Супер-бабулі дзеляцца сакрэтамі вечнай маладосці - zorkanews.by

Супер-бабулі дзеляцца сакрэтамі вечнай маладосці


Галіна Адамовіч з унучкай Ганнай

Бабуля… Якое ласкавае, цёплае, добрае слова! Менавіта з ёй у многіх звязаны самыя радасныя імгненні дзяцінства. Яна любіць безаглядна, даруе многія свавольствы, таму нярэдка ўнукі сваімі сакрэтамі дзеляцца менавіта не з бацькамі, а з ёй. І самыя смачныя пірагі, булачкі ў бабулі, і ў доме , дзякуючы яе клопатам, заўсёды ўтульна…

Але вольны час бабулі належыць не толькі ўнукам. Трэба і з сяброўкамі сустрэцца, і на канцэрт, у бібліятэку, тэатр, музей схадзіць, і ў “Одноклассниках”, “Инстаграме”, “ВКонтакте” апошнімі навінамі і фотаздымкамі падзяліцца. Сучасная бабуля заўсёды “ў трэндзе”.

Бабуля крэатыўная

Галіна Адамовіч у вольны час вяжа, вышывае і выпякае для ўнукаў. І гэта зразумела: у душы кожная жанчына рукадзельніца. Убачыўшы прыгожую рэч у суседкі, знаёмых не адна з іх скажа: “Клас! Я таксама хачу такое зрабіць.” Вось толькі далей жадання справа не ў кожнай даходзіць. Але ў нашай гераіні ўсё наадварот…

Завітаўшы да Галіны Сямёнаўны ў госці, разумееш: тут жыве майстрыха. Пра гэта сведчаць сумка са стужкамі, футляр з прыладамі для вязання і вышыўкі, гатовыя работы. А на століку — новая вышытая карціна, якая чакае свайго аздаблення.

Чаму вышываю стужкамі? Убачыла ў інтэрнеце прыгожа вышытыя аб’ёмныя кветкі, спадабалася, — расказвае жанчына. — Захацела паспрабаваць, нават пачала наведваць гурток рукадзелля, што дзейнічае ў аддзяленні для грамадзян сталага ўзросту. Аказалася, тэхніка не вельмі складаная. Я люблю, калі вакол ўсё прыгожае, яркае, цікавае.

Падабаецца Галіне Сямёнаўне і на прутках вязаць. Цёплыя шапкі, шалікі, касцюмчыкі для любімых унукаў. І свой гардэроб майстрыха часта папаўняе новай вязанай кофтачкай, на што звяртаюць увагу сяброўкі. “Пасядзела б хвілінку, адпачыла,” — не раз казалі сяброўкі. Ды толькі няма калі, бо любіць Галіна Сямёнаўна пабалаваць хатняй выпечкай унукаў, якіх у яе чацвёра: Ангеліна, Ганна, Маргарыта і Арцём. Яны заўсёды забягаюць да бабулі пасля заняткаў у школе мастацтваў або на выхадныя. Падабаецца ім яе фірменны яблычны пірог. Радасныя ўсмешкі, ласкавыя абдымкі… Бабуля такая шчалівая!

Я жыву цікавым жыццём. Яшчэ працую ў дэпартаменце,  ёсць розныя захапленні, многа сяброў, знаёмых. Шмат чытаю, слухаю музыку, займаюся спортам – усё проста нерэальна пералічыць. Многае з гэтага раблю са сваімі любімымі ўнукамі, ім гэта толькі на карысць.

Бабуля спартыўная

З задавальненнем займаецца скандынаўскай хадзьбой Галіна Добрароднава

Пазнаёміўшыся з Галінай Добрароднавай, нават не магла падумаць, што гэта мініяцюрная, прыгожая жанчына калісьці была лідарам баскетбольнай каманды.

З дзяцінства займаюся спортам. У школе ўдзельнічала ў розных спаборніцтвах. У маладосці захаплялася гімнастыкай, — пачынае размову Галіна Міхайлаўна. — Я і цяпер займаюся фізкультурай. Нашу групу ў аддзяленні для грамадзян сталага ўзросту вядзе Наталля Вячаславаўна. Яна падабрала для нас комплекс фізічных практыкаванняў. Там жа займаемся і на трэнажорах, скандынаўскай хадзьбой. На жаль, у райцэнтры няма асобнай дарожкі для гэтага віду спорту, таму мы ходзім у парк за касцёлам. Наша задача: прайсці тры кіламетры, а гэта акурат 12 кругоў. Людзі па-рознаму ставяцца, убачыўшы нас: адны — з усмешкай, другія – скептычна. Некаторыя прыпыняюцца, распытваюць.

Раз у тыдзень Галіна Міхайлаўна ездзіць у басёйн у Стоўбцы. А з надыходам сезону садзіцца на веласіпед (падарунак сына). Жанчына жыве далекавата ад цэнтра горада, таму стараецца быць мабільнай. Але не забывае і пра хадзьбу.

Родам Галіна Міхайлаўна з поўначы Расіі. У Беларусь калісьці пераехала дачка з зяцем, якія потым забралі сюды бацькоў, купілі дом ва Уздзе. Таму вясной гаспадыні работы хапае: пасадка, паліўка, праполка агарода. Не паспееш азірнуцца–ураджай парадкаваць трэба.

А яшчэ Галіна Міхайлаўна любіць збіраць ягады, грыбы ў лесе, не забываючы пры гэтым нарваць скрыпеню, святаянніку, сунічніку, малінніку для травяной гарбаты.

Раней выпісвала “Народны доктар”, дзе шмат пра розныя зёлкі расказвалася, — тлумачыць жанчына. — З дапамогай часопіса распрацавала комплекс практыкаванняў для  пазваночніка.

Галіна Міхайлаўна ўпэўнена: займацца спортам можна ў любым узросце. Галоўнае — мець жаданне. І тады ўсё абавязкова атрымаецца.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргей ШАРАЙ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *