Пасяджэнні савета ГПАП: гутаркі, сходы ў працоўных калектываў і па месцы жыхарства, дні інфармавання - zorkanews.by

Пасяджэнні савета ГПАП: гутаркі, сходы ў працоўных калектываў і па месцы жыхарства, дні інфармавання

У Хатлянскі сельвыканкам на грамадскі пункт аховы правапарадку, мы завіталі за прыемнай прычынай: па выніках работы за 2018 год ён прызнаны лепшым у раёне.

Разам са старшынёй Хатлянскага сельскага Савета Алай Пякарскай, якая і з’яўляецца старшынёй савета грамадскага пункта аховы правапарадку (ГПАП), і кіраўніком спраў сельвыканкама Людмілай Палыка (сакратар Савета) накіроўваемся ў кабінет, дзе праходзяць пасяджэнні пункта. На стэндах знаходзім інфармацыю аб рабоце пункта, кантактныя тэлефоны, памяткі з даведкай па прафілактыцы правапарушэнняў і забеспячэнні грамадскага парадку.

Пасяджэнні савета ГПАП праходзяць кожны месяц. У яго састаў ўваходзяць кіраўнікі ўстаноў і арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі сельсавета. Сюды нярэдка запрашаюцца супрацоўнікі РАУС, РАНС, пракуратуры, жыхары сельсавета з так званай групы рызыку: тыя, хто не працуе, злоўжывае спіртнымі напіткамі, сямейныя скандалісты, грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, абавязаныя асобы, бацькі, дзеці якіх знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

— Наша мэта не пакараць, а дапамагчы, — гаворыць Ала Пякарская. — Мы дапамагаем з працаўладкаваннем, кадзіроўкай, стараемся вырашыць іншыя праблемныя моманты. Толькі нашага жадання мала, павінна яно быць і ў чалавека, якому працягваюць руку дапамогі. На жаль, часта чуем у адказ: “Я за капейкі рабіць не буду”, “Чаго вы да мяне прычапіліся”, “Іншых вучыце, а мяне не трэба”. Людзі, якія нідзе не працуюць, любяць прапусціць чарку, лягчэй бяруцца за разавыя работы: абкасіць, перакапаць агарод, спілаваць дрэва, дровы пакалоць, іншае. Атрымаўшы грошы, ідуць у магазін за гарэлкай. У мінулым годзе па ініцыятыве савета ГПАП і РАУС у лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіраваны 5 чалавек, 4 чалавекі асуджаны за ўчыненыя правапарушэнні.

— Летась на пасяджэнне савета запрашаліся 50 чалавек з групы рызыкі, — расказвае Людміла Палыка. — Практыкуем і выяздныя пасяджэнні: пабывалі на МТФ “Плітніца”, “Чырвоная горка”, “Новы шлях”, на ўчастку жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Часта на іх прысутнічаюць супрацоўнікі сілавых структур раёна, спецыялісты сельгапрадпрыемства, што дазваляе значна палепшыць эфектыўнасць прафілактычнай работы.

Гутаркі, сходы ў працоўных калектываў і па месцы жыхарства, дні інфармавання – усюды члены грамадскага пункта аховы правапарадку звяртаюць увагу вяскоўцаў на пытанні занятасці, выканання працоўнай дысцыпліны, прафілактыкі сямейна-бытавых канфліктаў, выкараненне п’янства, належнае выкананне бацькоўскіх абавязкаў. Дарэчы, члены савета ГПАП рэгулярна праводзяць абследаванні адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян, сем’і, дзе выхоўваюцца непаўналетнія дзеці, і тых, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі. Такая работа дзейсная. Людзі пачынаюць працаваць, кадзіруюцца, абстаноўка ў сям’ях наладжваецца, колькасць супрацьпраўных дзеянняў і парушэнняў зніжаецца. Але яшчэ ёсць над чым працаваць. Члены савета ГПАП шукаюць новыя спосабы і метады работы з грамадзянамі.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота аўтара

Это интересно