Глядзець на навакольны свет праз аб’ектыў фотакамеры разам з прафесіяналам — zorkanews.by

Глядзець на навакольны свет праз аб’ектыў фотакамеры разам з прафесіяналам

Глядзець на навакольны свет праз аб’ектыў фотакамеры і бачыць у гэтым прыгажосць – такое не кожнаму дадзена. Сяргей Цярэшчанка ўмела спалучае карыснае з прыемным.

Як і многія маладыя людзі, фатаграфіяй Сяргей Цярэшчанка з дзяцінства сур’ёзна не займаўся – так, рабіў аматарскія фотаздымкі з тэлефона, прасцейшыя фота з прасцейшых апаратаў. У пачатку дзевяностых гадоў пераехаў ён з бацькамі ў наш горад з Хойнікаў. Скончыў школу, атрымаў прафесію вадзіцеля-слесара ў нашым ліцэі, а пасля – механіка ў Мар’інагорскім аграрна-тэхнічным каледжы. Ды зразумеў неўзабаве, што не яго гэта справа, тым больш, што і прывабных прапаноў на працаўладкаванне не было.

Давялося звярнуцца па дапамогу ў службу занятасці. А там якраз набіралі групу для навучання па спецыяльнасці “Аператар ЭВМ з уменнем вёрсткі, дызайну”. Пазнаёміўшыся са спецыфікай будучай работы, адчуў: тут можна будзе не толькі аднастайную тэхнічную-механічную справу выконваць, але і індывідуальныя здольнасці, творчасць праявіць. А пасля завяршэння курсаў і цікавую вакансію знайшоў – фотамайстра ў камбінаце бытавога абслугоўвання.

Першыя рабочыя будні не расчаравалі. Гэта толькі чалавек недасведчаны стане сцвярджаць, што ў рабоце фатографа ў атэлье асаблівай фантазіі і пры жаданні не праявіш: усадзіў наведвальніка на крэсла, накіраваў належным чынам святло лямпы, пстрыкнуў фотакамерай і – калі ласка, забірайце сваё фота, 3х4 ці 5х6 сантыметраў, для пашпарта ці іншага дакумента. Але і першы непасрэдны настаўнік і дарадца Сяргея , фатограф са стажам работы ў некалькі дзесяцігоддзяў Валянціна Сарнова, з якой і сёння працуе побач, і стасункі з калегамі праз сацыяльныя сеткі пераканалі: іх занятак усё ж больш творчы. Нават пры захаванні некалькіх стандартаў пры вырабе фотаздымкаў для дакументаў прафесіянал здолее і з нефотагенічнага твару зрабіць прывабны адбітак.

За змену да нас прыходіць у сярэднім па дзесяць наведвальнікаў, калі пяць, калі – і дваццаць пяць, — расказвае Сяргей. – У кожнага свой характар, свае патрабаванні. Акрамя традыцыйных фота для дакументаў мы вырабляем і аматарскія, сямейныя здымкі ў нашай студыі. І тут магчымасцей для творчасці больш чым дастаткова. Умелы майстар параіць як прысесці, куды твар павярнуць, як з ценямі разабрацца, скрыць пэўны фізічны недахоп на твары. Асаблівае задавальненне атрымліваеш ад работы з дзецьмі. Іх непасрэдныя тварыкі так часта мяняюць міміку, часам і без каманды прапаноўваюць нечаканыя ракурсы, галоўнае – своечасова іх улавіць і зафіксаваць, бо падобнае можа і не паўтарыцца.

І асобныя грамадзяне, і арганізацыі заказваюць калажы, рэкламныя банеры, каляндарыкі, візітоўкі. Тут таксама неабмежаваныя магчымасці для індывідуальнай творчасці. Больш работы патрабуе раздрукоўка зробленых кліентам фотаздымкаў. Для таго, каб “карцінка” з тэлефона ці планшэта сапраўды мела пэўную каштоўнасць, хаця б і для сямейнага фотаальбома, неабходна прыкласці шмат намаганняў. Парады фатографам-аматарам дапамогуць ім у будучым пазбегнуць элементарных памылак.

У вольны ад непасрэдных прафесійных абавязкаў час С. Цярэшчанка ўдасканальвае свае навыкі ў мастацкіх фотаздымках – спрабуе свае сілы ў занатаванні для гісторыі сям’і, працоўнага калектыву адметных падзей (юбілей, вяселле, наваселле, нараджэнне дзіцяці, іншае). Знаходзіць час і для заняткаў спортам, велапрагулак.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *