«Каб пазбегнуць моўных праблем, неабходна прайсці лагапедычнае абследаванне» — zorkanews.by

«Каб пазбегнуць моўных праблем, неабходна прайсці лагапедычнае абследаванне»

Адзін з этапаў абследавання

Парушэнне мовы – дастаткова распаўсюджаная з’ява не толькі сярод дзяцей, але і дарослых. Працэнт моўных парушэнняў, у тым ліку гукавымаўлення, штогод не памяншаецца. Нават дыктары тэлебачання, на жаль, часам маюць дэфекты ў вымаўленні.

Па словах дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (ЦКРНіР) Марыны Паўловіч, прычыны ўзнікнення гэтых парушэнняў разнастайныя. Яны могуць быць вынікам нясвоечасова і не эфектыўна аказаннага лячэння.

— Каб пазбегнуць моўных праблем, мы раім бацькам як мага раней прайсці лагапедычнае абследаванне, як толькі яны самі заўважылі недахопы ў дзіцяці, — адзначае Марына Аляксандраўна. — Звычайна першы агляд праводзіць педыятар дзіцячай паліклінікі. Калі яго штосьці насцярожвае, ён раіць звярнуцца ў наш цэнтр, спецыялісты якога праводзяць больш паглыбленае абследаванне.

Практыка паказвае: дзіця з парушэннямі мовы пры сістэматычнай рабоце можна вывесці з такога стану. Але спачатку неабходна яго выявіць.

— У пачатку навучальнага года мы праводзім абследаванне кожнай групы, — расказвае настаўнік-дыфектолаг цэнтра развіцця дзіцяці “Вясёлка” Ірына Курловіч. — Самы просты і дзейсны метад – назіранне (на занятках, у час гульні ў групе і на вуліцы), якое дапамагае зразумець, каму неабходна дапамога. Часта сустракаецца скрытая форма моўных парушэнняў. І тут лепшыя памочнікі — выхавацелі. Я з калегамі (Вольгай Пецюкевіч, Святланай Лосевай, Марыяй Гурыновіч) прапаноўваю бацькам прайсці лагапедычную камісію ЦКРНіР.

Для абследавання гукавымаўлення спецыялісты цэнтра выкарыстоўваюць розныя спосабы: складанне мазаікі, сістэматызацыя прадметных карцінак па групах (жывёлы, расліны, прадметы, віды работ, іншыя). Лагапеды адзначаюць характар няправільнага вымаўлення: гук апускаецца або дабаўляецца (напрыклад, замест ура – кура, слёзы – сёзы, школа – шекола), пастаянна замяняецца іншым або толькі ў некаторых словах крывіцца (козлік – кослік, дзеці – дзедзі, курыца – куліца), перастаўляецца (блін – білн, магазін – гамазін). У рабоце членам камісіі дапамагае альбом для абследавання мовы і псіхічных працэсаў дзяцей дашкольнага ўзросту, які распрацавалі спецыялісты ЦКРНіР на аснове стандартных методык абследавання ў адпаведнасці з узростам.

Лагапедычная камісія начале з дырэктарам ЦКРНіР Марынай Паўловіч

Безумоўна, аб’ём дапамогі дзіцяці залежыць ад характару дыягназу. Некаторыя парушэнні мовы знікаюць з узростам, частка іх можа быць ліквідавана пры дапамозе лагапеда на пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі з чатырох гадоў. Дзецям з найбольш цяжкімі парушэннямі мовы неабходна працяглая сістэматычна дапамога. Яны наведваюць лагапедычныя або інтэгрыраваныя групы з трохгадовага ўзросту, якія дзейнічаюць у дзіцячых садах № 1, 3 і ў сельскай мясцовасці.

Бацькі павінны памятаць: толькі цеснае супрацоўніцтва з настаўнікам-дыфектолагам дапамагае дзецям выправіць моўныя парушэнні.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *