Рана, якая не зацягваецца і праз 70 гадоў — zorkanews.by

Рана, якая не зацягваецца і праз 70 гадоў

У восем гадоў фашысцкая куля зрабіла Раісу інвалідам, пра што і сёння нагадвае страчанае вока і скалечаная рука. Зараз штогод яна праходзіць лячэнне ў ванным шпіталі ў Бараўлянах. Але смыліць на сэрцы рана ліхалецця..

Шасцігадовай дзяўчынкай сустрэла Рая Вялікую Айчынную вайну. Жылі яны ў вёсцы Муравец, што ў сямі кіламетрах ад Клімавічаў (райцэнтр у Магілёўскай вобласці). У сям’і былі тры дзяўчынкі, брацік памёр у двухгадовым узросце. У першыя месяцы акупацыі было адносна спакойна, хіба што немцы, паліцаі вымушалі мясцовых жыхароў, жанчын капаць акопы-траншэі за вёскай, мыць падлогі, сцены ў прыстасаваных пад казармы будынках.

Але настаў канец 1943 – пачатак 1944 года. Немцы адступалі. Аднойчы заехаў у вёску на “уазіку” разведчык, спытаў у настаўніцы, што жыла ў крайнім доме, ці ёсць у населеным пункце партызаны. Тая адказала: няма. Машына развярнулася, але пры выездзе з вёскі ў яе бок прагучаў выстрал з акопа, казалі, ляснік вырашыў немцаў папалохаць. Немцы паехалі, а праз некалькі хвілін з’явілася ў вёсцы група захопнікаў. Выстралам з гарматы знішчылі дом настаўніцы, у якім яна і загінула, а двух яе дзяцей, што паспелі выбегчы, дагналі разрыўныя кулі…

На ўсё жыццё запомніцца сям’і дзень 27 верасня 1943 года. Людзей папярэдзілі, што немцы адступаюць, паблізу вёскі могуць быць баявыя дзеянні. Мама Раісы з раніцы пайшла ў поле сеяць азімае жыта. Крыху пазней выправіліся да яе сёстры: старэйшая, Тамара, панесла ў вядзерцы авёс для кабылы, а меншая, Таня, — ваду для мамы. Рая, якой восем гадоў было, засталася адна дома.

— Бачу праз акно: суседзі выбягаюць з хат, хаваюцца, бягуць за вёску. Стрэлы, выбухі, — расказвае жанчына. – І я пабегла. Раптам чую: “Хальт!” Азірнулася назад, бачу — гарыць саламяная страха нашай хаты (прыгожы дом, у якім мы жылі да вайны, немцы забралі для бургамістра, а нас перасялілі ў старэнькі пустуючы). Не паспела і падумаць што далей рабіць, як прагучаў стрэл. Болю не адчула, толькі моцны штуршок у грудзі…

Куля прайшла праз грудзі, перабіла тры рабрыны і выйшла праз ніжнюю частку плечука. У беспамяцтве зрабіла яшчэ некалькі крокаў і ўпала ў кювет. Там праз некалькі гадзін убачыла яе жанчына. Перадалі маці, тая толькі вечарам змагла адшукаць дзяўчынку, якая ўжо страціла шмат крыві. На посцілцы перацягнула яе ў пусты дом у вёсцы, абклала снапамі. А раніцай зноў усім аб’явілі: пакідайце вёску, будзе бой з адступаючымі немцамі. Маці Раісы забрала дзяўчат, карову, зайшлі далей за вёску, пахаваліся ў кустах. Пайшоў дождж, параненая дзяўчынка яшчэ адну ноч правяла пад адкрытым небам, без мінімальнай медыцынскай дапамогі. За гэту ноч нашы войскі выбілі немцаў з Мураўца.

Маці спачатку на руках дачку несла, а пасля раздабылі каня і даставілі параненую ў вёску Аўтухоўку, дзе стаяў медсанбат. Знайшлі ўрача, той перавязаў дзяўчынку і параіў пераправіць малую у шпіталь у Хоцімск. Зноў нялёгкая дарога. Шпіталь размяшчаўся ў палявых умовах. Параненыя, многія без рук ці ног, з іншымі страшнымі траўмамі, ляжалі ў палатках. Два месяцы правяла Рая ў бяспамяцтве, вярталася да прытомнасці толькі ад уласнага крыку, ад болю, калі шпрыцам выкачвалі гной з касцей. А потым памылкова ці з-за адсутнасці патрэбнай ёй увялі кроў не той групы…

Пасля Новага года шпіталь перанакіравалі ў Маскву. Раісу, якая паціху пачала папраўляцца, хацелі адправіць у дзіцячы дом. Своечасова аб’явілася маці. Без цёплага адзення, у бальнічным халаціку, прыкрыўшы прасціной, перавезла яна дачушку ў другі шпіталь, у вёску Забелішы. Лячэнне мізэрнае, але галоўнае – быў дах над галавой, ложак з жалезнай сеткай. Праз месяц — зноў у дарогу, на возе ад вёскі да вёскі, ад сельсавета да сельсавета. Урэшце вярнуліся ў родныя мясціны.

Толькі праз паўгода стала Рая на ногі. Пасля ранення не стала бачыць левае вока, левую руку, якую медыкі хацелі ампутаваць, і сёння падымае з цяжкасцю. Халоднае, галоднае дзяцінства. Праз год мама прадала карову, купілі зруб дома, зімавалі ў ім, зрабіўшы столь з жэрдак і дах з саломы, а адзіным акенцам служыла адтуліна вышынёй у памер бервяна. Затое была цагляная печ, скляпок, куды бульбы на зіму насыпалі.

Адвучыўшыся чатыры гады, кінула Раіса школу, пайшла ў калгас. Разам з іншымі падлеткамі сыпала пасля праходу каня ў баразну соль, гной кідала, іншыя работы выконвала. Сезон адпрацавала на лікёра-гарэлачным заводзе. У 1955 годзе без пашпарта адправілася на заробкі на Кубань. Там, на цалінных землях, праз тры месяцы пазнаёмілася з будучым мужам Васіліем Рыгоравічам. “Мая каралева!” – так і цяпер называе ён жонку. У лютым гэтага года іх шлюбу споўнілася 63 гады. Вынікам сумеснага жыцця сталі трое дзяцей, дзевяць унукаў і шаснаццаць праўнукаў!

У Дзешчанцы Раіса Навумаўна і Васілій Рыгоравіч Аксёнавы жывуць з 1976 года.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *