Эпіцэнтрам абласных святочных мерапрыемстваў 9 мая стаў горад Жодзіна - zorkanews.by

Эпіцэнтрам абласных святочных мерапрыемстваў 9 мая стаў горад Жодзіна

Эпіцэнтрам абласных святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 74-ай гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 9 мая стаў горад Жодзіна. З усіх куточкаў Міншчыны сабраліся тут людзі, каб маштабна і грандыёзна адсвяткаваць гэты самы светлы і памятны дзень, аддаць даніну павагі і ўшанавання ўсім тым, хто падарыў мір, свабоду і незалежнасць нашай любімай Айчыне.

Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка, памочнік Прэзідэнта, інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.

Дэлегацыю кожнага раёна, у складзе якой было каля паўсотні чалавек, узначальваў старшыня раённага выканаўчага камітэта. А, улічваючы, што і на канцэртных, гандлёвыя пляцоўках былі задзейнічаны амаль усе сталічныя рэгіёны, мерапрыемства па-ісціне ўражвала. Акунуцца ў атмасферу такога маштабнага свята стала сапраўдным падарункам для тых, каму пашчасціла і там пабываць, што неаднаразова адзначалі і ўдзельнікі ўздзенскай дэлегацыі на чале са старшынёй райвыканкама С. Савіцкім.

Пачалося святочнае мерапрыемства з мітынга, ускладання кветак да манумента ў гонар маці-патрыёткі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай.

Пасля ўрачысты парад перамясціўся на галоўны праспект Міру. У суправаджэнні духавых аркестраў, дзе быў і ўзорны аркестр нашай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам А. Несялоўскага, урачыстым маршам прайшлі ваеннаслужачыя, кадзеты, супрацоўнікі МНС. Асобай атрыбутыкай вылучаліся аўтамабілі, на якіх праехалі галоўныя героі свята – ветэраны. Механізаваныя калоны ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі. У адной калоне з ваеннай тэхнікай ішлі і магутныя самазвалы БЕЛАЗа, і навінкі тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў розных галінах народнай гаспадаркі краіны.

Святочная ж калона, якая прадстаўляла грамадскія арганізацыі, чымсьці нагадвала тыя добрыя савецкія першамайска-лістападаўскія дэманстрацыі, толькі была яшчэ больш эфектнай і яркай. І нас, хто ішоў ў яе шэрагах, гэтак жа ўзнёсла віталі шматтысячныя гараджане і госці, якія выстраіліся паабапал праспекта. І тут таксама можна было пачуць знаёмыя:”Ура!” і “Са святам!” У святочнай калоне ішлі прадстаўнікі прафсаюзаў, РГА “Белая Русь”, Беларускага саюза жанчын, Беларускага саюза журналістаў і Саюза пісьменні каў Беларусі, Фонду міра, таварыства Чырвонага крыжа, спартыўных клубаў.

Асабліва вылучалася ў гэтым парадзе калона ўдзельнікаў акцыі “Беларусь памятае”. З партрэтамі родзічаў, якія змагаліся з ворагам у гады вайны, прайшло больш як паўтары тысячы чалавек. Далучыцца да гэтай акцыі, практычна мог бы і кожны ўдзельнік уздзенскай дэлегацыі, бо не было сярод нас ніводнага чалавека, якія б не ўспомнілі сваіх родных, пацярпелых у гады вайны. “Мы памятаем. Мы ганарымся” – словы, якія ішлі ад сэрца і сталі лейтматывам ўсяго мерапрыемства.

Вялікі святочны кірмаш з пачастункамі і сувенірамі, атракцыёнамі і канцэртнымі праграмамі напаўнялі гэты прыгожы горад незабыўнымі майскімі фарбамі. Каля паўтары тысячы артыстаў былі задзейнічаны і на галоўнай канцэртнай пляцоўцы на стадыёне “Тарпеда”. І кожны нумар такога яркага і незабыўнага выступлення ў каторы раз пацвердзіў, што самы лепшы падарунак вясны-45-га – Перамога.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *