Ветэран педагагічнай працы Зінаіда Траяноўская - zorkanews.by

Ветэран педагагічнай працы Зінаіда Траяноўская

Роля настаўніка ў вёсцы, дзе ўсе адзін аднаго добра ведаюць, асобая. Ён заўсёды ў полі зроку, нават калі пайшоў на заслужаны адпачынак.

Адрас гераіні гэтага артукула падказалі нам самі жыхары аграгарадка Слабада. “Напішыце пра нашу Зінаіду Міхайлаўну, абавязкова, — пачулі ад месцічаў. — Калісьці яна настаўніцай працавала ў школе, потым завучам была. Вельмі добры чалавек, душэўны, спагадлівы.” Пасля такіх слоў абмінуць дом Зінаіды Міхайлаўны Траяноўскай не змаглі, аб чым ніколечкі не пашкадавалі, бо сустрэча з такім светлым і гасцінным чалавекам пакінула незабыўныя ўспаміны.

— Родам я з Гродзеншчыны. У гэту вёску трапіла па размеркаванні пасля педкаледжа ў 1970 годзе У школе мне адразу далі класнае кіраўніцтва ў 8 класе, — прыгадвае суразмоўца. — На той час школа ў Слабадзе была вялікая, па 18-20 чалавек у класе. Узначальваў яе Валянцін Цімафеевіч Трамбіцкі. Пасля яго дырэктарам быў Іван Піліпавіч Бернік. Спачатку я выкладала працу, а пасля заканчэння педагагічнага інстытута — урокі гісторыі. Калектыў прыняў мяне добра. Настаўнікі дапамагалі, падказвалі. Ды і дзеці адносіліся з павагай, хоць некаторыя з іх ростам былі вышэйшыя за мяне. Цікава было працаваць, весела. Яскрава запомніўся мой апошні клас, у якім вучылася тры Сяргеі: Суднік, Булат, Дубовік. Верткія, хуткія, вясёлыя, але паслухмяныя. Мы часта хадзілі ў паходы: Станькава, Мікалаеўшчына… Дзе толькі не пабывалі! Хадзілі на некалькі дзён, ставілі палаткі, рыхтавалі ежу на вогнішчы, спявалі песні. Дарэчы, я яшчэ і ўрокі спеваў выкладала, праўда без інструмента. Не раз з дзецьмі выступалі з канцэртамі ў школе, клубе, удзельнічалі ў раённых конкурсах, аглядах мастацкай самадзейнасці.

Часта ездзілі на экскурсіі: Прыбалтыка, Ленінград, Кіеў, Залатое кальцо Расіі…

Слухаючы Зінаіду Міхайлаўну, разумееш, што яна належыць да ліку тых педагогаў, якія спалучаюць у сабе вялікі педагагічны вопыт і сапраўдныя творчыя, душэўныя адносіны да навучальнага працэсу і галоўных яго ўдзельнікаў – дзяцей. Пра такіх людзей, як яна, кажуць: “Настаўнік з вялікай літары”.

— Яшчэ ў школе вырашыла, што абавязкова буду настаўніцай, — расказвае жанчына. — У выпускным класе, афармляючы альбом, пад сваім фотаздымкам кожны з нас пісаў сваю мару. Пад маім так і запісана: марыць стаць настаўніцай. І стала, аб чым ніколі не пашкадавала. Па педагагічнай сцежцы пайшла і дачушка Наталля. Яна выкладае ў пачатковых класах раённай гімназіі.

М. Горкі пісаў, што ў душы кожнага дзіцяці ёсць нябачныя струны, і калі закрануць іх умелай рукой, яны прыгожа загучаць. Гэтыя струны ўмела знаходзіла Зінаіда Міхайлаўна ў сваіх вучнях, аддаючы ім сваю душу і сэрца, не шкадуючы сіл і часу. Выдатны педагог, сапраўдны майстар сваёй справы, яна падрыхтавала да самастойнага жыцця не адно пакаленне. А веды, атрыманыя на ўроках гэтага таленавітага педагога, сталі сапраўдным арыенцірам у выбары далейшага жыццёвага шляху.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *