Брэнды Уздзеншчыны, або развiццё малога i сярэдняга бiзнесу ў раёне - zorkanews.by

Брэнды Уздзеншчыны, або развiццё малога i сярэдняга бiзнесу ў раёне

Сёння Уздзенскі раён дзякуючы старанням працаўнікоў розных пакаленняў прадстаўляе сабой рэгіён, які дынамічна развіваецца, з сучаснай інфраструктурай і эфектыўнай сельскагаспадарчай вытворчасцю, актыўным удзелам малога і сярэдняга бізнесу, адкрыты для дзелавых партнёраў і развіцця аграэкатурызма.

Пад знакам “FM”

Mark Formelle – беларускі брэнд бялізны, адзення для спорту і адпачынку для ўсёй сям’і.

Восем фабрык у розных рэгіёнах нашай краіны, звыш ста фірменных магазінаў. Усё гэта таварыства з абмежаванай адказнасцю “Марк Фармэль”. ТАА “Марк Фармэль” створана дзесяць гадоў таму на базе камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Уздзенская швейная фабрыка”. Сёння гэта галоўная прамысловая арганізацыя раёна.

У адпаведнасці з інвестыцыйным праектам ТАА “Марк Фармэль” створана высокатэхналагічнае і якасна абсталяванае прадпрыемства па пашыве бялізнавага і верхняга трыкатажнага асартыменту. Устаноўлена новая раскройная лінія, набыта сучаснае абсталяванне ў цэх друку.

Кампанія спецыяльна размяшчае вытворчасці ў невялікіх беларускіх гарадах, каб мець перавагу ў хуткасці выпуску новых калекцый і лагістыцы, не павышаючы выдаткі і робячы сваю прадукцыю даступнай для большасці пакупнікоў.

Галоўным адрозненнем і канкурэнтнай перавагай прадпрыемства з’яўляецца асартыментная палітыка: выпуск малымі партыямі, якія ўключаюць у сябе ад 5 да 20 мадэляў адзення і аксэсуараў, аб’яднаных агульнай тэмай ці ідэяй і створаных на аснове супрацоўніцтва з мастакамі і дызайнерамі. Для пакупніка гэта магчымасць без цяжкасцяў ствараць актуальныя і модныя вобразы, захоўваючы пры гэтым сваю індывідуальнасць, дзякуючы абмежаванаму выпуску калекцыі.

На працягу апошніх гадоў фабрыка з’яўляецца лідарам па многіх паказчыках, у тым ліку ў вытворчасці інавацыйнай прадукцыі – тэрмабялізны. “Марк Фармэль” ажыццяўляе пастаўкі не толькі па Беларусі, але таксама і ў краіны СНД: асвоены рынкі Расіі, Казахстана, Украіны. Прыярытэтнымі напрамкамі ў працы гэтай кампаніі з’яўляюцца далейшы рост і развіццё вытворчасці, пашырэнне сеткі фірменных магазінаў.

“Шышкі”: адпачынак з адзнакай

У маі 2013 года загарадны комплекс “Шышкі” расчыніў свае дзверы для гасцей, якія жадаюць адпачыць ад шуму горада і атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды.

Загарадны комплекс размяшчаецца на беразе маляўнічага ляснога возера, усяго ў 60 кіламетрах ад Мінска. На плошчы ў 2 гектары размешчаны камфартабельныя домікі, рэстаран беларускай кухні, спа-комплекс з рускай лазняй, ратонда для правядзення выязных рэгістрацый шлюбу.

“Шышкі” – гэта не толькі месца для адпачынку, але і для працы (у лістападзе 2015 года завершана будаўніцтва канферэнц-залы, абсталяванай для правядзення семінараў, трэнінгаў, канферэнцый). З мая 2016 года функцыянуе парк актыўнага адпачынку. Гэта месца, дзе можна выдатна адпачыць, прадуктыўна папрацаваць і правесці любую ўрачыстасць.

“Толькі яркія ўражанні і прыемныя ўспаміны застаюцца ад наведвання турыстычнага комплексу на беразе Лошы”, – такія водгукі тых, хто тут пабываў хоць аднойчы.

Санаторная школа-інтэрнат

Датай заснавання гэтай навучальнай установы з’яўляецца 1944 год, калі быў адчынены спецыяльны дзіцячы дом для дзяцей, чые бацькі загінулі падчас вайны. У 1959 годзе спецыяльны дзіцячы дом перапрафіляваны ў сярэднюю агульнаадукацыйную школу-інтэрнат. З 1993 года Уздзенская школа-інтэрнат атрымала статус санаторнай школы для аздараўлення і лячэння дзяцей.

Сёння гэта вядучая ўстанова вобласці і рэспублікі, дзе вучацца і атрымліваюць аздараўленне дзеці з розных куткоў Міншчыны, працуюць высокакваліфікаваныя, адданыя сваёй справе педагогі, для якіх галоўнае — пошук, творчасць, аптымізм. Сярод выпускнікоў установы шмат годных людзей, якія і сёння падтрымліваюць сувязі са сваімі настаўнікамі і выхавальнікамі. Тут вялікую ўвагу надаюць здароўезберагаючай сістэме навучання, стварэнню для дзяцей і дарослых атмасферы псіхалагічнага камфорту, умоў для прафесійнага росту, развіццю актыўнай творчай асобы.

На тэрыторыі школы створана Алея Памяці педагогаў школы, дзе ўвекавечаны імёны і прозвішчы тых, хто прысвяціў школе больш як пятнаццаць гадоў працоўнай дзейнасці. Тут праходзяць урачыстыя лінейкі, прысвячэнні ў педагогі, сустрэчы з выпускнікамі.

Апошнія гады ў летні час санаторная школа з’яўляецца пляцоўкай для правядзення Міжнароднага лагера моладзі клубаў ЮНЕСКА, што сведчыць аб дастаткова высокім узроўні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Курс на “Алімп-Агра”

У 30 кіламетрах ад сталіцы жыве і працуе Юрый Вадзімавіч Лойка. Кіраўнік сялянскай гаспадаркі “Алімп-Агра” даказаў: адзін у полі – воін. Паставіў на вытворчасць гародніны – і не пралічыўся. З павелічэннем ураджаяў праца на зямлі стала прыносіць прыбытак. Зараз фермерская гаспадарка адна з лепшых у Мінскай вобласці.

Каля 330 гектараў зямлі знаходзіцца зараз ў распараджэнні гэтага гаспадарніка. І ўсе гэтыя гектары з’яўляюцца ўзорам культуры земляробства.

“Алімп-Агра” пастаянна ў ліку пераможцаў абласнога і рэспубліканскага спаборніцтва фермерскіх гаспадарак. Не раз яе кіраўнік атрымліваў з рук Прэзідэнта краіны, губернатара высокія адзнакі за добрасумленную працу на ніве сельгасвытворчасці, за павышэнне ўраджайнасці і павелічэнне валавых збораў асноўных сельгаскультур. Сялянская гаспадарка служыць прыкладам поўнай тэхналагічнасці ў вырошчванні і захоўванні прадукцыі.

З першых дзён існавання “Алімпа-Агра” тут імкнуцца ў лепшыя тэрміны спраўляцца з комплексам работ, стараюцца працаваць без масавага прымянення хімічных сродкаў. Стаўка ў асноўным робіцца на механічныя спосабы барацьбы з пустазеллем, шкоднікамі, што і забяспечвае выхад экалагічна чыстай прадукцыі.

Прадукцыя “Алімпа-Агра” добра вядома ў раёне і далёка за яго межамі. З ахвотай купляюць адборную бульбу, сталовыя буракі, цыбулю, моркву ў розных рэгіёнах Расіі.

Свечкі на любы густ

“ЧэйнзАктыўГруп” – прадпрыемства па вытворчасці дэкаратыўных свечак, якія рэалізуюцца па ўсіх кранінах СНД,

Раман Каралёў, кіраўнік прадпрыемства, юрыдычны заснавальнік мануфактуры “Мир свечи”, ідэяй наладзіць вытворчасць свечак загарэўся даўно. З кожнага свайго падарожжа па замежных краінах прадпрымальнік прывозіў свечкі, якімі папаўняў уласную калекцыю, што стваралася на працягу не аднаго года. Аднойчы, завітаўшы ў інтэрнэт-прасторы на цудоўна аформлены сайт кампаніі, якая займаецца вытворчасцю свечак, цвёрда вырашыў: неабходна рэалізоўваць задуманае.

Так Уздзеншчына стала месцам дыслакацыі адной з некалькіх свечкавых мануфактур у краіне.

Мануфактура “Мир свечи” заўсёды вылучалася ў самым лепшым сэнсе гэтага слова. Тут кожную свечку вырабляюць рукамі: у вытворчасці выкарыстоўваецца каля 500 формаў вырабаў, больш 20-ці колераў і каля 120 іх адценняў, 40 аддушак – для араматызаваных. Наладзіла кампанія і выпуск свечак-абярэгаў, якія аб’яднаны ў серыю “Нацыянальныя матывы”. Гатовыя вырабы ўпрыгожваюць вышытыя крыжыкам беларускія ўзоры-сімвалы: дзіцяці, маці-берагіні, здароўя, багацця, дастатку, зямлі…

На постсавецкай прасторы “Мир свечи” па аб’ёмах – другі буйны вытворца пасля Омскага завода, Уздзенскія вырабы запатрабаваны ў Расіі, ЗША, Еўропе. А свечка “Сала”, што пахне сапраўднымі прыправамі, стала “фішкай”, вядомай у многіх краінах свету.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно

1 Комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *