Хлебаробы ААТ “Уздзенскі райаграсэрвіс” завяршаюць сяўбу цукровых буракоў - zorkanews.by

Хлебаробы ААТ “Уздзенскі райаграсэрвіс” завяршаюць сяўбу цукровых буракоў

Без вымушаных перапынкаў працуе пасяўны агрэгат Анатолія СЕМЯНОВІЧА

Хлебаробы ААТ “Уздзенскі райаграсэрвіс” завяршаюць сяўбу цукровых буракоў. Як і летась, яны займаюць 350-гектарную плошчу.

Палетак сельгаспрадпрыемства плошчай амаль у сто гектараў доўга шукаць не давялося – пра месцазнаходжанне сеяльшчыкаў сведчылі два воблакі пылу, што ўздымаліся над полем пасля руху трактароў і пры бязветраным надвор’і яшчэ доўга віселі ў прасторы.

— Так, не хапае дажджу, — у каторы раз агучыў занепакоенасць і спецыялістаў, і працаўнікоў сельскай гаспадаркі галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Жук. – Але мы павінны працаваць, нягледзячы на капрызы надвор’я. Сяўбу цукровых буракоў пачалі пасля 10 красавіка. Звычайна на гэту работу адводзіцца два тыдні. Па плану веснавых палявых работ павінны завяршыць да 1 мая, але фактычна скончым сяўбу на дзён пяць раней.

Сем гадоў таму прыступіла да выканання абавязкаў агранома-насеннявода Ганна Сапон, ёй пастаянна даводзіцца мець справу з і з караняплодамі. Летась валавы збор склаў 20.719 тон, па 592 цэнтнеры з гектара.

Сяўбу караняплодаў па новай тэхналогіі адсочвае аграном-насенневод Ганна САПОН

— Сёлета гэты стогектарны палетак мы ў якасці эксперыменту засяваем нямецкім насеннем KWS па новай тэхналогіі, — расказвае Ганна Сяргееўна. – І насенне новае (у мінулыя гады карысталіся пераважна гібрыдамі “Ала”, “Азіза”, “Бравісіма” і “Канстанцыя”, якія давалі добрыя ўсходы і важкія карэнні, і ў гэтым годзе ад іх не адмовіліся), і сучасны прэпарат для апрацоўкі пасеваў, conviso smart, апрабуем. Ён даражэйшы за ранейшыя аналагі, але, як абяцаюць вытворцы, і больш эфектыўны, і толькі дзве апрацоўкі, замест чатырох-шасці па старой тэхналогіі, дастаткова будзе правесці. Цяпер толькі вільгаці ў глебе і не хапае: каб насенне вызвалілася ад абалонкі і пачало прарастаць…

Падрыхтоўкай глебы пад сяўбу краняплодаў не першы год з АКШ-6 займаецца Аляксандр Стасевіч. За імпартнай сеялкай з пяціметровым захопам стараецца Анатолій Семяновіч. За плячамі ў яго больш як дваццацігадовы хлебаробскі стаж, дванаццаць сезонаў адпрацаваў на ўздзенскіх палетках. І з цукровымі буракамі даводзіцца пастаянна мець справу. За змену механізатар кладзе ў глебу насенне на плошчы ад 25 да 30 гектараў.

І хлебаробы, і палеткі чакаюць дажджу…

Чакаюць свайго зорнага часу і трактарысты Сяргей Казюка і Юрый Дубовік. Для многіх хлебаробаў самым важным экзаменам на працягу сельскагаспадарчага года з’яўляецца работа на жніве, а для гэтых мужчын падобным выпрабаваннем на сталасць вось ужо каторы год, пасля таго як гаспадарка набыла адзіны ў раёне буракаўборачны камбайн, становіцца ўборка караняплодаў. Працуючы пазменна, мужчыны вызваляюць ад вырашчанага ўраджаю палеткі райаграсэрвісу, а потым дапамагаюць суседзям.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

1 Комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *