езныя задачы, якія патрабуюць жорсткай дысцыпліны і адказнасці. Ім даверана самае галоўнае – ахоўваць жыццё і спакой грамадзян. Сяргей Канстанцінавіч выказаў упэўненасць, што міліцыянеры і надалей добрасумленна, граматна і аператыўна будуць выконваць свой абавязак і стаяць на варце інтарэсаў жыхароў горада і раёна. Падзяку ад райвыканкама атрымалі Аляксандр Цыбулька і Леанід Крук.

– Супрацоўнікі міліцыі ва ўсе часы былі і застаюцца ключавым звяном у праваахоўнай сістэме, – адзначыў начальнік райаддзела Андрэй Бярозка. – Сваёй працай гэта пацвярджаюць і ўздзенскія міліцыянеры. У аснове паспяховай працы па раскрыцці злачынстваў – зладжанасць і сістэмнасць работы адной каманды, якую прадстаўляюць следчыя, крыміналісты, супрацоўнікі пракуратуры і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

За цеснае ўзаемадзеянне з выратавальнікамі падзякай райаддзела па надзвычайных сітуацыях адзначана праца ўчастковага інспектара Аляксандра Бабіча. Ганаровай граматай упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама ўзнагародзілі старшага оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Яўгенія Медушэўскага. Падзякай – старшага інспектара па рэгістрацыйна-уліковай рабоце Мікалая Абражэвіча і старшага інспектара па растлумачальнай рабоце аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандра Бурло.

Скарбонку ўзнагарод начальніка ізалятара для часовага ўтрымання затрыманых ці заключаных пад варту асоб Аляксандра Сцяшковіча і памочніка дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы Андрэя Пецкалёва папоўніў медаль “100 год міліцыі Беларусі”.

Нагрудным знакам “За прафесійныя поспехі” галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС РБ узнагароджаны капітан міліцыі Мікалай Дубовік. Нагрудны знак “За адданасць службе” галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Рэспублікі Беларусь атрымаў першы намеснік начальніка райаддзела Алег Коршак.

 “Служу Рэспубліцы Беларусь!”- гучалі гордыя словы тых, хто быў ушанаваны.

Падарункам для міліцыянераў стала святочная канцэртная праграма з удзелам дзіцячых танцавальных калектываў, артыстаў і салістаў раённага Дома культуры.

Вера ЛУКАШЭВІЧ