Сельскія актывісты, нераўнадушныя да ўсіх грамадскіх падзей — zorkanews.by

Сельскія актывісты, нераўнадушныя да ўсіх грамадскіх падзей

У рознай сферы працавалі і працуюць гэтыя людзі. Жывуць усе яны па-суседску. Добрасумленнасць, шчырасць, адкрытасць вызначаюць іх. А яшчэ яны з той кагорты сельскіх актывістаў, якія не замыкаюцца сценамі ўласных кватэр, застаюцца нераўнадушнымі да ўсіх грамадскіх падзей, якія адбываюцца навокал. Менавіта на такіх і робіць стаўку старшыня сельвыканкама, работу якога нельга ўявіць без надзейнай падтрымкі грамадскіх памочнікаў. Асабліва гэта адчуваецца пры навядзенні парадку, да чаго мясцовыя сельскія людзі ставяцца даволі сурёзна.

Актыўнасці не пазычаць

Вось і Леанід Касабуцкі, прывыкшы штогод удзельнічаць у суботніках, якія арганізуе сельвыканкам на могілках і па ўборцы грамадскіх месцаў сёлета ўжо быў і “засумаваў”. Таму, сустрэўшы старшыню сельвыканкама ў сельскім магазіне, адразу ўдакладніў: “Чаму не завеце, Паўлаўна, на суботнік?” “Пакуль працуем у іншых вёсках, дзень-два і будзем наводзіць парадак на могілках у Канапельках. Аб’ём работы там немалы, так што рыхтуйцеся”, — такім быў адказ.

А неўзабаве сельвыканкам “кінуў кліч” і дружная работа закіпела: высякалі кусты, прыбіралі паламаныя пасля ўрагану (тут ён прайшоў паласой) дрэвы, палілі галлё і адгружалі смецце. У агульнай камандзе, як і кожны год, старанна працаваў і Леанід Іванавіч Касабуцкі.

У гарадоцка-войкаўскай акрузе сям’я Касабуцкіх добра вядомая. 40 гадоў адпрацавала ў сістэме райспажыўтаварыства Наталля Аркадзьеўна. Гэту ўвішную энергічную жанчыну можна было бачыць за прылаўкам магазінаў вёсак Глінкі, Войкава, Віркова. Уся працоўная дзейнасць Леаніда Іванавіча звязана з саўгасам “Гарадок”, дзе ён працаваў шафёрам, механізатарам. Дзевяць гадоў дастаўляў у гаспадарку гаручае з Дзяржынска. Пасля “з’ездзіў” чатыры трактары Т-40, абслугоўваючы саўгасныя фермы. Будучы на пенсіі, працаваў яшчэ конюхам, вартаўніком.

Знайшоў сабе занятак мужчына і дома, даглядае козаў і трусоў. Ёсць на дамашняй гаспадарцы Касабуцкіх куры і індыкі. Яно і не дзіўна, такія працавітыя вясковыя людзі, як яны, і на пенсіі не абмяжоўваюцца тэлевізарам ды канапай. Вядома, і ў мужа, і ў жонкі ёсць свае любімыя тэлеперадачы і не больш таго. Пастаянны рух, актыўнасць – гэта галоўнае. “Зімой хворыя без работы, а цяпер няма калі і хваробу слухаць, — кажа Наталля Аркадзьеўна. — Топчашся на вуліцы зранку да вечара”.

Вось і ў той дзень Наталлю і Леаніда Касабуцкіх дома не засталі. Сустрэлі іх на вясковай вуліцы ў Віркове. На веласіпедах яны вярталіся з мясцовых могілак, дзе наводзілі парадак на магілках родных людзей. “Сама я родам з гэтай вёскі, — сведчыла Наталля Аркадзьеўна. — Тут пахаваны мае бацькі, бабуля і дзядуля, чатыры браты. Таму, калі прыязджаем сюды, то менш, як паўдня і не бываем. Ды не толькі мы, усе людзі стараюцца, шмат увагі надае гэтай рабоце і сельскі Савет, таму ўсе могілкі ў нас дагледжаныя, акуратныя. А тым больш не прыбрацца там пасля зімы, перад такімі вялікімі святамі як Вялікдзень і Радаўніца, думаю, вялікі грэх”. Гэтак жа дружна наводзяць парадак Касабуцкія і на могілках у Канапельках, дзе таксама нямала одных магілак.

Разам з калегамі

Актыўнымі памочнікамі ў навядзенні парадку на зямлі з’яўляюцца работнікі сацыяльнай сферы. Сярод іх бібліятэкары і сацыяльныя работнікі, прадстаўнікі дамоў культуры і школ. Не выключэнне тут і калектыў Суткаўскай базавай школы. На прайшоўшых сёлета суботніках па ўборцы тэрыторыі добра папрацавалі рабочыя Мікалай МАЛАШЭВІЧ (на здымку) і Павел Яраховіч, настаўнік Сяргей Мацкевіч. На пасадцы дрэў не адзін дзень былі заняты тэхнічныя работнікі Ірына Кароль і Ганна Лятун.

Па знаёмых адрасах

Не займаць актыўнасці і Фрыдзе Францаўне ШКАДЗІНСКАЙ (на здымку). Працяглы час працавала яна сацыяльным работнікам. Не першы год выконвае і абавязкі вясковай старэйшыны. Гэта таксама той чалавек, для якога грамадскія інтарэсы заўсёды вышэй за ўласныя. Сваіх падапечных не пакідае яна і зараз. Стараецца пераведаць, патэлефанаваць, калі трэба і дапамагчы. Ды і самі пажылыя людзі нярэдка напамінаюць пра сябе сваімі просьбамі. “Каму трэба бульбу купіць, каму дапамагчы пасадзіць ці знайсці аратага, каму правіянт які даставіць — усё мне тэлефануюць, — кажа Фрыда Францаўна. — Стараюся нікому не адмовіць”. Таму і яе застаць дома даволі цяжка: пайшла і пайшла. Зараз пад асаблівым патранажам вясковай старэйшыны і навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях. “У асноўным людзі ў нас акуратныя, а вось жыхарам аграгарадка бывае і не лішнім напомніць, таму станоўчы вынік бывае, калі дзейнічаем сумесна, і сельвыканкам, і адміністрацыя гаспадаркі”, — кажа старэйшына.

Вядома, каб прыслухоўваліся да тваіх заўваг і з абой лічыліся, трэба шмат працаваць і самому. Прытрымліваецца такога правіла і Фрыда Францаўна. Садзіць і даглядае яна агарод, трымае качак, індыкаў, курэй. І ўсюды ў яе павінен быць парадак. Пастаянная праца і рух таксама яе жыццёвыя спадарожнікі.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *