Летам мінулага года сямейны падрад у цэнтральнай раённай бальніцы папоўніла Дар’я Бурая — zorkanews.by

Летам мінулага года сямейны падрад у цэнтральнай раённай бальніцы папоўніла Дар’я Бурая

Дар’я БУРАЯ з цёцяй Таццянай Мікалаеўнай КУЧУК

Напэўна, па-іншаму жыццё гэтай мілавіднай дзяўчыны і не магло скласціся: з дзяцінства яе акружалі медыцынскія работнікі як па лініі маці, так і па лініі бацькі. Таму калі прыйшла пара вызначацца з будучай прафесіяй, выбар Дар’і БУРАЙ быў адназначны – медыцынскі каледж.

Аднак не ў сталічную ўстанову дзяўчына павезла падаваць дакументы, а ў Барысаў. І на гэта ў яе былі свае аргументы. “У Мінску я не магла разлічваць на атрыманне інтэрната, хаця шанцы паступіць былі даволі высокія і рэальныя, а здымаць кватэру было б накладна, як, дарэчы, і ездзіць кожны дзень на вучобу. А ў Барысаве я ведала, што, як іншагародняя, буду гарантавана забяспечана інтэрнатам”, – адзначае Дар’я Сяргееўна.

Пасля заканчэння вучобы малады спецыяліст вярнулася ў родны горад, у мясцовай паліклініцы ёй прапанавалі заняць месца памочніка ўрача. Зразумела, што да падобнага экзамену медык была не зусім гатовая, аднак ёй дапамаглі асвоіцца вопытныя калегі, патлумачыўшы што і як. Здаецца, яшчэ год не прайшоў, як Дар’я Бурая акунулася ў будні мясцовых медыкаў, але са сваімі абавязкамі ўжо спраўляецца не горш за іншых.

– Мне, праўда, больш падабаецца практычны бок маёй работы, калі выязджаеш на выклікі па сваім участку ці ў планавым рэжыме адпрацоўваеш адрасы, чым займацца папяровымі справамі, – сведчыць медык. – А ўчастак даволі салідны: практычна ўвесь прыватны сектар – за аўтавакзалам, а таксама некаторыя вуліцы, што вядуць да старога цэнтра. Усяго – 1886 чалавек на ўчастку, з якіх 1200 – працаздольнага ўзросту.

Помніць Дар’я Сяргееўна і першыя дні працы. Калектыў сустрэў прыветліва, як і кожнага маладога спецыяліста, які прыходзіць на працу ў цэнтральную раённую бальніцу. У уздзенскіх медыкаў, дарэчы, даўно існуе традыцыя не толькі замацавання за новымі кадрамі вопытных настаўнікаў, але і правядзенне дзён маладых спецыялістаў, што дазваляе моладзі не проста адчуць надзейнае плячо старэйшых калег у белых халатах, але і разлічваць на іх рэальную дапамогу. Дар’і Бурай у гэтым плане было трошкі прасцей. Яна ведала, што ў калектыве ўжо ёсць свае людзі, з ліку родных. Больш дваццаці гадоў ліфцёрам тут працуе яе маці Галіна Іванаўна Бурая, медсястрой у кабінеце ўрача-нарколага – цёця Таццяна Мікалаеўна Кучук, яшчэ адна цёця Галіна Леанідаўна Ільюшонак – акушэркай у гінекалагічным аддзяленні.

– Апошняя, дарэчы, працуе ў нашай бальніцы яшчэ з часоў, калі тут дзейнічала радзільнае аддзяленне. Мама расказвала, калі я нарадзілася, цёця прысутнічала на родах, – расказвае Дар’я Бурая. – Сімвалічна? Напэўна, так.

Таму да белага халата ў дзяўчыны асабліва трапяткія адносіны. Яна павінна годна несці званне медыка, што і робіць.

На пытанне “Чым запомніліся першыя месяцы працы?” маладая медык адказала:

– Спаборніцтвамі сярод брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. І не таму, што яны ладзіліся ўпершыню, і тым больш – у нашым раёне. На іх былі задзейнічаны дзясяткі ўрачоў і медсёстраў з нашай бальніцы ў якасці валанцёраў-добраахвотнікаў і “герояў” на пляцоўках, дзе былі змадэляваны наступствы таго ці іншага няшчаснага выпадку. Я, напрыклад, выконвала ролю дзяўчыны-будаўніка, якая на будаўнічай пляцоўцы ў час выканання работ умудрылася… “парэзаць” нагу балгаркай. Відовішча яшчэ тое было! Людзі, хоць і былі папярэджаны аб правядзенні такіх спаборніцтваў, дзівіліся і нават палохаліся пры бачанні нас “у грыме”. А ролі ў маіх калег таксама былі розныя: у аднаго рука “зламана”, у другога – нага, трэці атрымаў раненне ў жывот, у чацвёртага анафілактычны шок, пяты перыядычна “траціў” прытомнасць… Наша брыгада медыкаў на чале з Аляксандрам Бічыкам тады таксама дастойна выступіла, што для нашага калектыву было асабліва ганарова.

Рабочыя будні тым часам працягваюцца. Кожны дзень Дар’я Сяргееўна спяшаецца ў паліклініку, бо ведае: на прыёме яе чакаюць пацыенты, якім трэба выпісаць рацэпты, прызначыць лячэнне, а да кагосьці трэба і на дом выехаць.

А пра што ж марыць медык? Вядома ж – пра сям’ю, дзе чуецца вясёлы дзіцячы смех.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *