18 красавіка ва ўсіх раёнах Міншчыны прайшоў адзіны абласны бацькоўскі сход — zorkanews.by

18 красавіка ва ўсіх раёнах Міншчыны прайшоў адзіны абласны бацькоўскі сход

«Бяспека дзяцей – адказнасць дарослых!» Пад такім дэвізам 18 красавіка ва ўсіх раёнах Міншчыны прайшоў адзіны абласны бацькоўскі сход. На Уздзеншчыне на базе лясгаса, Хатлянскага дома культуры ў форме адкрытага дыялогу з бацькамі гутарылі супрацоўнікі ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, бальніцы, РАУС, РАНСа, педагогі-псіхолагі. На сходзе прысутнічала начальнік вучэбнага аддзела Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Несцяровіч.

Мы жывём у мірнай краіне. Аднак пытанні бяспекі ў школе, дома, грамадскіх месцах не павінны адыходзіць на другі план. Ад гэтага залежыць жыццё і здароўе нашых дзяцей.

— На жаль, статыстыка няўмольная. Дзеці гінуць на дарогах і на пажарах, яны наносяць шкоду свайму здароўю, жыццю, учыняюць правапарушэнні і становяцца ахвярамі, — адзначыў у час выступлення ў лясгасе начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС Яўгеній Барталевіч. — Прычына гэтаму – прававая бязграматнасць, элементарная абыякавасць з боку дарослых. Упэўнены, нямногія з прысутных цікавяцца інтэрнет-старонкамі сваіх дзяцей: хто ў іх у сябрах, якія тэмы абмяркоўваюцца, у якіх групах зарэгістраваны. А зланчынцы менавіта праз інтэрнет заманьваюць непаўналетніх у свае сеткі. Гэта і распаўсюджванне наркотыкаў, за што ў нашай краіне ў адпаведнасці з Дыкрэтам № 6 можна атрымаць да 15 гадоў пазбаўлення волі ўжо з чатырнаццаці гадоў. Гэта і педафілія (часта злачынцы знаёмяцца з ахвярамі менавіта праз інтэрнет), і распаўсюджванне фота і відэа сэксуальнага характару з дапамогай “лайка” або перасылкі сябрам. Парушаючы закон, непаўналетні павінен памятаць, што пакаранне абавязкова будзе. Калі ж на працягу года ўчыняецца некалькі правапарушэнняў, то падлетак можа быць накіраваны ў спецшколу. Для хлопчыкаў такая знаходзіцца ў Магілёве, дзяўчынак – у Петрыкаве. Летась адзін непаўналетні з нашага раёна быў накіраваны ў такую ўстанову. Вас жа, бацькі, я заклікаю быць пільнымі, звяртаць увагу на знешні выгляд дзіцяці, правяраць яго перапіску, сачыць на якія сайты заходзіць. Калі ўзнікаюць падазрэнні, то звяртацца па псіхалагічную, медыцынскую дапамогу, якая аказваецца на ананімнай аснове.

— На жаль, у апошнія гады пачасціліся выпадкі ўжывання алкаголю непаўналетнімі. Калі раней гэта былі 16-17-гадовыя падлеткі, то цяпер ужо з 13 гадоў, — расказаў урач-нарколаг Аляксандр Паўловіч. — На ананімным уліку стаіць 40 непаўналетніх. Некаторыя з іх паспыталі “зялёнага змея” у заклад, з цікавасці, жадання адчуць сябе дарослымі або пад уплывам старэйшых, не разумеючы, што эксперымент з алкаголем можа закончыцца трагедыяй.

Для таго, каб у падлеткаў не хапала часу на рознае глупства, яны павінны быць занятыя, асабліва ў час канікулаў.

— У летні перыяд плануецца арганізаваць работу 23 аздараўленчых лагераў, дзе змогуць адпачыць, аздаравіцца, папрацаваць 1070 дзяцей, — паведаміла спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме РВК Таццяна Лебедзева. — Каб набыць пуцёўку, неабходна звярнуцца ў установу адукацыі, дзе вучыцца ваш сын ці дачка. Упэўнена: агульнымі намаганнямі мы зробім жыццё нашых дзяцей цікавым і насычаным, зможам адарваць ад камп’ютараў і тэлефонаў, засцерагчы ад супрацьпраўных дзеянняў.

Наталля КЛІМОВІЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *