Правілы бяспекі на вадзе — zorkanews.by

Правілы бяспекі на вадзе

З наступленнем лета асаблівая ўвага надаецца папярэджванню гібелі людзей на вадаёмах. Актуальнай застаецца праблема забеспячэння правапарадку ў месцах масавага адпачынку грамадзян. У цёплы час большасць людзей аддае перавагу адпачынку на прыродзе, пры гэтым часта грэбуючы правіламі бяспечных паводзін, што нярэдка прыводзіць да сумных вынікаў. У сувязі з гэтым не лішнім будзе нагадаць правілы бяспекі на вадзе, расказаць дзе можна купацца, а дзе забаронена. З гэтай нагоды і наша сустрэча з намеснікам начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў, начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, падпалкоўнікам міліцыі Аляксандрам ПЕРАПЕЦКІМ:

— Асноўная прычына, па якой гінуць людзі на вадзе, — купанне ў нецвярозым стане, а таксама ў забароненых і не прызначаных для купання месцах. На тэрыторыі нашага раёна такімі забароненымі месцамі з’яўляюцца: на тэрыторыі Хатлянскага сельсавета – вадаём у раёне лесапаласы аграгарадка Хатляны (кар’ер), вадаём у аграгарадку Хатляны (у раёне могілак ), вадаём у пасёлку Новы Шлях (каля былой школы), вадаём паміж вёскамі Таўкачэвічы-1 і Таўкачэвічы-2; на тэрыторыі Нёманскага сельсавета – рэчка Нёман, урочышча “Люклянаўка” (насупраць будынка былога лясніцтва па вул. Школьнай аграгарадка Магільна), “Высокі бераг” (ад месца купання да моста на рацэ Нёман у Магільна), участак рэчкі ва ўрочышчы “Немнішча” ў Магільна, участак рэчкі насупраць дамоў №№ 12 і 13 па вуліцы Набярэжнай у Магільна; на тэрыторыі Слабадскога сельсавета – сажалка ў вёсцы Старыя Маргі, возера ў вёсцы Хароміцкія, сажалка ў вёсцы Заранкова, возера ў аграгарадку Слабада, рэчка Лоша ў вёсцы Мрочкі і ў вёсцы Рачыца, сажалкі ў вёсках Чашын і Пырышава, вадаём на 47-ым кіламетры аўтадарогі Мінск-Слуцк-Мікашэвічы, прыбярэжная паласа Лашанскага вадасховішча каля вёскі Сенажаткі; на тэрыторыі Азерскага сельсавета – вадаём па вуліцы Паркавай у аграгарадку Возера, вадаём у раёне вуліцы Паркавай паблізу аўтадарогі Мінск-Слуцк-Мікашэвічы, вадаём у раёне вуліцы Палявой у вёсцы Каралёва, вадаём у двары дома №10 па вуліцы Савецкай у Каралёве, штучны вадаём у Возеры з паўночнага боку ў раёне піларамы эксперыментальнай базы імя Катоўскага і ўздоўж аўтадарогі Р-65, вадаёмы у вёсках Баханы, Маркаўцы, Безмяны, Сарокаўшчына; на тэрыторыі Уздзенскага сельсавета – вадаём у канцы вуліцы Калгаснай у Бярвішчах, штучны кар’ер у Глінішчах, вадаём пры ўездзе ў вёску Нізок; на тэрыторыі Дзешчанскага сельсавета – вадаёмы на вуліцах Цэнтральнай і Школьнай у аграгарадку Дзешчанка, на вуліцах Партызанскай, Савецкай і Мірнай у Цялякаве, вуліцах Цэнтральнай і Зарэчнай у Ялоўцы, а таксама вадаёмы ў вёсках Слабодка, Валодзькі, Гарбаты, Гарадзішча, Кашканы. Канстанцінава, Ячанка (на ўездзе ад аўтадарогі Р-23), Карма (вул. Сонечная), Рабінаўка (вул. Рабінавая).

Вялікую небяспеку ўяўляе элементарнае легкадумства і бескультурныя паводзіны людзей падчас адпачынку. Нярэдка адпачываючыя, распіваючы спіртныя напіткі, пакідаюць на беразе або кідаюць у ваду пустыя бутэлькі, у выніку чаго дзясяткі людзей штогод звяртаюцца па медыцынскую дапамогу з траўмамі рознага характару. Да трагічнага зыходу нярэдка прыводзіць і ныранне ў непрыстасаваных і неправераных месцах. У 2017 годзе на тэрыторыі нашага раёна пры купанні загінулі 3 грамадзяніны, з якіх 1 непаўналетні. У 2018 годзе – 1.

Асноўнымі прычынамі гібелі людзей на вадаёмах вобласці ў мінулым годзе сталі наступныя: купанне ў нецвярозым стане (алкаголь расшырае сасуды, а пры рэзкім ахалоджванні яны звужаюцца і клеткам арганізма не хапае кіслароду, чалавек страчвае кантроль над сваім целам і пачынае тануць), нізкая культура паводзін каля вады – незахаванне элементарных мер бяспекі і правілаў паводзін на вадаёмах, купанне і ныранне ў забароненых і неабследаваных месцах. Прычынай трагедыі на вадзе з’яўляецца і няўменне плаваць, хваробы, пры якіх купанне дапускаецца толькі са значным абмежаваннем (сардэчна-сасудзістыя, перапады крывянога ціску, схільнасць да страты прытомнасці, прыступы эпілепсіі). Асаблівую ўвагу і пільнасць неабходна праяўляць пры знаходжанні на вадзе дзяцей. Тут да непапраўнага прыводзіць недагляд дарослых.

— Не менш важна памятаць і аб захаванасці ўласных рэчаў. Адпачываючы на прыродзе, асабліва пасля ўжытага спіртнога, людзі расслабляюцца, праяўляюць бяспечнасць, тым самым ствараюць магчымасць для крадзяжу асабістай маёмасці, у прыватнасці, мабільных тэлефонаў,кашалькоў, пластыкавых картак, дакументаў і інш, — папярэджвае праваахоўнік. – У месцах купання і адпачынку з адкрыццём купальнага сезону будуць дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі АСВОДа. У гэтых месцах забаронена распіццё алкагольных, слабаалкагольных напіткаў і піва.

Захаванне элементарных норм і правіл паводзін у месцах масавага адпачынку, на вадаёмах — правіла, напісанае жыццём. Захаванне іх пазбавіць ад непрыемнасцей, дапаможа захаваць здароўе і жыццё.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *