У вёсцы Глiнкi прайшло мерапрыемства, прысвечанае 75-ай гадавіне вызвалення Беларусі - zorkanews.by

У вёсцы Глiнкi прайшло мерапрыемства, прысвечанае 75-ай гадавіне вызвалення Беларусі

Фотаальбом – такі падарунак ад бібліятэчных работнікаў атрымаў шаноўны госць сустрэчы

У пачатку мая на тэрыторыі раёна стартаваў творчы праект, ініцыяваны супрацоўнікамі раённага Дома культуры. Прысвечаны ён 75-ай гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напрацягу месяца ва ўсіх клубных установах раёна праходзяць розныя мерапрыемствы. На адным з іх – у вёсцы Глінкі – давялося пабываць і мне.

Ладзілася мерапрыемства ў другой палове дня, калі мясцовыя жыхары і дачнікі, скончыўшы справы, маглі выдзеліць гадзіну-другую, каб акунуцца ва ўспаміны. Тым больш, што месцам правядзення сустрэчы была абрана тэрыторыя каля помніка землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Увага гледачоў у першую чаргу была накіравана на выстаўку кніг і здымкаў, аб’яднаных назвай “Бессмяротная Перамога, бессмяротныя яе салдаты”. Галоўным героем, які пазіраў са здымкаў быў непасрэдны ўдзельнік падзей ваеннай пары Уладзімір Фролавіч Звярынскі. Так, Уладзімір Фролавіч прайшоў доўгай дарогай, на якой хапала і жахаў, і болю, іншых выпрабаванняў, але гэты 95-гадовы дзядуля і сёння застаецца прыветлівым, шчырым чалавекам, які радуецца жыццю і дае такое настаўленне сучаснікам: “Да апошняга заставайцеся вернымі роднаму краю!”

Ветэрана Уладзіміра ЗВЯРЫНСКАГА прывецілі хлебам-соллю

Ветэран і на гэтым свяце заняў пачэснае ганаровае месца сярод гледачоў. Бляск медалёў на яго грудзях прыцягваў погляды многіх – і дзяцей, і дарослых. І калі ў малых інтарэс выклікалі гісторыі, за што дзядуля атрымліваў гэтыя блісчастыя кругляшы, то больш сталыя людзі разумелі: за кожнай узнагародай хаваецца цэлыя гісторыя, ад якіх і цяпер па целе ідуць дрыжыкі, а сэрца сціскаецца ад болю і перажыванняў…

Сустрэчай са слязамі на вачах гэта мерапрыемства стала і для жыхарак вёскі Глінкі Галіны Уладзімраўны Война і Ніны Адамаўны Шут.

– Я вельмі люблю чытаць, у тым ліку і кнігі пра вайну, бо яны кранаюць за жывое, – адзначыла Галіна Уладзіміраўна. – Вайна ў нашу сям’ю “зазірнула” ў 1939 годзе, калі тату забралі на фінскую вайну. Што з ім сталася, мы не ведаем, ён прапаў без звестак. Мама адна падымала нас, чатырох дзяўчынак, на ногі. Няма ўжо ні мамы, ні сястрычак, адна я засталася. А якія вершы пісала мая сястра Наталля (Вайцяховіч. – Аўт.)

Дуэтам спявалі Ала КУНЦЭВІЧ і Уладзімір ФАРАФОНТАЎ

Палыны, палыны, палыны…
На узмежках скалечаных лёсаў
Так заўзята бяруцца яны
І гаркотай атручваюць лёсы.

– 9 мая на гэтым месцы таксама праходзіў мітынг, – далучаецца да размовы Ніна Адамаўна. – Падобныя мерапрыемствы, хоць і вельмі хвалюючыя, не прапускаю. Гэта ж памяць пра нашых родных, якіх мы не маем права забываць. Бацька мой таксама не вярнуўся вайны. Ён загінуў у Польшчы пры фарсіраванні ракі. Вось і сёння я зноў ледзь стрымліваю слёзы, здаецца, што і прырода падзяляе з намі боль, так ціха навокал…

І гэту цішыню вельмі гучна парушылі гукі метранома, калі прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, хто не вярнуўся дадому з палёў, дзе грымелі кананады і чуліся стрэлы.

Акампаніятар Валянцін БАРЭЙША

Разам з вядучымі, бібліятэкарам Ганнай Пугачовай і загадчыцай Камянкоўскага СДК Наталляй Шышко, вяскоўцы ўспомнілі, праз якія выпрабаванні давялося прайсці месцічам у гады Вялікай Айчыннай вайны, як пасля яе заканчэння сумеснымі намаганнямі “падымалі” калгас і жылі, радуючыся кожнаму дню, гадавалі дзяцей і адпраўлялі іх у свабодны палёт. І галоўнай спадарожніцай гэтых падзей была песня, якая ў гады ваеннага ліхалецця надавала сіл. Таму калі загучала мелодыя вядомай і знаёмай усім “Кацюшы”, яе тут жа падхапілі ўсе прысутныя і яна запоўніла наваколле.

Акампаніятарам у той дзень выступаў Валянцін Сямёнавіч Барэйша, дачнік з мясцовымі каранямі. У свой час мужчына скончыў сталічнае музычнае вучылішча імя Глінкі па класе “баян” і сваё жыццё звязаў з музыкай, а дакладней – з рамонтам і рэстаўрацыяй музычных інструментаў( працуе ў музычнай майстэрні). Аднак узяць у рукі інструмент і сыграць што-небудзь для душы – у гэтым Валянцін Сямёнавіч не адмаўляе ні сабе, ні блізкім. Вось і на гэтай сустрэчы, калі яму папанавалі “падыграць трошкі”, з асаблівым пачуццём узяў у рукі баян.

– У маім жыцці было шмат выступленняў, але сённяшняе – асаблівае і адказнае, – паведаў Валянцін Сямёнавіч. – Ужо сама прысутнасць на сустрэчы ветэрана абавязвала сыграць душой і сэрцам. Бо і наша сям’я зведала, што вайна – гэта нешта страшнае і непрадказальнае. Брат майго бацькі быў партызанам, загінуў. Ды і мой бацька зведаў шмат, быў падпольшчыкам, трымаў сувязь з партызанамі, але яго выдалі “добразычліўцы”. Праўда, яму ўдалося ўцячы. Абарвалася яго жыццё ў час Лаўскага бою…

Няпростыя людскія лёсы, напоўненыя выпрабаваннямі жыццёвыя дарогі, нестрачанае з гадамі ўменне суперажываць, падтрымліваць і дапамагаць – гэта ўсё пра тых, у біяграфіі якіх пэўная колькасць старонак спісана словам “вайна”.

– У ліпені гэтага года мы адзначым 75-ую гадавіну вызвалення нашай Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За гэтай лічбай – і тысячы лёсаў нашых людзей: тых, хто не вярнуўся додому, і тых, хто, нягледзячы на раны, у пасляваенны час прымнажаў дабрабыт роднай вёскі, – адзначыла ў сваім выступленні старшыня Слабадскога сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Пракацень.

“Помніць і не забываць” – гэтыя словы чырвонай стужкай прайшлі праз усё мерапрыемства. Яны адчуваліся ў вершах і песнях, выступленнях гасцей – ветэрана працы Зінаіды Манкевіч, супрацоўніц раённага Дома культуры Людмілы Цвірко і цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса Вольгі Віяленцій.

Жыхары Глінак – гледачы свята

Фінальным акордам сустрэчы стала канцэртная праграма ў выкананні дуэта Алы Кунцэвіч і Уладзіміра Фарафонтава.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *