У “Белай Русі” – новы старшыня — zorkanews.by

У “Белай Русі” – новы старшыня

Ігар Пятровіч i Алена Герасімовіч

30 красавіка прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. З інфармацыяй аб дзейнасці раённай арганізацыі за справаздачны перыяд выступіла яе старшыня Таццяна Мятліцкая.

Грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” — адна з самых буйных грамадскіх арганізацый краіны. У яго радах людзі рознага ўзросту і прафесій. Гэта арганізацыя актыўных прыхільнікаў дзеючай улады, у цэнтры ўвагі якой – чалавек працы.

— Асноўнымі задачамі, якія стаялі перад раённай арганізацыяй у справаздачны перыяд, была работа па прапагандзе і растлумачэнні палажэнняў Праграмы РГА “Белая Русь”, рэдакцыі Статута, пашырэнні ўзаемадзеяння з грамадскімі арганізацыямі канструктыўнай накіраванасці, нарошчванні маштабу і выніковасці ўдзелу ў розных мерапрыемствах, забеспячэнні росту колькасці членаў, — адзначыла Т. Мятліцкая.

У склад раённай арганізацыі “Белая Русь” уваходзіць 38 пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць 593 чалавекі.

Дзейснай формай работы арганізацыі сталі грамадскія прыёмныя. А маніторынг зваротаў дазваляе бачыць рэальную сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў працоўных калектывах і па месцы жыхарства грамадзян, выяўляць праблемныя пытанні. У перыяд выбарчых кампаній грамадскія прыёмныя выконваюць функцыі выбарчых штабоў кандыдатаў у дэпутаты. І кожны раз павялічваецца прадстаўніцтва членаў арганізацыі ў выбарчых камісіях, сярод назіральнікаў. Напрыклад, падчас выбараў дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 28 склікання прадстаўнікі “Белай Русі” працавалі на ўсіх участках для галасавання, а дзве трэці выбраных дэпутатаў з’яўляюцца членамі арганізацыі.

Дзейсным механізмам інфармавання насельніцтва аб дзейнасці грамадскага аб’яднання сталі яго шматлікія мерапрыемствы і акцыі. Сярод іх: “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей!”, “Белая Русь” – ветэранам!”, “У новы год з “Белай Руссю!”, “Белая Русь” – працаўнікам вёскі” і іншыя. І кожная з гэтых акцый, што сталі своеасаблівым брэндам арганізацыі, праходзіць маштабна, ярка, незабыўна. Напрыклад, у рамках праекта “Белая Русь” – з любоўю да дзяцей!” стала традыцыяй ва ўрачыстай абстаноўцы віншаваць бацькоў, у якіх нарадзіліся дзеці ў Дзень Незалежнасці, праводзіць урачыстыя рэгістрацыі дзяцей у аддзеле загс у Дзень маці, Дзень сям’і, Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, віншаваць 100-е дзіця горада, удзельнічаць у дабрачыннай акцыі “Збяры партфель першакласніку”.

Свае традыцыі склаліся і пры аказанні дапамогі ветэранам, ушанаванні перадавікоў жніва. Заўсёды ёсць канкрэтная падтрымка гэтага масавага грамадскага фарміравання пры правядзенні спартыўных мерапрыемстваў, прафесійных святаў. Сваю работу раённая арганізацыя “Белая Русь” будуе ў цесным супрацоўніцтве з раённымі арганізацыямі — аб’яднаннем прафсаюзаў, “БРСМ”, “Беларускі саюз жанчын”. У мінулым годзе імі быўарганізаваны раённы конкурс “Жанчына года”, з іх падтрымкай у горадзе з’явілася і “лаўка для закаханых”.

Таццяна Мятліцкая

— Зроблена нямала, але патрэбна зрабіць яшчэ болей, — канстатавала Т. Мятліцкая. – І для гэтага ёсць шмат рэзерваў. Перш-наперш, мы павінны думаць аб тым, каб дзейнасць аб’яднання была эфектыўнай, каб рос да яе грамадскі давер, і далей выпрацоўваць аргументаваную пазіцыю па ўсіх пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Пра справы сваіх пярвічных арганізацый паведалі прадстаўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Клімко і Анастасія Крупнік. Яны агучылі дзясяткі мерапрыемстваў, якія ініцыіравалі актывісты “Белай Русі”. Сярод іх бібліяваяж і навагодні марафон, творчая сустрэча паэтаў Дзяржынскага і Уздзенскага раёнаў, юбілейная вечарына пісьменніка-земляка В. Шырко, святочная сустрэча будучых і шматдзетных мамаў і інш.

Справаздачу кантрольна-рэвізійнай камісіі зрабіла Ю. Зяневіч.

Пасля таго як былі вытрыманы ўсе справаздачна-выбарныя працэдуры, адбылося першае пасяджэнне раённага савета РГА “Белая Русь”. Старшынёй яго абрана Алена Леанідаўна Герасімовіч, якая працуе загадчыцай дзіцячага сада-ясляў № 2. Першым з такой нагоды яе павіншаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Пятровіч, які ўдзельнічаў у рабоце канферэнцыі і ахарактарызаваў А. Герасімовіч, як актыўнага дэпутата па Калгаснай выбарчай акрузе. У сваю чаргу Алена Леанідаўна падзякавала за давер і выказала спадзяванне на плённую сумесную работу па захаванні тых традыцый, якія назапашаны ў арганізацыі і выпрацоўку новых ідэй і канцэпцый.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *