Міжрэгіянальная сустрэча “Не старэюць душой ветэраны”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў - zorkanews.by

Міжрэгіянальная сустрэча “Не старэюць душой ветэраны”, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

Шмат розных мерапрыемстваў праходзіць у нашым Палацы культуры. Маштабных і камерных, для моладзі і людзей са стажам, забаўляльных і павучальных… Сваю аўдыторыю мела і гэта, якое ладзілася ў сярэдзіне сакавіка. І ад таго, што сабраліся на яго аднадумцы, якіх аб’ядноўваюць актыўная жыццёвая пазіцыя і агульныя захапленні, адданасць Радзіме і павага да яе гісторыі.

Міжрэгіянальная сустрэча “Не старэюць душой ветэраны” была прысвечана 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Арганізатарамі яго выступілі раённыя саветы ветэранаў і аддзяленні дзённага прабывання для пажылых людзей Уздзенскага і Стаўбцоўскага раёнаў, наша раённая бібліятэка і Дом культуры.

Са словамі прывітання і ўдзячнасці ветэранам вайны і працы звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Федчанка. Старшыні ветэранскіх арганізацый Т. Лычкоўская і Н. Лапко пазнаёмілі з дзейнасцю сваіх грамадскіх фарміраванняў.

Праз шчырую песню, дасціпнае слова, выкананыя па-мастацку і шчыра, калектыў “Родны кут”, які дзейнічае ў стаўбцоўскім аддзяленні дзённага прабывання для пажылых, была ўшанавана памяць тых людзей, якія падаравалі нам мір і шчасце. А тон гэтай творчай размове задаў жыхар райцэнтра, малалетні вязень Іван Ермалаевіч Любчанка, які выканаў папуры ваенных песень, а мелодыю “Дня Перамогі”  падхапілі ўсе прысутныя.

“Мы все войны шальные дети, и генерал, и рядовой. Опять весна на белом свете …” Колькі такіх  прыгожых знаёмых мелодый прагучала ў той дзень!  Песня, якая з першага дня вайны стала ў салдацкі строй і прайшла яе задымленымі дарогамі да пераможнага канца, дапамагала людзям  выстаяць і перамагчы. Таму і не выпадкова, што і праз дзясяткі гадоў гэтыя мелодыі так хвалююць нашы сэрцы.

Наступальная аперацыя па вызваленні Беларусі была адной з самых масавых за ўсю сусветную гісторыю. Супраціўленне ворагу аб’яднала народ. Ад вызвалення першага населенага пункта Камарына да апошняга – Брэста, прайшоў год. А гэта сотні загінулых, дзясяткі знішчаных гарадоў і вёсак, жахі акупацыйнага рэжыму. Няма ў Беларусі ні воднага населенага пункта, дзе не было б манумента, стэлы, абеліска ці помніка загінулым салдатам, як і няма ні адной сям’і, якую б не закранула ваеннае ліхалецце. 29 вёсак і хутароў было спалена фашыстамі на стаўбцоўскай зямлі, і толькі 15 з іх былі адноўлены. 18 вёсак знішчаны нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Уздзеншчыне. Лёс Хатыні паўтарылі нашы Рудкова, Старына, Астравок,  паўстаў з попелу толькі Астравок. У барацьбе з нямецкімі захопнікамі загінулі больш як шэсць тысяч нашых землякоў, каля трох тысяч жыхароў нашага раёна ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Хвілiнай маўчання была ўшанавана памяць загінуўшых на вайне.

“Нам не помніць аб гэтым нельга” – літаратурна-музычная кампазіцыя,  якую  прадставіла бібліятэкар Ганна Аўсеенка, узбагаціла мерапрыемства гістарычнымі датамі і лічбамі, на фоне якіх 75-годдзе з дня вызвалення Беларусі вызначалася асаблівай яркасцю.

І зноў песні: патрыятычныя, лірычныя, народныя і жартоўныя. Шчырыя  прызнаннi ў любові да паэтычнай зямлі уздзенскай, якая падарыла радзіме шмат слынных імён, пачулі уздзенцы ад таленавітых суседзяў, якія інакш чым нашымі землякамі сябе і не называлі. Аб’ядноўвае нас не толькі бацька-Нёман, а і адна агульная перамога над ворагам, дзе, як і ў вядомай песні, “за ценой не постоим”. Прадоўжылася сустрэча за круглым сталом, дзе таксама знайшла працяг і агульная размова. І агульная мелодыя. І як належыць сябрам, на развітанне кожны з іх пачуў:”Да новых сустрэч!”

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Это интересно