Выязны прыём старшыні райвыканкама адбыўся ў аграгарадку Возера — zorkanews.by

Выязны прыём старшыні райвыканкама адбыўся ў аграгарадку Возера

Вада і зямля – гэтыя два пытанні цікавілі жыхароў аграгарадка Возера, якія завіталі да старшыні райвыканкама падчас выязнога прыёму.

Амаль дзве гадзіны доўжыўся дыялог Сяргея Канстанцінавіча ў Азерскім сельвыканкаме з жыхарамі гэтага населенага пункта. Кампетэнтныя адказы на пытанні, што непакояць заяўнікаў, давалі, дапамагаючы разабрацца ва ўсіх узнікаючых нюансах, начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Алена Грэчка, галоўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Унуковіч, начальнік УКБ Сяргей Трус, дырэктар ДРБУ-163 Вадзім Рабушка і галоўны інжынер ЖКГ Раман Бандарык.

Першая праблема, якую агучылі жыхары Возера, – зямельная. Справа ў тым, што ёсць у Возеры вуліца, якая па генеральнаму плану праходзіць праз частку прыватызаваных участкаў зямлі, выдзеленай пад асабістую падсобную гаспадарку. Людзям прапанавалі адмовіцца ад іх або прадаць дзяржаве. Аднак большасць уласнікаў, якім зямля дасталася ў спадчыну, не жадаюць прадаваць яе па кадастравым кошце, а лепш – па “рыначным”. Як патлумачыла Алена Грэчка, у свой час бацькі заяўнікаў набывалі гэту зямлю па льготнай цане (раней існавала нарматыўная і льготная цана для мясцовых жыхароў. – Заўвага аўт.). Цяпер кошт зямлі адзіны – кадастравы, гэта тое ж, што і рыначная.

– З кожным участкам будзем разбірацца індывідуальна, ніхто незаконна зямлю забіраць не будзе, – патлумачыў старшыня райвыканкама. – Але сёння паміж занятымі ўчасткамі бардак, таму неабходна навесці парадак на гэтай вуліцы.

Другая праблема – якасць вады. Яна, дарэчы,ужо агучваецца не першы раз, таму і знаходзіцца на павышаным кантролі ў органаў улады. Сяргей Савіцкі адзначыў: “Я кожны тыдзень цікаўлюся ходам работ, што праводзяцца ў гэтым накірунку. На жаль, работы па паляпшэнню якасці вады шляхам будаўніцтва станцыі абезжалезвання вядуцца не тымі тэмпамі, як хацелася б, але ў гэтым годзе ваш населены пункт будзе з якаснай пітной вадой”.

– Трэба зразумець, што вырашэнне таго ці іншага пытання, з якімі грамадзяне прыходзяць на прыёмы, гэта не хвілінная справа, і іх лёс не залежыць ад таго, што яго хочуць ці не хочуць вырашаць. У любой сітуацыі трэба разабрацца, улічваючы ўсе акалічнасці справы, не малую ролю мае і фінансавы бок, – рэзюмаваў С. Савіцкі.

Падчас прыёму была звернута ўвага, што Возера мае статус аграгарадка, а адпаведнай шыльды – няма. Старшыня райвыканкама даў даручэнне – на працягу года адпрацаваць гэта пытанне па ўсіх аграгарадках раёна, а іх не так ужо і многа.

Па ўсіх агучаных праблемах дадзены тлумачэнні і канкрэтныя даручэнні.

Таццяна МЯТЛІЦКАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *