Пяцігоддзе адсвяткаваў Уздзенскі Палац культуры — zorkanews.by

Пяцігоддзе адсвяткаваў Уздзенскі Палац культуры

Цяжка ўжо паверыць, што яшчэ пяць гадоў таму ў нашым горадзе не было такога прыгожага сучаснага Палаца культуры, які не толькі стаў мясцовай архітэктурнай славутасцю, а і значна ўзбагаціў творчае жыццё жыхароў і гасцей раёна.

24 красавіка 2014 года ўрачыста быў адкрыты будынак Палаца культуры. Гэту дату і лічаць яго днём нараджэння. З гэтай нагоды, а дакладней першага свайго юбілею ці першай працоўнай пяцігодкі, як сказалі б некалі, і ладзіўся ў гэты дзень святочны вечар.

Сцэнарый яго арганізатары, сярод якіх асноўным рэжысёрам выступіла Людміла Цвірко, прадумалі настолькі цікава, што тыя гадзіны, праведзеныя ў “Доме, дзе жыве свята” (такой была назва вечара), успрымаліся на адным дыханні і ў чарговы раз падарылі добры настрой і шмат прыемных сюрпрызаў. Было вельмі шмат гасцей, якія прыйшлі з падарункамі, кветкамі, арыгінальнымі віншаваннямі. Не заседжваліся “на покуце” і самі юбіляры. Работнікі Дома культуры дарылі ўдзячнаму гледачу свой талент, бібліятэкары з дапамогай уласнага відэафільма гарталі старонкі гісторыі юбіляра.

Не просты, але такі яркі лёс Палаца культуры непарыўна пераплецены з лёсам тых людзей, хто яго будаваў, рыхтаваў да адкрыцця, хто тут працуе і прыходзіць сюды адпачыць. Трапляючы сюды, разумееш, што гэта і сапраўды тое месца, дзе жыве шчасце, дзе камфортна людзям усіх узростаў і нацыянальнсцей, дзе ўсе адчуваюць сябе роўнымі, нягледзячы на сацыяльны статус. Вызначальнай рысай творчага калектыву ўстановы культуры стала ўменне ўпрыгожыць любое свята чымсьці новым і незвычайным. Вось і ў гэты юбілейны вечар побач з народнымі калектывамі “Зборная субота”, “Рэда” выступалі і нашы любімыя салісты Аляксандр Каханы, Алег Каламіец, Ігар Селіхаў, Караліна Прыёмка, Антаніна Каханая. З замілаваннем заўсёды ўспрымаюць гледачы танцавальную “Уздзяначку” і галасістых “Задорынак”.

Свае віншавальныя творчыя падарункі падрыхтавалі і народныя калектывы “Прасніца” Каралёўскага СДК і “Крынічанька” Хатлянскага СДК. Свой музычны падарунак “Мой горад” падарыла аўтар слоў і музыкі Валянціна Чарнюк з Цялякава, заліхвацкую “Калінку” — узорны харэаграфічны калектыў “Вясёлка” школы мастацтваў, “нелюбімыя рамонкі” – Алёна Сямёнава з Цеплені. Здорава павесяліў публіку і народны гумарыстычны гурт “Сяброўкі” Дукорскага СДК Пухавіцкага раёна.

Падарунак роднаму гораду ад Валянціны ЧАРНЮК і Алега КАЛАМІЙЦА

Крэатыўнасцю вызначаліся і віншаванні прадстаўнікоў агракомплексу “Белая Русь”, ЗАТ “Вітэкс”, райбальніцы, санаторнай школы, гімназіі, аддзела адукацыі, грамадскіх арганізацый. Бо, напэўна, няма ў раёне тых калектываў, для якіх не ладзілі б святочныя мерапрыемствы работнікі раённага Дома культуры ці бібліятэкі. Таму і на гэтым юбілеі кожны, хто падымаўся на сцэну, стараўся знайсці для юбіляраў самыя шчырыя словы. “За пяць гадоў наш Палац культуры стаў сапраўдным магнітам, які прыцягвае ў свае сцены, дзе шэрыя будні ператварае ў святы”, — казала прафсаюзны лідар работнікаў АПК А Лапанік. “Якім бы цудоўным не было памяшканне нашага культурнага алмаза, але толькі тытанічная праца яго работнікаў здольная абагаціць яго ўсімі фарбамі жыцця. І сёння відавочна, што гэтыя пяць гадоў прайшлі ў рытме творчасці і натхнення”, — адзначыла прадстаўнік санаторнай школы-інтэрната Л. Пармон. “Любім, ведаем, цэнім і будзем з вамі працаваць і далей”, — такімі канкрэтнымі словымі суправаджаў крэатыўныя падарункі ад калектыву “Агракомплексу “Белая Русь” яго ідэаолаг В. Грудкоўскі. Адзін за другім падымаліся на сцэну сацыяльныя партнёры, калегі, спонсары. Сваё відэавіншаванне даслаў і заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, наш зямляк Уладзімір Радзівілаў.

—Я нават і падумаць не мог, што такім насычаным будзе жыццё нашага чарговага аб’екта, што тут будзе праведзена столькі мерапрыемстваў, будзе сказана столькі добрых слоў, — прызнаўся прадстаўнік падрадчыка Салігорскага будтрэста, прараб Мікалай Міхайлоўскі. — А гэты аб’ект і сапраўды складанай планіроўкі: шмат шкла, няпростая столь, ёсць цокальны паверх. Таму, каб будоўля ішла ў запланаваным рэжыме, спрыялі і органы нагляду, і валявыя рашэнні дырэктара нашага будтрэста А. Ашэйчыка, пастаянны кантроль і дапамога з боку кіраўнікоў раёна В. Пахольчыка і У. Германа, ды і многім жыхарам горада давялося тут папрацаваць, каб наблізіць доўгачаканае наваселле. Так што ўсім вялікі дзякуй за сумесную работу, а творчаму калектыву і далей збіраць поўныя залы і заслужаныя авацыі.

Вядома, за пяць гадоў працы нельга пералічыць усе тыя прафесійныя і самадзейныя калектывы, артыстаў, якія пабывалі на сцэне Палаца культуры, якія напоўнілі культурнае жыццё Уздзеншчыны яркімі і незабыўнымі старонкамі.

Пяць гадоў назад Алена МАЛАШЭВІЧ трымала сімвалічны ключ ад Палаца культуры, а ў гэты юбілейны вечар яе рукі не маглі ўмясціць усіх букетаў і падарункаў, якія ўручаліся калектыву ў асобе кіраўніка
Незаменны спецыяліст раённага Дома культуры — загадчыца касцюмернай Людміла АНДРУХОВІЧ, залатыя рукі якой маюць дачыненне да кожнага сцэнічнага касцюма

За пяць гадоў творчай дзейнасці ў калектыва Палаца былі ўзлёты, перамогі, дасягненні. Наперадзе – новыя гарызонты і пакарэнне новых вяршынь творчасці, захаванне і ўмацаванне традыцый. І ўсё гэта для цябе, шаноўны глядач. І калі ў зале няма свабодных месцаў для артыстаў гэта самы лепшы падарунак. Няхай жа будуць багатымі на іх і ўсе наступныя пяцігодкі.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *