Для вучняў 1-11 класаў гімназіі прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад назвай “Мая маленькая радзіма – мая родная зямля!” — zorkanews.by

Для вучняў 1-11 класаў гімназіі прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры пад назвай “Мая маленькая радзіма – мая родная зямля!”

“Мая маленькая радзіма – мая родная зямля!” Пад такой назвай для вучняў 1-11 класаў гімназіі прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, які быў даволі насычаным на розныя знакавыя мерапрыемствы і сустрэчы.

Працавала творчая лабараторыя “Мне пашчасціла тут нарадзіцца” (конкурс на лепшы малюнак і калаж). Пераможцамі сталі Аліна Савіцкая, Юлія Рамановіч, Архіп Сізоў, Анастасія Трус, Павел Жук (вучні 5 “В” класа), Венера Чамбурыдзэ (5 “Б” клас, Сафія Красоўская, Дар’я Талько (вучаніцы 7 “Б” класа).

Вучні пачатковых класаў прынялі актыўны ўдзел у гульні-віктарыне “Беларусь – мая краіна” і здзейснілі падарожжа ў краіну беларускіх казак.

Для гімназістаў сярэдняга і старэйшага ўзросту тыдзень быў напоўнены рознымі інтэрактыўнымі гульнямі Вучні праявілі эрудыцыю, даведаліся шмат новага, адчулі смак роднай мовы. Лепшымі знаўцамі роднага слова прызнаны Мікалай Санжарэнка (5 “В”), Аляксандра Саламонава, Захар Пінчук (5 “А”), Марыя Пагоня (6 “Б”), Арына Александровіч, Арцём Ліннік (8 “Б”), Яна Шавель (9 “Б”). 

Гасцінна прыняў нашых вучняў школьны літаратурны музей Кандрата Крапівы ў СШ № 2. Вялікі дзякуй кіраўніку і экскурсаводам за цікавую і змястоўную экскурсію.

Шмат эмоцый падарала літаратурна-музычная гасцёўня “Там, дзе Нёман льецца срэбнаводны”. Напачатку ўсе прысутныя з цікавасцю праглядзелі відэафільм “Нёман-бацька”, затым чулліва прагучалі вершы “Пахне чабор” Петруся Броўкі, “Раманс” Максіма Багдановіча ў выкананні Таццяны Селівончык (9 “А”), Анатоля Якімовіча (10 клас). Бліскуча выканала беларускамоўную песню “Сокал” Вікторыя Пілікевіч (8 “Б” клас).

Вядучыя (сямікласніцы Аліна Лятун і Дар’я Красоўская) пазнаёмілі прысутных з літаратурнымі талентамі Уздзеншчыны. З экрана, нібы повязь пакаленняў, глядзелі мудрыя вочы нашых землякоў. А якія непаўторныя уздзенскія краявіды са спевамі салаўя можна было ўбачыць і пачуць. Сапраўды, тут спявае ўся зямля і гамоняць лугі.

Доказам гэтага з’яўляецца раённае літаратурнае аб’яднанне “Нёманец”, удзельніцай якога з’яўляецца Вольга Бокуць-Чабатарова. Творчасць яе яркая і адметная. У час сустрэчы са школьнікамі Вольга Рыгораўна ўзгадала яркія моманты свайго жыцця, прачытала верш “Дзяцінства маё” са зборніка “Малина в сентябре”. Арыгінальныя творы ўвайшлі і ў яе зборнік “Лукошко пожеланий”.

У снежні мінулага года сумесна з фотакарэспандэнтам мясцовай газеты Сяргеем Шараём выйшла кніга-фотаальбом “Мой родны край – мая любоў”. Падарыла Вольга Рыгораўна нам і сваю аўтарскую песню “Тут мае карані”. Пад гукі цымбалаў Дзяржаўнага акадэмічнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча гучалі радкі-прысвячэнні малой радзіме. Гімназісты ў бачылі прыгажосць кнігі на мультымедыйным экране.

У гімназіі настаўніцай працуе унучка вядомага кампазітара, заслужанага дзеяча культуры, Паўла Шыдлоўскага, Людміла Міхайлаўна Амельянчук. Яе бацька таксама музыкант, былы дырэктар раённай музычнай школы Міхаіл Паўлавіч Шыдлоўскі. Музычны талент у спадчыну ўзяла і Людміла Міхайлаўна. Яна выдатна іграе на розных інструментах, прыгожа спявае. Таму ў палон чароўных гукаў гітары і пранікнёных слоў песні трапілі ўсе прысутныя. Не перадаць словамі эмоцый, што перапаўнялі прысутных у зале, калі Людміла Міхайлаўна заспявала “Лірычную” на словы свайго дзядулі, а музыка належыць яе бацьку. Здаецца, абудзіліся ўсе струны душы, кожны апынуўся ў сваіх успамінах…

Ёсць юныя паэты і ў гімназіі. Вучаніца 5 “В” класа Юлія Рамановіч прачытала свае вершы-прысвячэнні “Маёй Беларусі”, “Маім настаўнікам”. Артур Бець з 5 “А” класа піша вершы гумарыстычнага характару. З задавальненнем паслухалі і яго творы: “Юны выратавальнік”, “Найлепшы сябар”. Спрабуе пісаць і шасцікласніца Аляксандра Алейнікава.

Не перарываецца сувязь пакаленняў. Звініць наднёманская ліра! Не перасохне крыніца творчасці і натхнення, калі ёсць на Уздзеншчыне такія таленты.

Алена ХВОРАСТАВА, настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённай гімназіі

Фота Дар’і МАХНАЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *