Месца працы-галоўная прычына застацца ў аграгарадку Слабада — zorkanews.by

Месца працы-галоўная прычына застацца ў аграгарадку Слабада

Добраўпарадкаваны сельскі населены пункт з развітай інфраструктурай – добрая альтэрнатыва гораду.

З якой мэтай у Беларусі ўзводзіліся аграгарадкі? Каб жыццё вяскоўцаў не саступала па камфорту гарадскому, каб у людзей была матывацыя жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. Ствараюцца яны не па сярод поля, а ў адміністрацыйных цэнтрах сельскіх Саветаў, на цэнтральных сядзібах сельгаспрадпрыемстваў, дзе дастаткова высокая колькасць насельніцтва, ёсць розныя ўстановы і арганізацыі. Такая схема дазваляе аптымізаваць рассяленне людзей, забяспечыць больш высокі ўзровень жыцця месцічаў, скарачае радыус абслугоўвання ўстановамі і арганізацыямі сацыяльнай інфраструктуры, стварае аснову для паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі.

Аграгарадок Слабада ў нашым раёне – сучасны добраўпарадкаваны пасёлак, у які едуць маладыя спецыялісты, жывуць і працуюць на роднай зямельцы маладыя сем’і.

Старонка гістарычная

Вядома, што ў XIV стагоддзі мястэчка належыла князям Алелькавічам і ўваходзіла ў склад Слуцкага княства Вялікага княства Літоўскага. У розныя часы ім валодалі Радзівілы і Ёдкі. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе населены пункт увайшоў у састаў Расійскай імперыі.

У дакументах XIX – пачатку XX стагоддзяў паселішча згадваецца пад назвай Слабада-Пырашаўская або Слабада-Пырашава, цэнтр Слабада-Пырашаўскай воласці Ігуменскага павета. З 1873 года ў мястэчку працуе народнае вучылішча, якое ўтрымліваецца на сродкі мясцовай грамады і дзяржаўнага казначэйства. Тут існавала праваслаўная царква, бытавалі дрэваапрацоўчыя, ткацкія, колавыя і іншыя промыслы.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі адбыліся змены і ў жыцці населенага пункта. Народнае вучылішча ператварылася ў працоўную школу першай ступені, у якой працавалі два настаўнікі. Палепшылася медыцынскае абслугоўванне – у вёсцы дзейнічаў фельчарска-акушэрскі пункт, які, па звестках кнігі “Памяць”, у 40-я гады становіцца ўрачэбнай амбулаторыяй. У 1933 годзе ў Слабадзе створаны калгас “Полымя”, кузня.

Вялікая Айчынная вайна перакрэсліла мірнае жыццё вяскоўцаў, многія з якіх пайшлі на фронт, але дамоў не вярнуліся. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і землякам, якія загінулі, абараняючы Радзіму, — напамін нашчадкам пра гераічнае мінулае.

З пераможным маем пачаўся новы віток у гісторыі Слабады. Сямімільнымі крокамі адраджаецца сельгаспрадпрыемства, якое некалькі разоў мяняла назву: “Полымя”, “Новы быт”, “Звязда”, “Асілак”. Не раз яго работнікі атрымліваюць дзяржаўныя ўзнагароды: ордэн Кастрычнікай рэвалюцыі — старшыня калгаса Аляксандр Іосіфавіч Бондар, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – вадзіцель Віктар Іосіфавіч Козіч, механізатары Аляксандр Дзянісавіч Орсік і Уладзімір Міхайлавіч Паграбіцкі, брыгадзір Анатолій Мікалаевіч Паўловіч, аператар машыннага даення Сцепаніда Яфімаўна Пратасевіч, ордэн “Знак Пашаны” – калгасніца Антаніна Васільеўна Казючыц, аператар машыннага даення Ганна Мікалаеўна Лукашэвіч, іншыя.

Да 1954 года Слабада застаецца цэнтрам сельсавета (гэты статус населены пункт атрымаў зноў 1 ліпеня 2013 года шляхам аб’яднання Камянкоўскага і Лашанскага сельскіх Саветаў). У тыя гады ў вёсцы дзейнічалі рамонтна-механічныя майстэрні, млын, лясніцтва, ветэрынарны ўчастак, лазня, базавая школа, філіял Беларусбанка, два магазіны, клуб, бібліятэка, дзіцячы сад, ФАП. На жаль, некаторыя ўстановы і арганізацыі спынілі сваю дзейнасць…

Слабада сучасная

Аграгарадок сустрэў пустымі вуліцамі, якіх, дарэчы, пяць: Цэнтральная, Школьная, Зарэчная, Маладзёжная, Юбілейная. Ціха тут: дзеці — ў школе ці дзіцячым садзе, дарослыя – на рабоце. Толькі рэдка які чалпвек прагуляецца да суседа або на ФАП.

— Вы не думайце, гэта толькі ў будні так спакойна, а на выхадныя, асабліва дачны сезон, жыццё тут кіпіць, — пачынае размову кіраўнік спраў Слабадскога сельвыканкама Расмутэ Картэль. — Сёння пастаянна жывуць у аграгарадку 268 чалавек, з якіх 47 дзяцей, 159 чалавек працаздольнага ўзросту.

Кіраўнік справамі сельвыканкама Расмутэ Карцель

— У 2009 годзе Слабада атрымала статус аграгарадка. Скептыкі сцвярджалі, што падобны статус з’яўляецца толькі намінальна, асаблівых змен у жыцці людзей не дасць, — працягвае стараста населенага пункта, дэпутат па Цэнтральнай вуліцы Уладзімір Паўловіч. — Гэта не так. Паглядзіце вакол: дарогі заасфальтаваныя, парадак наведзены і на могілках, і на тэрыторыі. У многім гэта дзякуючы старшыні сельскага Савета Таццяне Пракацень, якую месцічы называюць “Наша Паўлаўна”. І самі жыхары ствараюць прыгажосць на прысядзібных участках. Сустракаюцца, праўда, і нядбайныя грамадзяне, але пагутарыш з імі — і чысцiню забяспечаць. На вуліцах Школьнай, Цэнтральнай, Зарэчнай жывуць пераважна людзі сталага ўзросту, якім складана навесці парадак самастойна. Дзеці не заўсёды могуць прыехаць – дапамагаем. Была ў нас праблема з транспартам (маршрутка на сталіцу не заходзіла ў аграгарадок), але дзякуючы дапамозе старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Савіцкага яе больш не існуе.

Уладзімір Паўловіч

Зразумела, работа праведзена немалая. Галоўнае, што вымушае людзей прыняць рашэнне на карысць пастаяннага пражывання ў аграгарадку, – месца працы. Калі работы няма, чалавека ніякі камфорт не ўтрымае… У Слабадзе ёсць дзе працаваць: лясніцтва, ФАП, дзіцячы сад, бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі. Тут знаходзіцца адна з развітых гаспадарак раёна – ААТ “Асілак”, доўгі час якую ўзначальвае Валерый Майсюк. Чалавек рэдкай працавітасці, моцная натура, ён з тых людзей, хто не гоніцца за славай, а больш думае пра агульную справу, таму і едзе сюды моладзь працаваць.

— У гаспадарцы я з 2008 года. Домік атрымаў, чацвёра дзетак падрастае, — расказвае малады механізатар Уладзімір Лабковіч. — Работы хапае, асабліва, калі пачынаецца пара важнейшых сельгаскампаній. Цяжка, але мне гэта падабаецца. Выедзеш на досвітку ў поле, цішыня вакол, паветра, здаецца звініць. Завядзеш матор і паехаў араць, сеяць. Не магу гэта прамяняць на гарадскую мітусню. Ды і дзецям тут добра. Мясціны ў нас прыгожыя.

Механізатар ААТ «Асілак» Уладзімір Лабковіч

— А вы летам прыязджайце да нас па грыбы, ягады – наш лес багаты на іх. Аматары рыбнай лоўлі могуць налавіць карася, акуня, плотак на юшку на возеры за аколіцай, — паведаміла Вольга Лятун, якую мы сустрэлі каля ФАПа. — 22 гады таму я прыехала сюды ўслед за мужам са Старых Маргоў. Працую памочнікам выхавацеля ў дзіцячым садзе. Трымаю невялікую гаспадарку: свінні, куры, сабака ды кот. Раней былі яшчэ гусі, індакачкі. Цяпер у вёсцы мала хто трымае жывёлу, а раней амаль у кожным доме было па дзве каровы. Тры статкі па сто кароў выганялі ў поле. А цяпер дзе-нідзе засталіся на падворках свінні ды авечкі, трусы. Пенсіянеры трымаць ужо не могуць, а моладзь не хоча.

Вольга Лятун

Пакуль гутарылі з Вольгай Леанідаўнай, дайшлі да медыцынскай установы, дзе нас сустрэла яе загадчыца Наталля Дубовік.

— Я прыехала сюды на работу 11 сакавіка 1979 года. на ўчастку жыло каля 900 чалавек, палова з якіх са Слабады, — гаворыць
Наталля Дубовік. — Весела было, моладзі многа. Спецыялісты прыязджалі на работу і заставаліся – гаспадарка была сярод лідараў. Тут мае дачушкі нарадзіліся, цяпер унукі ў госці прыязджаюць. Сямёра іх у нас з мужам…

Ахоўніца здароўя месцічаў Наталля Дубовік

Прагульваемся па аграгарадку. Дагледжаныя дамы з новай агароджай. Руплівыя гаспадары наводзяць на падворках парадак пасля зімы: падграбаюць, вымятаюць, абразаюць галллё на яблынях, высякаюць кустоўе. Мужчыны абмяркоўваюць апошнія навіны, жанчыны дзяляцца сакрэтамі пасадкі расады памідораў і перцаў. Размеранае вясковае жыццё

Загадчыца бібліятэкі Наталля Лабковіч

— Людзі тут добрыя, гасцінныя, ветлівыя, — ахарактызавала месцічаў бібліятэкар Наталля Лабковіч. — А колькі таленавітых людзей адсюль родам! Сярод іх беларускі дзяржаўны і палітычны дзеяч, загадчык аддзела ЦК КП (б) па працы з насельніцтвам, рэдактар газеты “Савецкая Беларусь”, заснавальнік і рэдактар газеты “Белорусская деревня” Сцяпан Герасімавіч Булат, памяці якога прысвяцілі вершы Я. Купала, М. Чарот, З. Бядуля; заслужаны настаўнік БССР Леаніда Антонаўна Язвінская, удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, якая працавала настаўніцай, потым завучам у беларускай школе, школе-інтэрнаце, метадыстам раёна; доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Васіль Іванавіч Бернік, які неаднаразова ўдзельнічаў у навуковых канферэнцыях у краінах Заходняй Еўропы, быў галоўным рэдактарам “Матэматычнай энцыклапедыі”. Люблю я сваю вёсачку. Тут жывуць мае бацькі, родзічы, знаёмыя. Дзе б ні была, цягнуць дамоў родныя мясціны. Толькі ў Слабадзе я адчуваю сябе па-сапраўднаму шчаслівай.

Завіталі да бацькоў нашай суразмоўцы. Гаспадыню, Валянціну Лятун, сустрэлі на падворку.

завіхаецца па гаспадарцы Валянціна Лятун

— Мы з Міхаілам Іосіфавічам яшчэ свіней, курэй трымаем. Рукі баляць, здароўе падводзіць, — расказвае жанчына. — Я ж доўгі час працавала на ферме, кароў тады ўручную даілі. Цяжка было. Потым пайшла на свінаферму, у брыгаду. Нават на пенсіі гадоў шэсць хадзіла церабіць буракі. Дзед бурчаў, а я не магла ўсядзець дома. Народу раней было шмат, школа, клуб працавалі. А цяпер што…

Са шкадаваннем гаварыла жанчына пра закрыццё гэтых устаноў: моладзь ёсць, а месца, дзе можна было б правесці вольны час, няма. Непакоіць вяскоўцаў і работа магазіна райспажыўтаварыста, дакладней, адсутнасць асартыменту ў ім.

—Вёска вялікая, а магазін — адна шыльда, — абураецца жанчына. — Хіба так павінна быць…

— Я не раз думаў пра нашы праблемы. Іх выпраўленне, магчыма, дзаволіла б заахвоціць моладзь пераехаць жыць у вёску, — дадаў рыбак, паляўнічы, мастак-самавучка, майстар пляцення кошыкаў, выдатны разьбяр па дрэве, работы якога ўпрыгожваюць не толькі сталічныя кватэры, але і на Урале, у ЗША, проста добразычлівы і ветлівы гаспадар, Уладзімір Лятун. — Я пасля школы вучыўся ў Мінску, працаваў спачатку на трактарным заводзе, потым — заводзе транзістараў. Але горад не для мяне, вярнуўся на малую радзіму. Пайшоў працаваць у “Асілак”. Быў брыгадзірам, аграномам. Аднаго разу пабываў у вёсцы Вялікая Уса, дзе ўбачыў работы Пятра Глебкі. З той пары мінула больш за дваццаць гадоў. Многа работ зроблена за гэты час, і цяпер заказваюць. Не магу без работы. Колькі кошыкаў наплёў для вяскоўцаў!

Мясцовы майстар-самавучка Уладзімір Лятун

Мы яшчэ доўга размаўлялі з Уладзімірам Антонавічам, разглядалі работы, стараючыся спасцігнуць сакрэт яго майстэрста. — На жаль, старэе Слабада, — на прыканцы сустрэчы падзяліўся думкамі гаспадар. — Моладзь рвецца ў горад. Ім здаецца, што там – рай. Аднак многія, пажыўшы некаторы час там, стаміўшыся ад мітусні, вяртаюцца дамоў. Я лічу, што, калі чалавек талковы, не п’е, з адукацыяй, ён знойдзе чым заняцца дзе б ні быў. У аграгарадку створаны ўмовы для нармальнага жыцця. Ёсць транспартныя зносіны з райцэнтрам, сталіцай, інфраструктура, гаспадарка выдзяляе жыллё. Хацелася б, каб у Слабадзе стваралася больш маладых сем’яў, бо гэта гарантыя таго, што будуць нараджацца дзеці. А гэта наша будучае…

Наталля КЛІМОВІЧ
Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *