Прагуляемся разам па Уздзеншчыне — zorkanews.by

Прагуляемся разам па Уздзеншчыне

Чым можа ўразіць сваіх гасцей наша Уздзеншчына? Правільна, не толькі маляўнічымі краявідамі, але і сваімі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, унесенымі, дарэчы, у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. А такіх у нашым раёне – 10. Прагуляемся?

Пасёлак Першамайск. Тут увазе турыстаў прадстаўлены фрагменты сядзібы “Кухцічы” канца ХVIIІ-пачатку ХХ стагоддзя. Да нашых дзён захаваўся і пратэстанцкі храм “Кальвінскі збор” (архітэктурна-рэлігійны помнік абарончага тыпу сярэдзіны ХVI ст.).

Вёска Таўкачэвічы дазваляе перанесціся ў першую палову ХІХ ст., ацаніць архітэктурнае рашэнне фрагментаў сядзібна-паркавага комплексу, а ў парку, па-суседству, захапіцца самымі буйнымі экзэмплярамі веймутавых хвой, што захаваліся ў Беларусі.

У вёсцы Наднёман жыў і рабіў свае навуковыя адкрыцці таленавіты беларускі вучоны Якуб Наркевіч-Ёдка. Зразумела, час наклаў свой адбітак на сядзібу прыродазнаўцы. З 2015 г. у сядзібе “Наднёман” уласнікам У. Самуйлавым з выкарыстаннем замежнай бязвыплатнай дапамогі праводзіцца шырокі комплекс рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Адрэстаўрыраваны ўязная брама і карэтны хлеў, выкананы работы па кансервацыі руін асобных аб’ектаў і расчыстцы парку, прыведзена ў належны стан месца сямейнага пахавання Я. Наркевіча-Ёдкі. Летась пачалося аднаўленне сядзібнага дома, аранжарэі і асноўных гаспадарчых пабудоў, адкрыта ўступная музейная экспазіцыя, якая расказвае пра жыццё і дзейнасць вучонага і гісторыю сядзібы. Пасля заканчэння рэстаўрацыі тут плануецца стварыць Музей-лабараторыю вучонага, а таксама навукова-адукацыйны цэнтр з метэаралагічнай і навуковымі лабараторыямі.

Унікальным помнікам з’яўляецца і грабніца-пахавальня роду Завішаў (ХІХ ст), што знаходзіцца на гарадскіх могілках. Яе адметнасць у тым, што пабудавана яна ў выглядзе каменнай піраміды накшталт пірамід-пахавальняў егіпецкіх фараонаў.

Помнікамі даўніны з’яўляюцца таксама гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V ст. да н.э. – V ст.н.э.) у Цеплені, курганныя могільнікі ў Таўкачэвічах і Валяр’янах (ХІ – ХІІІ ст.).

Сваю ўнікальнасць маюць і храмы. Так, Петра-Паўлаўская царква ў райцэнтры пабудавана з цэглы па праекце вядомага мінскага архітэктара Струева на сродкі ўладальнікаў Узды Завішаў, а Петра-Паўлаўская царква ў аграгарадку Возера – з цэглы і дрэва ў стылі позняга класіцызму з элементамі рэспектыўна-рускага стылю на сродкі мясцовага памешчыка графа Чапскага. Гэтыя цэрквы дзейнічаюць і сёння.

Сваю адметнасць мае і вёска Магільна. Гэта радзіма казачніцы Лідзіі Міхайлаўны Цыбульскай, выканальніцкае майстэрства якой атрымала дастойную ацэнку, стаўшы кулььтурным збадыткам не толькі нашага раёна, але і ўсёй краіны. Пайшла з жыцця магільнянская казачніца, але яе голас, у якім адчуваюцца асаблівасці паўднёва-заходняга дыялекту, і манера апавядаць і сёння ў памяці нашчадкаў.

Гэта вельмі коратка пра уздзенскія гісторыка-культурныя каштоўнасці. Тут да месца будзе выказванне: “Лепш адзін раз пабачыць, чым сем разоў пачуць”. Мне ж хочацца спыніцца яшчэ на трох аб’ектах, якія, безумоўна, заслугоўваюць увагі. Гэта драўляны касцёл Святога Крыжа, пабудаваны ў 1798 годзе генералам Казімірам Завішам, магіла праваслаўнага святара Міхаіла Навіцкага, які прылічаны да ліку святых, у райцэнтры і царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Хатляны. Апошняя, дарэчы, з’яўляецца ўнікальным пяцікупальным храмам-помнікам драўлянага дойлідства, пабудаваным у ХІХ стагоддзі па тыпавым праекце рускага архітэктара Канстанціна Тона. На жаль, у час пажару, ноччу 6 студзеня 2013 года, царква цалкам згарэла. Аднак дзякуючы намаганням святара Віталія ЛяшкевічПа і неабыякавых людзей яна была адноўлена, як кажуць – з нуля, менш чым за тры гады.

Уражвае? Тады Уздзеншчына чакае вас!

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *