За «дызайнерскi» наркотык даюць ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі — zorkanews.by

За «дызайнерскi» наркотык даюць ад двух да пяці гадоў пазбаўлення волі

Людзі, якія слаба звязаныя з тэмай наркотыкаў ці наогул з ёй не звязаныя, паняцця не маюць, што такое “флака”, “хуткасць”. Аднак як толькі гучаць другія назвы гэтага рэчыва (“соль”, “спайс”), многія разумеюць, пра што ідзе гаворка. Вось і жыхар райцэнтра Васілій Уладзіміравіч, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю, папрасіў патлумачыць, што гэта за такі “модны” наркотык.

Адказаць на гэтае пытанне папрасілі старшага следчага райаддзела Следчага камітэта маёра бстыцыі Веру РУСЕЦКУЮ і начальніка райаддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз маёра юстыцыі Івана КАРАЧУНА.

–Гэта “дызайнерскі” наркотык, асабліва папулярны ў Магілёўскай вобласці, – адзначае Іван Карачун. – Аналіз вынікаў медыцынскіх судова-хімічных экспертыз, праведзеных летась калегамі-экспертамі з Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, сведчыць аб росце там такога псіхатропнага рэчыва як альфа PVP. Альфа-PVP з’яўляецца прадстаўніком адной з найбольш распаўсюджаных груп дызайнерскіх наркотыкаў, вонкава белыя крышталікі гэтых рэчываў, вырабленых прамысловым спосабам, нагадваюць павараную соль, таму на рынку, з мэтай канспірацыі, дадзеныя рэчывы часта прадстаўлены пад назвай “солі для ваннаў”, ці проста “солі”.

“Дызайнерскія” наркотыкі – псіхатропныя прэпараты, якія ствараюцца на аснове вядомых наркатычных сродкаў шляхам сінтэзавання, замены або дадання новых кампанентаў. Такія рэчывы вырабляюць для атрымання ўзмоцненага эфекту, а таксама з мэтай абыходу дзеючага заканадаўства. Наркотык рэалізуецца не толькі на чорным рынку, але і легальна, пад выглядам курыльных сумесяў, харчовых дабавак, спартыўнага харчавання і г. д.

– Не сакрэт, што вопыт зносін з наркотыкамі заканчваецца плачэўна. Для тых, хто вырашыў аднойчы праверыць на сабе дзеянне альфа-PVP, павінен разумець: нават аднаразовы прыём гэтага рэчыва прыводзіць да развіцця парушэнняў розных псіхічных функцый – памяці, увагі, успрымання, мыслення, акрамя гэтага, узнікае нырачная недастатковасць, інфаркт міякарда, арытмія, міякардыт, ацёк мозгу, інсульт. Названыя наркатычныя рэчывы выклікаюць вельмі хуткае прывыканне, – канстатуе Вера Русецкая. – Дзякуючы сетцы Інтэрнэт, абарот дызайнерскіх наркотыкаў набыў глабальныя маштабы. Штогод на рынак паступаюць дзясяткі новых наркатычных і псіхатропных рэчываў, якія валодаюць псіхатропным дзеяннем і цягнуць непрадказальныя наступствы на арганізм чалавека.

Акрамя непапраўнай шкоды здароўю “солі” нясуць у сабе і іншую небяспеку – набываючы некалькі міліграмаў псіхатропнай субстанцыі, упакаванай у прыгожы пакецік, чалавек уступае ў канфлікт з заканадаўствам.

У адпаведнасці з ч. 1 арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, незаконныя без мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыццё, захоўванне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў – караецца абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў.

– Маладым людзям, якія толькі збіраюцца паспрабаваць на сабе дзеянне якога-небудзь “моднага” псіхастымулятара, трэба прымаць пад увагу такую акалічнасць, што на падставе пастаноў следчых органаў праводзяцца медыцынскія хімічныя экспертызы, па выніках якіх вызначаецца наяўнасць у арганізме чалавека любога, самага сучаснага псіхатропныя рэчывы, нават па заканчэнні працяглага часу пасля яго ўжывання, – дадае Іван Карачун.

Таму перш чым набраць нумар тэлефона з рэкламнай прапановы аб продажы соляў для ваннаў альбо прыняць ад “добразычліўца” ўпакоўку з адпаведным змесцівам, усім жадаючым пазабавіцца неабходна добра падумаць – ці варта гэта рабіць?

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *