Сям’я Шымкевічаў будзе абараняць гонар раёна ў абласным конкурсе “Мнагадзетная сям’я года Міншчыны” — zorkanews.by

Сям’я Шымкевічаў будзе абараняць гонар раёна ў абласным конкурсе “Мнагадзетная сям’я года Міншчыны”

Сёлета іх сямейнаму саюзу спаўняецца 13 гадоў. Дата не круглая і, здаецца, ні чым асаблівым не вызначаецца. Аднак менавіта на красавік, месяц іх вяселля, выпала Шымкевічам абараняць гонар раёна ў абласным конкурсе на лепшую мнагадзетную сям’ю “Мнагадзетная сям’я года Міншчыны”.

І каб пераканацца ў тым, што і на гэты раз кандыдатура для ўдзелу ў конкурсе выбрана дастойная, дастаткова пабываць на вуліцы Сонечнай у вёсцы Магільна, дзе жывуць Шымкевічы. Дарэчы, і дом іх пад нумарам 13.

Дом мнагадзетнай сям’і выдзеліла мясцовая гаспадарка ААТ “Наднёман”, дзе Павел Шымкевіч працуе вядучым спецыялістам па кормавытворчасці. За час работы праявіў сябе як актыўны, ініцыятыўны спецыяліст, які адказна ставіцца да свайго ўчастка работы, за што неаднаразова меў заахвочванні і ад адміністрацыі гаспадаркі, і на раённым узроўні. Выступае ён і ў зборнай па валейболе, удзельнічае ў раённых спаборніцтвах па тэнісу.

Гэта ж прынёманская гаспадарка была калісьці і першым працоўным месцам Паўла Шымкевіча, куды ў 2004 годзе пасля заканчэння Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны ён прыехаў па размеркаванні на пасаду ветэрынарнага ўрача. Тут і сустрэў тады свой лёс.

Вера і Яна – маміны памочніцы

Не закахацца ў такую весялуху, танцорку і спявачку, як Марына Дубіцкая, проста, напэўна, нельга было. На той час дзяўчына ўжо мела спецыяльнасць повара-кандытара. І ўсе тыя таленты і здольнасці, якія былі закладзены ў яе творчай душы, пасля замужжа праявіліся яшчэ больш. Таму і для сваіх дзяцей, бацькі сталі сапраўднымі кумірамі.

Першай ў сям’і нарадзілася дзяўчынка. Сваё прыгожае імя – Вера — яна атрымала ў гонар бацькавай бабулі. Пакуль мама “сядзела” з ёй ў водпуску, асвоіла навуку бісерапляцення і “наспраўляла” цэлую калекцыю ўпрыгожванняў і дэкаратыўных вырабаў. Нараджэнне Яны дабавіла ў дом вырабаў з паперы, асабліва кветак. Сынок Ільюша, які нарадзіўся сапраўдным багатыром, таксама дабавіў энтузіязму мамінай фантазіі. Канзашы — стала яе новым захапленнем: уласнаручнымі заколкамі, банцікамі і іншымі дзявочымі штучкамі забяспечыла яна не толькі сваіх дачушак, іх сябровак і знаёмых, а і цэлую выставу аформіла. Вядома ж, кожнае з гэтых маміных хобі стала і любімым заняткам яе дачушак, здольных і да танцаў, і да песень, і да заняткаў спортам. Радуюць яны і поспехамі ў школе. Напрыклад, сямікласніца Вера па выніках удзелу ў раённай алімпіядзе па рускай мове і літаратуры ўзнагароджана граматай.

Непаседа і любімчык Ілля лепш за ўсё ладзіць з татам

Ёсць свае поспехі і дасягненні ў мамы Марыны. Свае работы яна прадстаўляла на выстаўцы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на 4-ым фестывалі талентаў “Калядная зорка” ў горадзе Узда і на раённых “Дажынках” у Каралёве. Яе ўдзел адзначаны ў шэсці Дзедаў Марозаў і Снягурак у Маладзечне. Марына Мікалаеўна, як і яе бацькі, Святлана Іосіфаўна і Мікалай Васільевіч Дубіцкія, актыўная ўдзельніца калектыву мастацкай самадзейнасці “Зарачанка” Стальбоўскага СДК. З нядаўняга часу Марына Шымкевіч працуе мастацкім кіраўніком Нёманскага СДК, дзе вядзе гурткі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і сучаснага танца.

Марына ШЫМКЕВІЧ можа працаваць і ў фармаце 3D (такую незвычайную кампазіцыю на працоўным месцы яна зрабіла з рэшткаў шпалераў) і выконваць ювелірныя работы

Жыццё сям’і Шымкевічаў разнастайнае, цікавае і насычанае. Тут і актыўны адпачынак на прыродзе, і экскурсійныя паездкі, сямейныя святы. Самыя радасныя і важныя падзеі адлюстраваны ў сямейным альбоме, насычанасць якога таксама ўражвае. Сумесная рыбалка, работа на прысядзібным участку, збор лясных ягад і грыбоў – усё ў іх толькі разам.

—І як бы не склаўся дзень, вечарам мы стараемся сабрацца разам і ў гульнёвай форме абмеркаваць, прааналізаваць, што ўдалося добра, а што магло б скласціся і па-іншаму, — расказвае гаспадыня дома. – Такія даверлівыя размовы вельмі карысныя для ўсіх. А для сям’і самае галоўнае, лічу, — давер і ўзаемапавага.

Незаменная ў гэтай сям’і падтрымка любячых бабуль і дзядуль. Працяглы час маладая сям’я жыла ў Цялякаве, у родным доме Паўла Аляксандравіча, які, дарэчы, і сам з мнагадзетнай сям’і. І там у іх было ўсё памяркоўна і хораша. Як павялічылася сям’я, дзеля жылля і пераехалі ў прынямонне, дзе абоім знайшлася работа, а для сям’і – жыллё. З маленства прывыкшы да вясковай працы, і зараз трымаюць яны свіней, курэй.

Такія заколкі і банцікі – хоць на продаж, хоць на выстаўку

А яшчэ вызначальнай рысай гэтай сям’і з’яўляецца разуменне таго, што толькі выхоўваючы ў дзецях любоў да зямлі, да бацькоўскага дому, уменне паважліва ставіцца да старэйшых, можна выхаваць дастойных людзей. На такіх простых жыццёвых ісцінах выхоўваліся некалі і яны самі, таму і не выпадкова, што такія роднасныя душы і знайшлі сябе з розных куточкаў раёна.

Ну а што датычыць абласнога конкурсу, дык ён толькі яшчэ раз пацвердзіць цэласнасць і надзейнасць гэтага моцнага сямейнага гняздзечка, дзе кожнаму ўтульна і цёпла. Тым больш – на Сонечнай.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *