Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялi ўдзел у святочных дэманстрацыях - zorkanews.by

Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі прынялi ўдзел у святочных дэманстрацыях

Мы прывыклі бачыць сярод удзельнікаў святочных дэманстрацый членаў прафсаюза, моладзь, жанчын, сяброў іншых найбольш распаўсюджаных у Беларусі грамадскіх арганізацый. Але сёлета для многіх з тых, хто прайшоў урачыстым маршам па цэнтральным праспекце горада Жодзіна і хто назіраў за гэтым дзействам з абочыны і вокнаў бліжэйшых дамоў (а такіх былі тысячы!), нечаканасцю было ўбачыць асобнай калонай людзей творчых. У пачатку гэтай калоны “рухалася” разгорнутая кніга саліднага памеру, а разгорнуты побач транспарант сведчыў: святочным крокам ідуць члены мінскіх абласных арганізацый Саюза пісьменнікаў Беларусі і Беларускага саюза журналістаў.

— Творчыя людзі заўсёды займалі актыўную жыццёвую пазіцыю, прымалі ўдзел у многіх грамадска-палітычыных акцыях, — патлумачыла намеснік старшыні абласной пісьменніцкай арганізацыі Марына Кобец. – Таму і было прынята рашэнне, каб пісьменнікі і журналісты на гэты раз былі не проста назіральнікамі такой важнай у жыцці краіны падзеі, як Дзень Перамогі, але непасрэднымі ўдзельнікамі святочнага шэсця.

Пра далучнасць тых, хто ішоў у гэтай калоне, да творчасці акрамя звыклых шароў, кветак, стужак на вопратцы сведчылі спецыяльна вырабленыя з гэтай нагоды вялікія, звыш метра вышынёй, пёры, выяву якіх можна было ўбачыць і на значках членаў творчых саюзаў. А яшчэ адной адметнасцю гэтай калоны было тое, што яе ўдзельнікі неслі і вялікія каляровыя фотаздымкі-плакаты з выявамі найбольш адметных мясцін Беларусі: помнікамі архітэктуры, маляўнічымі мясцінамі роднага краю. Іхаўтар – былы дэпутат парламента краіны, член Саюза пісьменнікаў Уладзіслаў Цыдзік.

Амаль паўтары сотні чалавек з розных куточкаў Міншчыны прайшлі ў святочнай калоне. Тут былі не толькі пісьменнікі, журналісты, але і няштатныя аўтары перыядычных выданняў, члены літаратурных аб’яднанняў, бібліятэкары, людзі іншых творчых прафесій.

— Для мяне свята Перамогі вельмі важнае і асаблівае таму, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся з фашыстамі мой дзядуля, афіцэр Мартын Якаўлевіч Куляеў, зведалі цяжкасці ваеннага ліхалецця многія іншыя родзічы, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Аксана ДРАЧАН. – Тэма гераізму беларускага, іншых народаў Савецкага Саюза ў гэтыя тыдні адна з асноўных пры афармленні кніжных выставак, правядзенні мерапрыемстваў у сценах бібліятэкі. Прапаноўваючы чытачам кнігі, творы ваенна-патрыятычнай тэматыкі, цяпер я і мае калегі будзем асаблівую ўвагу звяртаць на аўтараў, з якімі пазнаёміліся 9 мая. Для нас гэта вялікі гонар. Самыя цёплыя ўражанні застануцца і ад па-святочнаму прыбранага горада Жодзіна, і ад незабыўнага канцэрта на гарадскім стадыёне…

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *