Праверка стану лясных масіваў вакол райцэнтра — zorkanews.by

Праверка стану лясных масіваў вакол райцэнтра

“Месца адпачынку” (лясны масіў каля татарскіх могілак)

Чарговая праверка стану лясных масіваў вакол райцэнтра інжынерам па ахове лесу лясгаса Дзмітрыем Віяленціем, спецыялістам інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Наталляй Мікуліч, памочнікам урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Зінаідай Махнач і супрацоўнікам рэдакцыі газеты “Чырвоная зорка пакінула непраемнае ўражанне.

У зоне адпачынку на боркаўскім перакрыжаванні любяць адпачываць кампаніямі. А чаму б і не? Ёсць альтанкі, абуладкаваны месцы для смажання шашлыкоў, зручны пад’езд на аўтамабілях. Ды толькі не заўсёды пакідаюць госці пасля сябе чысціню і парадак, хоць і стаяць скрыні для смецця, праўда без накрывак, што не зусім адпавядае нормам. Дах некаторых альтанак патрабуе рамонту. Па словах Дзмітрыя Віяленція, рамонт зон адпачынку, якія знаходзяцца на балансе лясгаса, запланаваны на другі квартал гэтага года, палова якога ўжо мінула.

Пабывалі і каля татарскіх могілак. Грунтовая дарога аддзяляе дамы гараджан ад ляснога масіву, які забруджаны рэшткамі чалавечай дзейнасці: абрэзаныя галіны садовых дрэў, дошкі, поліэтыленавая плёнка, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, іншае. Такая ж карціна насупраць вуліцы Шыдлоўскага. Зразумела, што смецце носяць самі жыхары. Вось толькі чаму? Кантэйнеры ж стаяць побач! Няўжо падабаецца жыць каля сметнікаў?..

Сметнік паміж яўрэйскімі могілкамі і малочным заводам

Паміж яўрэйскімі могілкамі і малочным заводам знайшлі аўтамабільныя шыны, плёнку, бутэлькі, іншае смецце, крыху прысыпанае леташнім лісцем. Усё гэта адразу кідалася ў вочы сярод зеляніны, якой ўпрыгожылася зямля. Выгарыны ад кастроў сведчылі пра тое, што гэта месца любяць наведваць аматары ляснога адпачынку. Толькі як сярод такога бруду можна бавіць вольны час?

— А паглядзіце што творыцца на задворках малочнага завода, базы райспажыўтаварыства? Суботнікі ж былі! — абуралася Наталля Мікуліч, убачыўшы смецце каля агароджы прадпрыемстваў.

— У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў №1087 “Правілы добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў” ад 22 лістапада 2012 года кожная арганізацыя павінна прыбіраць тэрыторыю і за агароджай, а не работнікі лясніцтва, — патлумачыла Зінаіда Махнач. — А райспажыўтаварыству неабходна паправіць і агароджу, якая месцамі легла долу.

Рэйдавая група пабывала ў лясных масівах каля вёскі Тычынкі, вуліц Бярозавай, Палявой, Зорнай райцэнтра. Рэшткі чалавечай дзейнасці знайшлі і там, аднак не ў такім аб’ёме, як на папярэдніх аб’ектах.

— Са смеццем мы пачынаем змагацца як толькі сыходзіць снег. Людзі кідаюць пад ногі усё, што нясуць у руках, вывозяць у лес усялякі хлам. Ды і што казаць, вы самі ўсё бачылі, — пракаменціраваў сітуацыю Дзмітрый Віяленцій. — Леснікі збіраюць усё ўручную, грузяць і вывозяць. І так амаль круглы год…

“Суперагароджа” базы райспажыўтаварыства

Зразумела, што да кожнага наведвальніка не прыставіш кантралёра. Чысціня лесу залежыць не ад тых, хто прыбірае, а ад тых, хто не кідае смецце. Мы любім разважаць пра цывілізаваныя краіны, як там чыста. Так можа быць і ў нас, для гэтага проста неабходна самім стаць цывілізаванымі.

РS. Пакуль рыхтаваўся матэрыял да друку, у лясным масіве каля татарскіх могілак быў наведзены парадак.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *