Ураджай-2019: ёсць вопыт і старанне, не хапае дажджу — zorkanews.by

Ураджай-2019: ёсць вопыт і старанне, не хапае дажджу

Народная прымаўка сцвярджае: “Нярэдка дождж ідзе не тады, калі просяць, а калі косяць”. Пакуль хлебаробы сельскагаспадарчага комплекса ЗАТ “Вітэкс” да касьбы траў толькі рыхтуюцца, а вось дажджу даўно просяць. З пачатку вясны ні кроплі вільгаці не ўпала на вясковыя палеткі. 

Калі ў сярэдзіне сакавіка радаваліся таму, што ранняя вясна дазваляе на два тыдні раней звычайнага распачаць асноўныя палявыя работы і ўжо да першага красавіка завяршыць сяўбу ранніх каласавых, то яшчэ праз некалькі тыдняў у настроі і спецыялістаў, і механізатараў усё часцей сталі з’яўляцца ноткі заклапочанасці. Адсутнасць атмасферных асадкаў, моцныя вятры высушылі глебу, і калі ў бліжэйшы час нябесная канцылярыя не пашле дажджу, гэта можа негатыўна паўплываць на лёс будучага ўраджаю.

Да пачатку касавіцы Аляксей КАШКАН падрыхтуе варашылку такім чынам, каб у час нарыхтоўкі кармоў не траціць час на рамонт

Галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Лушчай расказаў пра тое, чым займаліся хлебаробы ў апошні час. Яравы клін у гаспадарцы невялікі. На 226 гектарах пакладзена ў глебу насенне збожжавых. Пасля 20 красавіка плануюць распачаць сяўбу кукурузы (гэта культура зойме 200 гектараў), а затым, у два этапы, прыйдзе чарга і аднагадовых траў – рапсу, гарчыцы з фацэліяй, грэчкі, рэдзькі. Гэтыя расліны тут высяваюцца не столькі для атрымання ўраджаю такіх культур, колькі для работы маленькіх працаўніц з пчальніка.

Андрэй СЕРГІЕВІЧ асвойвае азы зварачных работ

Механізатарскі корпус “Вітэкса” складаюць у асноўным маладыя, але ўжо з дастатковым вопытам работы хлебаробы. На ворыве глебы пастараўся Сяргей Шынкевіч, на падрыхтоўцы глебы да сяўбы быў задзейнічаны трактар Аляксея Кашкана. Бесперабойную работу сеяльнага агрэгата Анатолія Карніенкі забяспечваў Сяргей Кашкан, які своечасова дастаўляў у поле насенне. Унясеннем мінеральных удабрэнняў пад яравы клін займаўся Ілья Есімчык, ён жа затым падкарміў і травы. Сяргей Пякарчык і Аляксандр Шчарбінскі правялі падкормку тукамі азімых збожжавых і азімага рапсу. Іх жа трактары, а таксама Аляксандра Фалько, потым прыступілі да ўнясення арганікі.

Любая тэхніка ў руках Аляксандра ФАЛЬКО працуе бездакорна

— Пакуль з’явілася невялікая паўза ў раскладзе веснавых работ, — расказвае Аляксандр Лушчай. – Пасля завяршэння сяўбы ранніх збожжавых, падкормкі азімых неўзабаве прыступім да другой падкормкі азотам рапсу і іншых азімых, сяўбы кукурузы. А механізатары,  якія пакуль не задзейнічаны на асноўных палявых работах, у гэты час рыхтуюць да работы кормаўборачную тэхніку.

У гэтым мы пераканаліся, завітаўшы на машынны двор гаспадаркі. Ілья Есімчык і Андрэй Мацкевіч займаліся тэхабслугоўваннем прэспадборшчыка. Аляксандр Фалько даводзіў да ладу касілку: неабходна замяніць рэдуктар, палатно, рамку. Запасныя часткі закуплены загадзя. Аляксей Кашкан, у якога пяцігадовы вопыт работы на палетках гаспадаркі, з пачатку вясны добра папрацаваў на культыватары, а цяпер рамантуе варашылку. Надзейным памочнікам для рамонтнікаў з’яўляецца электрагазазваршчык Аляксандр Галімскі, які навучае свайму рамяслу маладога цепленскага хлопца Андрэя Сергіевіча. Можна не сумнявацца, з дапамогай старэйшых калег ён дастойна папоўніць хлебаробскую сям’ю “Вітэкса. Стымулаў працаваць старанна хапае.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *