Калі жывеш паміж Мінскам і Уздой — zorkanews.by

Калі жывеш паміж Мінскам і Уздой

Статус “аграгарадок” Дзешчанка атрымала ў 2005 годзе. “Чаму менавіта гэты населены пункт першым у раёне пачаў развівацца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння і развіццця вёскі на 2005-2010 гады? — спытае цікаўны чытач. Адказ просты: Дзешчанка на той момант і сапраўды была падобна на невялікі гарадок, утульны, прыгожы, сучасны, дзе былі створаны ўсё ўмовы для жыцця і работы. Такой яна застаецца і цяпер, аднак…

Паводле кнігі “Памяць. Уздзенскі раён” Дзешчанка вядома з XIX стагоддзя як вёска Станькаўскай воласці Мінскага павета. У пачатку XX стагоддзя ў ёй было 47 двароў (у 1971 – 60, на 1 студзеня 2000 – 175, сёння — 272), пражывала 265 жыхароў (у 1971 – 150, на 1 студзеня 2000 – 565, на 1.01.2019 — 758 чалавек, з іх 143 дзіцяці, 486 працаздольнага ўзросту). У пачатку 30-х гадоў у Дзешчанцы былі ваўначоска, кузня, стальмашня, дзейнічаў калгас “Зара камунізма”. На жаль, гадоў колькі таму эксперыментальная база імя Суворава (апошняя назва сельгаспрадпрыемства) была ліквідавана, землі і маёмасць перададзены эксперыментальнай базе імя Катоўскага, цэнтральная сядзіба якой знаходзіцца ў аграгарадку Возера.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, жыхары Дзешчанкі папоўнілі рады дзеючай арміі. Хтосьці з іх назаўсёды застаўся ў землях розных краін Еўропы. У гонар загінуўшых у парку перад Цэнтрам вольнага часу ўстаноўлены помнік. Былі і тыя, хто прайшоў ваеннае пекла сустрэў пераможны май, каб потым разам з аднавяскоўцамі адбудоўваць родную Дзешчанку, якую, дарэчы, у 1944 годзе спалілі нямецка-фашысцкія акупанты.

Былая даярка дзешчанскай фермы Лідзія Нямчонак

— Бацька мой загінуў на фронце, мама адна падымала чацвёра дзяцей. Цяжкія былі пасляваенныя гады, усяго хапіла: і голаду, і холаду, — расказвае Лідзія Адамаўна Нямчонак. — Раней у Дзешчанскай школе былі толькі 4 класы. Сямігодку заканчвала ў Ячанцы. Жылі бедна, грошай на вучобу далей не было, таму пайшла працаваць паляводам, а з 1955 па 1991 — даяркай. Спачатку ў групе было 14 кароў, даілі рукамі. Перад выхадам на пенсію даіла ўжо 60 кароў, праўда, механізавана. Ад адной каровы атрымлівала больш за 4000 кілаграмаў малака. Памятаю, ідзём з Галяй Нямчонак, Адай Малашка з вячэрняй дойкі, абавязкова спяваем “Кацюшу”, “Распрагайце хлопцы каней”, іншыя. На танцы хадзілі. Антон Сянькевіч ладна граў на гармоніку польку, вальс, “барыню”, кракавяк… Раней жа клуб быў у Карме, у Дзешчанцы толькі пры Вадзіму Вікенцьевічу Лойку пабудавалі. Пры ім многае змянілася ў вёсцы. І газ правялі, і дарогі заасфальтавалі. А колькі дамоў для людзей пабудавалі! Моладзі ж многа было…

З гісторыі: Пачатак 80-х гадоў мінулага стагоддзя. Вёска Дзешчанка, на той момант Азерскага сельсавета, мала чым не адрознівалася ад іншых цэнтральных сядзіб сельгаспрадпрыемстваў раёна. Брудныя, слаба асветленыя вуліцы, уздоўж якіх старэнькія хаціны, старэнькая кантора базы, крама… Адзінае, што радавала – добрыя вытворчыя паказчыкі сельгаспрадпрыемства: па ўраджайнасці бульбы сувораўцы былі не апошнія ў рэспубліцы. Знакаміты дзешчанскі “тэмп” карыстаўся папулярнасцю ў розных кутках Савецкага Саюза. Але гаспадарка была небагатая. Праўда, грошы на набыццё тэхнікі, паляпшэнне рэпрадукцыйнага складу насення рэгулярна выдзяляліся. Пра паляпшэнне сацыяльна-бытавых умоў вяскоўцаў у той час мала не думалі. Старажылы прыгадваюць: раней па Дзешчанцы ў непагадзь можна было прайсці толькі ў гумовых ботах, так размывала дарогу…

Вірлівае жыццё аграгарадка

Вось такую спадчыну прыняў ад папярэдніка малады старшыня калгаса Вадзім Лойка. З яго  прыходам пачаўся новы віток у развіцці Дзешчанкі.

— Вадзім Вікенцьевіч быў упэўнены, што без стварэння належных умоў для працы, жыцця і быту сялян не ўзняць і вытворчасць. Паціху пачалі ўзводзіць новы машынны двор, бульбасховішча, аграхімцэнтр, іншыя гаспадарчыя пабудовы, — працягвае расказ Лідзія Адамаўна. — Разумеў малады дырэктар і тое, што без высокаадукаваных кадраў не абыйсціся. Каб прыцягнуць іх у гаспадарку, неабходна жыллё. На самым высокім узроўні даказаў ён неабходнасць будаўніцтва дамоў-катэджаў для замацавання ў гаспадарцы не толькі спецыялістаў вышэйшага звяна, а і трактарыстаў, вадзіцеляў, аператараў машыннага даення, жывёлаводаў.

Першакласнікі Эмілія і Максім

Спачатку на ўскрайку вёскі вырас адзін такі дом, другі, вось ужо не адна вуліца з’явілася ў Дзешчанцы. Утварыўся кампактны жылы пасёлак, які з лёгкай рукі мясцовага востраслова празвалі “Чыжоўкай” – як у Мінску! Амаль у цэнтры пасёлка з’явіўся новы Цэнтр вольнага часу з адміністрацыйным будынкам базы, кінаканцэртнай залай, на сцэне якой выступалі вядомыя ў краіне салісты і калектывы, з памяшканнямі для гуртковай работы (да гэтага часу з задавальненнем юныя дзешчанцы займаюцца саломапляценнем, чарлідзінгам, танцамі). А побач узвялі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, гандлёвы цэнтр (магазін, сталовая, бар). Пашырыла свае межы і прыгожа ўпісалася ў мясцовы ландшафт Дзешчанская школа-сад. Сёння многія ўпэўнены, што без Вадзіма Вікенцьевіча такога б у Дзешчанцы не было. І да гэтага часу ён прымае актыўны ўдзел у жыцці населенага пункта, выступаючы спонсарам розных добрых спраў.

Узвядзенне аграгарадкоў пачалося з 2005-2006 гадоў. Рэспубліка нагадвала будаўнічую пляцоўку. Тэмпы ўзвядзення тыпавых домікаў былі хуткія, праўда, іх якасць незаўсёды была належная. Межы Дзешчанкі ў тыя гады значна пашырыліся. Праўда, пасля выхаду Вадзіма Вікенцьевіча Лойкі на заслужаны адпачынак дырэктарскае крэсла займаў не адзін кіраўнік, часта змяняліся і спецыялісты гаспадаркі. Урэшце калісьці магутнае перспектыўнае сельгапрадпрыемства перастала існаваць, што стала сапраўдным шокам.

Аднак Дзешчанка не пусцее. Гараджане з задавальненнем перасяляюцца ва ўтульны аграгарадок з добрай інфраструктурай (цэнтральная сядзіба сельскага Савета, амбулаторыя, школа-сад, Цэнтр вольнага часу, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, ветучастак, конна-спартыўная школа, фермерская гаспадарка “Алімп-Агра”, магазіны райспажыўтаварыства і прыватныя, аддзяленне паштовай сувязі, ПАВЧ, прыватная цырульня), з выгадным месцазнаходжаннем (24 кіламетры да Узды і 37 – да Мінска), спакойным размераным вясковым жыццём, прыгожай прыродай, чыстым паветрам.

— 16 гадоў таму трапіла ў Дзешчанку па размеркаванні, сама родам з Узды, але да тае пары нават і не ведала, што ёсць такая вёска, — расказвае памочнік урача Дзешчанскай амбулаторыі Ганна Бяганская. — Першае ўражанне: які прыгожы, добраўпарадкаваны населены пункт! І людзі добрыя, гасцінныя. Тут сустрэла свайго будучага мужа, дом далі. За столькі гадоў усё стала родным, мілым. Сябры аднаго разу спыталі, ці не надумала пераехаць у горад. Адказала: “А чым у нас тут не горад? Усё ёсць для жыцця, адпачынку, і сыночку Багдану тут падабаецца. Ён наведвае школу-сад, якая па кваліфікаванасці педагогаў, матэрыяльна-тэхнічнай базе і нават знешнім выглядзе не саступіць і сталічнай.

За здароўем дзешчанцаў сочыць Ганна Бяганская

Меркаванне Ганны Уладзіміраўны мае рацыю. Праца, спорт, краязнаўства даўно сталі галоўнымі фішкі Дзешчанскай сярэдняй школы-сад, якая з’яўляецца сапраўдным культурным і адукацыйным цэнтрам аграгарадка. Тут атрымліваюць веды 214 вучняў і 60 выхаванцаў-дашкалят. Утульныя вучэбныя кабінеты, майстэрні, бібліятэка, актавая зала, медыцынскі класы, сталовая, спартыўныя залы, многафункцыянальны стадыён з баскетбольнай і валейбольнай пляцоўкамі, бегавымі дарожкамі – усё гэта дапамагае вясковым хлопчыкам і дзяўчынкам выйсці са сцен навучальнай установы не толькі адукаванымі, але і выдатна падрыхтаванымі да дарослага жыцця.

Парк камянёў

Брэнд Дзешчанскай школы-сад – Музей бульбы, аналагаў якому ў Беларусі няма. Больш за 100 экспанатаў збіраліся не адным пакаленнем вучняў. Гэта ўнікальныя матэрыялы пра вядомых землякоў. Вядзецца вялікая навукова-даследчая работа, вынікі якой не раз былі прадстаўлены на раённых і абласных канферэнцыях і атрымлівалі дыпломы І і ІІ ступеняў. Музей супрацоўнічае з Навукова-практычным цэнтрам Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве ў Самахвалавічах. Цікавую экскурсію па музеі праводзіць вучаніца 9 класа Ксенія Зуева.

Экскурсію ў школьным музеі праводзіць Ксенія Зуева

— У кожнага ёсць блізкае і роднае месца, дзе ён адчувае сябе спакойна і вольна, — дзеліцца думкамі Ксенія. — Для мяне Дзешчанка — любая, родная, жывая, вясёлая, цікавая, непаўторная. Тут жывуць добрыя, спагадлівыя, працалюбівыя людзі, мае родныя і сябры, і мясціны вакол вабяць прыгажосцю.

У гэтым пераканаліся, прагуляўшыся па ціхіх вуліцах, якіх у Дзешчанцы пятнаццаць. На адной з іх сустрэлі першакласнікаў Эмілію і Максіма. Эмілія Дземідовіч нарадзілася ў Мінску. Яе бацькі вырашылі пусціць свае карані на дзешчанскай зямлі (пабудавалі дом), далей ад гарадской мітусні і шуму. На думку Аксаны, мамы дзяўчынкі, свежае паветра толькі на карысць дачушцы, і школа тут сучасная, настаўнікі добразычлівыя, мерапрыемствы розныя праходзяць.

— Сумаваць няма калі, — дадае Надзея Чарнадзед, мама Максіма. — Сама я з Мінскага раёна, а муж родам адсюль, таму і пераехалі. Спачатку было складана, малая радзіма вабіла да сябе. Свой дом, работа мужа, ды і мясціны маляўнічыя – прывыкла. Вакол ідзе актыўнае будаўніцтва, новыя вуліцы з’яўляюцца, маладыя сем’і пераязджаюць. Усё тут ёсць для жыцця і выхавання дзяцей, нават парк камянёў і дзіцячая пляцоўка для гульняў. Ды і да сталіцы, райцэнтра недалёка…

Адзін са старажылаў знікаючай вёскі расказаў, як яна вымірае. Першая верная прыкмета будучай канчыны – адсутнасць работы. Няма яе – не будзе і моладзі. Актыўныя едуць у суседнія вёскі, горад, таму закрываюцца клуб, бібліятэка, пошта, школа, садзік. Да апошняга “трымаецца” магазін. Калі з жыхароў застаюцца толькі старыя ды п’яніцы, лічы, што вёскі ўжо няма. Такая доля магла спасцігнуць і Дзешчанку. Аднак адсюль людзі не спіліся і не раз’ехаліся, бо не мае рацыі дзе ты жывеш, галоўнае – як жывешь… Нягледзячы на ўсе перыпетыі, аграгарадок працягвае жыць, развіваецца, застаючыся любімым для многіх пакаленняў дзешчанцаў.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *