Cанаторый “Пад’ельнікі” адзначыў 30-гадовы юбілей — zorkanews.by

Cанаторый “Пад’ельнікі” адзначыў 30-гадовы юбілей

16 мая ва ўрачыстай абстаноўцы санаторый “Пад’ельнікі” адзначыў 30-гадовы юбілей. Былі шматлікія віншаваннямі, заслужаныя ўзнагароды, прыемныя падарункі і пазітыўныя эмоцыі.  

 Сярод шаноўных гасцей былі старшыня цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”, старшыня паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, пяціразовы паралімпійскі чэмпіён Алег Шэпель, дырэктар рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Рэспублікі Беларусь Генадзій Балбатоўскі, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне абласнога выканаўчага камітэта Надзея Цупа, старшыня Мінскай абласной арганізацыі прафсаюзаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Ілья Шацько, старшыня Мінскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Святлана Сянько, калегі з прадпрыемстваў розных куточкаў краіны.  

Шаноўныя госці з Пінска, Маладзечна, Гомеля, Брэста – А. КІКТЭНКА. М. КАЛЯДА, С. РАМАНЮК, А. ЮХНІК з намеснікам старшыні райвыканкама А. ФЕДЧАНКА 

Шчырыя віншаванні калектыву ад імя раённага выканаўчага камітэта адрасавала намеснік старшыні Анжэла Федчанка. Падзяка райвыканкама была ўручана інспектару аддзела кадраў Таццяне Бірук, падзячнае пісьмо – вадзіцелю Івану Дземідовічу. У гэты дзень заслужаныя ўзнагароды атрымаў практычна кожны работнік аздараўленчай установы, якую добра ведаюць не толькі ў раёне, вобласці, рэспубліцы, а і далёка за яе межамі. 

Старшыня цэнтральнага праўлення ГА “БелТІЗ” Алег ШЭПЕЛЬ, намеснік дырэктара санаторыя Любоў КАМЕШ, ветэраны калектыву Рэгіна ПУКАЧ і Любоў КАРПОВІЧ

Спрыяе гэтаму дружная работа высокакваліфікаванага персаналу, сучаснае абсталяванне, разнастайны і займальны адпачынак. Размешчаны санаторый “Пад’ельнікі” ў маляўнічым месцы, дзе зліваюцца рэкі Уса, Лоша і Неманец, якія ўтвараюць магутны Нёман. Існуе павер’е, што зямля ў гэтым месцы валодае цудоўным станоўчым энергетычным уздзеяннем на чалавека. Нездарма ў свой час праводзіў тут свае навуковыя даследаванні і аздараўленне людзей Якуб Наркевіч-Ёдка. 

За сваю гісторыю санаторый прайшоў важныя этапы развіцця. Па выніках дзяржаўнай атэстацыі ў верасні 2006 года прадпрыемству прысвоены статус санаторна-курортнай арганізацыі другой катэгорыі. Наладжана цеснае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім цэнтрам, у 2015 годзе санаторый займеў статус першай катэгорыі.  

Адзін з урачыстых момантаў свята

Адметным для калектыву стаў пачатак 2008 года, калі было адкрыта аддзяленне медыка-сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку Мінскай вобласці. У той жа год санаторый наведаў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Філарэт. 

Дзяржаўная палітыка ў сістэме санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення дынамічна развіваецца. Не выключэнне і санаторый “Пад’ельнікі”, які размешчаны на такой знакавай зямлі, — адзначыў Г. Балбатоўскі. — Унікальнасць санаторыя ў тым, што мы дапамагаем людзям з паталогіяй зроку адаптавацца ў грамадстве, адчуваць сябе больш упэўнена, за што асаблівая ўдзячнасць калектыву. 

Разам з цяперашнімі работнікамі санаторыя цёплыя словы прызнання прымалі і ветэраны калектыву. Сярод іх Васілій Мікалаевіч Арабінка, Рэгіна Уладзіміраўна Пукач, Любоў Пятроўна Карповіч, Соф’я Антонаўна Асіеўская. Ірына Юльянаўна Карачун, Людміла Яўгеньеўна Філіпец. Не адзін год на пасадзе дырэктара ўстановы працаваў і Дзмітрый Нікадзімавіч Данейка. Кветкі, сувеніры і шчырыя словы да глыбіні душы расчулілі гэтых шаноўных людзей.   

Музычны падарунак ад Надзеі МІКУЛІЧ

Сёння мы ўражаны добрым рамонтам санаторыя, маем магчымасць гаварыць пра дасягненні калектыву і такія цудоўныя магчымасці для аздараўлення. А на маёй памяці і той час, калі адна баба Рэня (Рэгіна Уладзіміраўна Пукач) кіравала тут усім “прадпрыемствам”: была загадчыкам гаспадаркі і кіраўніком, адміністратарам і поварам, — узгадаў А. Шэпель. – Ужо тады тут было утульна і хораша. А смак прыгатаваных ёй дранікаў і бабкі памятаю і да гэтай пары.  

 Не шкадавалі шчырых слоў для гасцей і калег вядучыя вечарыны культарганізатар Генадзій Ярмак і прафсаюзны лідар, загадчыца аддзялення рэабілітацыі Ала Адамовіч. На далейшую сумесную паспяховую працу, дзе яшчэ шмат рэзерваў, настройваў калектыў і дырэктар санаторыя Андрэй Грудзіна.  

 Шыкоўным быў музычны акцэнт святочнай вечарыны. Сваё майстэрства шаноўнай публіцы дарылі заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Надзея Мікуліч, якая на сцэне “Пад’ельнікаў” ужо не першы раз і вядомыя артысты беларускай эстрады Святлана Агарвал і Валерый Каняхін.  

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ 

Фота аўтара  

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *