Чарговая абарона званняў “народных” і “ўзорных” адбылася для творчых калектываў Уздзеншчыны 23 сакавіка — zorkanews.by

Чарговая абарона званняў “народных” і “ўзорных” адбылася для творчых калектываў Уздзеншчыны 23 сакавіка

Культурны арсенал нашага раёна здольны ўразіць нават самага патрабавальнага мастацкага гурмана. Песні, танцы, добры гумар  і нават вырабы з саломы… А сярод выканаўцаў –  “тытулаваныя”: узорны духавы аркестр і ўзорны ансамбль танца “Вясёлка” дзіцячай школы мастацтваў, народны хор ветэранаў “Надзея”, народны ансамбль народнай песні “Зборная субота”, народны вакольна-інструментальны ансамбль “DIAS”, народны клуб майстроў “Сузор’е”, народны ансамбль народнай песні “Прасніца”, народны ансамбль інструментальнай музыкі “REDO”, студыя “Скарбніца” і iншыя.

Культработнікі перакананы: ганаровае званне “народнага” і “ўзорнага” неабходна не толькі заслужыць, але і дастойна яго насіць, адпавядаючы высокаму тытулу ў мастацтве. А таксама ў пэўны тэрмін абараняць званні перад камісіяй. Чарговая абарона адбылася сёлета, 23 сакавіка.

Пяць уздзенскіх калектываў – танцавальны калектыў “Вясёлка” (мастацкі кіраўнік Наталля Бацішчава), хор ветэранаў (Лідзія Грэсь), ансамблі “DIAS”, “RE-DO”, “Прасніца” (Алег Гусараў) – падчас агляду-конкурсу дэманстравалі свае дасягненні. Дастойныя выступленні артыстаў уразілі прадстаўнікоў абласнога цэнтра народнай творчасці, якія ўвайшлі ў склад камісіі, што праводзіла конкурс абароны званняў на Міншчыне. Усе пералічаныя калектывы атрымалі права і надалей насіць ганаровыя званні.

Падчас абароны званняў выступалі салісты раённага Дома культуры Вольга Тоўстая і Вольга Кашча. Вылучыць таленавітых выканаўцаў для выступленняў на абласных урачыстасцях — таксама справа неабходная. На суд журы былі прадстаўлены і шэсць танцавальных нумароў харэаграфічнага калектыву “Уздзяначка” РДК (мастацкі кіраўнік – Таццяна Смоляк). Журы высока ацаніла магчымасці калектыву, восенню “Уздзяначку” чакае паўторнае праслухоўванне. Спадзяемся, у нашым раёне будзе чарговае папаўненне. І гэта радуе!

…Больш як дзве гадзіны доўжыўся творчы агляд. Усе, хто знаходзіўся ў глядзельнай зале, а гэта пераважна родзічы і блізкія артыстаў, апладысментамі падтрымлівалі кожнае выступленне. Трэба было бачыць, як за сваіх танцораў хваляваліся бацькі: маўляў, не падвядзі выкладчыка, бо гэта сумесны экзамен. Ды і самі канкурсанты падбадзёрвалі адзін аднаго. Не ведаю, як хто, але я ў захапленні ад мясцовых артыстаў, якія ўмеюць і пажартаваць, і песню шчыра заспяваць, і танцам настрой узняць.

Вера ЛУКАШЭВІЧ
Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *