zorkanews.by

Новости Узденского района

Выяўлены факты выкарыстання беспадстаўнага пасрэдніцтва пры закупцы будматэрыялаў у гаспадарках Мінскай вобласці

Салігорскім міжраённым камітэтам дзяржаўнага кантролю выяўлены шэраг парушэнняў заканадаўства, факты выкарыстання беспадстаўнага пасрэдніцтва пры закупцы будматэрыялаў для ўзвядзення сянажна-сіласных траншэй у гаспадарках Мінскай вобласці. Для гэтых мэт былі патрачаны звыш 1.200 тысяч рублёў бюджэтных грошай.

У ланцужок рэалізацыі ў 2017-2018 гадах будаўнічых матэрыялаў паміж вытворцам (Слуцкае прадпрыемства з дзяржаўнай формай уласнасці) і спажыўцамі (сельгаспрадпрыемствы) былі пастаўлены камерцыйныя структуры. Пры гэтым роля пасрэдніка заключалася толькі ў афармленні адпаведных бухгалтарскіх дакументаў па “транзіце” будматэрыялаў. Фактычна ж яны адгружаліся са склада вытворцы непасрэдна на адрас сельгасарганізацый. Камерцыйная структура, фактычна не маючы ніякіх расходаў, акрамя як за афармленне дакументаў, дабаўляла да кошту прадукцыі чатырохпрацэнтную гандлёвую надбаўку, якая асядала на яе банкаўскіх рахунках. Ад такога бізнесу заробак прыватнай структуры за непрацяглы час склаў каля 50 тысяч рублёў. На такую ж суму адбылося падаражанне будматэрыялаў для сельскай гаспадаркі. Такім механізмам былі ахоплены 26 сельгаспрадпрыемстваў у 7 раёнах Мінскай вобласці.

Нашы спецыялісты таксама звярнулі ўвагу на даволі спрыяльныя ўмовы закупкі будматэрыялаў – 100 працэнтаў папярэдняй аплаты. Але нават нягледзячы на гэта, пастаўшчык нядобрасумленна выконваў свае абавязкі: па дакументах, падпісаных і прадстаўнікамі гаспадарак, пастаўка ажыццяўлялася ва ўстаноўлены бюджэтным заканадаўствам пяцідзённы тэрмін, а на самой справе ў большасці выпадкаў гэты тэрмін парушаўся.

Аднак схаваць наўмысна дапушчаныя парушэнні бюджэтнага заканадаўства не ўдалося. У адносінах да віноўных асоб узбуджана крымінальная справа па фактах злоўжывання ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, звязаным з нанясеннем страт бюджэту ў асабліва буйным памеры. Работнікамі камітэта дзяржкантролю прымаюцца неабходныя меры па накладанні на віноўных штрафных санкцый, вяртанні ў бюджэт грашовых сродкаў.

Дзмітрый АХРЭМ, старшыня Салігорскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю