Ордэны Маці атрымалі дзве жыхаркі Уздзенскага раёна — zorkanews.by

Ордэны Маці атрымалі дзве жыхаркі Уздзенскага раёна

“Прыгажосць, вясна, каханне”, менавіта гэтыя паняцці адлюстроўвалі настрой вечарыны, якая ладзілася з нагоды Дня жанчын у Палацы культуры. І ад таго святочнага дзейства, што разгарнулася на сцэне, ад тых шчырых эмоцый, якімі была напоўнена зала, ад усмешак і кампліментаў, якія дарылі і прымалі жанчыны, насамрэч складвалая ўражанне: менавіта адсюль і пачынаецца сапраўдная вясна.

Пра тое, наколькі цудоўным і непаўторным бывае абуджэнне прыроды нагадалі яркія моманты на экране святочнай залы. Парадавалі ўсіх гасцей Палаца культуры сваім майстэрствам артысты. Гэта канферансье Яўгенія Крысько і Аляксандр Каханы, які таксама выступаў з вакальнымі нумарамі, і нашы тытулаваныя калектывы “Зборная субота”, “Вясёлка”, “Уздзяначка”. Горача віталі апладысментамі ўдзячная публіка Ігара Селіхава, Дзмітрыя Будніка, Караліну Прыёмка і іншых артыстаў, якіх мы любім і заўсёды з нецярпеннем чакаем, радуемся іх творчаму росту.

Шчырыя словы віншавання адрасаваў прысутным, а ў іх асобе — ўсім жанчынам раёна, старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Савіцкі. Самым запамінальным момантам стала ўручэнне ордэнаў Маці дзвюм матулям, якія выхоўваюць па пяцёра дзетак. Цяпер у нас у раёне 50 жанчын, якія маюць такую высокую дзяржаўную ўзнагароду.

На гэты раз прызнання на дзяржаўным узроўні былі ўдастоены жахарка вёскі Слабада Слабадскога сельсавета Ганна Дзмітрыеўна Дзямідчык і жыхарка пасёлка Бярозавая Пасека Хатлянскга сельсавета Юлія Анатольеўна Сакалова. Такая падзея, як яны адзначылі пасля, стала для ніх нечаканасцю, а тое, што ўрачыстасць адбывалася напярэдадні жаночага свята зрабіла яе значнай і запамінальнай.

Ксеніі, старэйшай дзяўчынцы ў сям’і Дзямідчыкаў,- 10 гадоў, меншаму Арцёму, – 2. Маме сёлета споўнілася 30 гадоў. Сама яна нарадзілася ў Мінску, у мнагадзетнай сям’і.

На Уздзеншчыну сям’я пераехала ў 2015 годзе. Муж працуе механізатарам у ААТ “Асілак”. Трымае маладая сям’я і вялікую дамашнюю гаспадарку. “А як жа іначай, жывучы ў вёсцы і маючы вялікую сям’ю? – кажа Ганна Дзямідчык, якая пра такі пераезд са сталіцы не шкадуе. – Самае галоўнае, каб дзецям добра было, каб раслі здаровенькімі і пасля ўсё ў іх добра склалася. А ў нас на месцы ёсць і дзіцячы сад, і ў школу арганізаваны падвоз. Ды і жыллё, што выдзеліла гаспадарка…”

—У мяне таксама чатыры старэйшыя браты і я заўсёды марыла, што буду мець шмат дзяцей, — прызнаецца Юлія Сакалова. – І, ведаеце, гэта нармальна. Там, дзе не адно дзіця, якое часцей песцяць, мне думаецца дзеці вырастаюць больш дысцыплінаваныя і працавітыя, яны прывучаны клапаціцца адзін пра аднаго, дзяліцца ўсім, падтрымліваць. Для мяне, напрыклад, і зараз браты і мама — самая надзейная падтрымка, а мае старэйшыя дзеці гэтак жа клапоцяцца пра меншых. Прыемна, што і на рабоце мяне разумеюць і падтрымліваюць. А калі адчуваеш гатоўнасць дапамагчы, калі бачыш такую  шчырасць з боку родных, блізкіх, сяброў, то і на ўсё, што вакол цябе, глядзіш па-іншаму.

Пагутарыўшы з такім аптымістычным чалавекам сапраўды верыш, што ўсё ў жыцці гэтай сям’i будзе добра, усе мары здзейсняцца. А пра што звычайна марыць мнагадзетная мама? Вядома ж, каб дзеці былі здаровым,выраслі, вывучыліся і знайшлі дарогу ў жыцці. У Юліі двое студэнтаў, двое школьнікаў і Тэмур-дашкольнік. Дарэчы, Юлія Анатольеўна лічыць, што імя нараджаецца разам з дзіцем: “Паглядзіш на дзіця першы раз — і ўжо ведаеш яго імя. Можа ў каго і па-іншаму, а ў мяне менавіта так”.

Вядома, у кожнай мамы — свае “рэцэпты” ва ўсім, тут не бывае аднолькавых стандартаў. Але ёсць і тое агульнае, што аб’ядноўвае ўсіх мам — любоў і пяшчота да сваіх сонейкаў. Памятаеце, як у Эдзі Агняцвет: “За словам маці ў свет пайшлі маленства, мара, мова. І мір, і мужнасць на зямлі – жыцця твайго аснова”.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *