Сельская гаспадарка: нарыхтоўка кармоў — zorkanews.by

Сельская гаспадарка: нарыхтоўка кармоў

Даўно не бачыла такой колькасці буслоў адразу і ў адным месцы! А тут, на стадваццацігектарным палетку канюшыны, паўнапраўнымі гаспадарамі, якіх не палохалі гул і пастаянны рух корманарыхтоўчай тэхнікі, адчувалі сябе звыш трыццаці белакрылых птушак. Яны толькі час ад часу адляталі ўбок нядаўніх валкоў, дзе магутныя кормаўборачныя камбайны прайшліся, здрабняючы падвяленую траву ў кузавы МАЗаў ці прычэпы трактароў…

Травы першага ўкосу ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Уздзенскі райаграсэрвіс” займаюць плошчу ў 1322 гектары. Першым палеткам, на які выйшла тэхніка гаспадаркі, стала ўрочышча паблізу вёскі Забалацце.

– У папярэднія год на гэту сенажаць мы выходзілі ў розныя тэрміны. Мысціны тут вільготныя, і калі дажджыць, вада тут стаіць рэгулярна, што ўскладняе ўваход сюды тэхнікі, – такую характарыстыку палетку даў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Жук. – Аднак сёлета з надвор’ем пашанцавала. Ды і канюшына тут ужо добрая была. Таму і было прынята рашэнне адсюль пачаць нарыхтоўку кармоў.

Механізатары, задзейнічаныя на касьбе, здрабненні зялёнай масы, адвозцы, трамбоўцы, працуюць з максімальнай аддачай. Кожны з іх разумее, калі будуць кармы, можна разлічваць і на дастойныя вынікі работы жывёлаводаў. А задача перад корманарыхтоўшчыкамі ў “Райаграсэрвісе” пастаўлена сур’ёзная: нарыхтаваць для грамадскага статка 700 тон сена, звыш 8.100 тон сенажу і не менш як 11.000 тон сіласу.

Тэхналогія закладкі кармоў на кантролі ў галоўнага ветурача Андрэя Ялоўскага

Пакуль размаўлялі з аграномам, “напарнікамі” комарыхтоўчага камбайна сталі два “МАЗы” і 2 “Беларусы”. На пытанне “Колькі ж гэхнікі шчыруе на зялёным канвееры?” – адказаў кіраўнік гаспадаркі Ігар Баброў, з якім сустрэліся крыху пазней каля сянажнай траншэі, закладка якой вялася каля малочнатаварнай фермы ў Забалацці.

– Яшчэ да пачатку касавіцы мы вырашылі арганізацыйныя пытанні і пераправерылі ўсю тэхніку. У рабочым плане вызначаны таксама аб’ёмныя і якасныя паказчыкі па назапашванні кармоў розных відаў. Механізатарам даведзены індывідуальныя заданні і нормы выпрацоўкі і выкарыстання паліва, – адзначыў Ігар Мікалаевіч. – Што тычыцца людзей, яны з адказнасцю аднесліся да новай сельгаскампаніі.

На касьбе стараннем і руплівасцю вызначаюцца механізатары Віктар Крысько, Валерый Герман і Сяргей Лучанок. Спраўна з граблямі стараецца Андрэй Аксенчык. На падборцы правяленых валкоў няма роўных Мгару Ігнаценку і Анатолію Сямашку. Аператыўна “зялёнку” да месца яе трамбоўкі дастаўляюць Уладзімір Лятун, Віталій Малашэвіч, Мікалай Маркін, Мікалай Працкевіч, Уладзімір Петрусевіч, Уладзіслаў Пархановіч і Віталій Шаўчэнка. На трамбоўцы задзейнічаны два “амкадоры”, на якіх шчыруюць Аляксандр Воранаў і Васілій Кучук. Імёны многіх гэтых вясковых працаўнікоў неаднаразова гучалі і на раённай сцэне пры падвядзенні вынікаў работы ў сельскай гаспадарцы за год.

На трамбоўцы стараецца Васілій Кучук

Каб атрымаўся якасны корм, сянажную масу неабходна добра ўтрамбаваць. За гэтым працэсам спраўна сочыць аграном-насенневод гаспадаркі Ганна Сапон. Вядзе яна і ўлік рэйсаў, зробленых вадзіцелямі і механізатарамі. Усяго ж за дзень кожны з іх перавозіць не менш як па 100 тон зялёнай масы.

На кантролі спецыялістаў гаспадаркі і захаванне тэхналогіі закладкі сежых кармоў. Так, напрыклад, у той дзень дзяжурную вахту нёс і галоўны ветурач Андрэй Ялоўскі.

Мезханізатар са стажам Уладзімір Петрусевіч

…З кожным днём “зялёны канвеер” у “Райаграсэрвісе” набірае абароты. Кожны механізатар стараецца ўнесці свой уклад у гэту важную справу.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *