Эстафета культуры праходзiць у раёне — zorkanews.by

Эстафета культуры праходзiць у раёне

Традыцыйныя агляды мастацкай самадзейнасці сярод клубных устаноў раёна засталіся ў мінулым стагодзі, але ад гэтага не змянілася сутнасць вынікаў работы творчых аматарскіх аб’яднанняў, якія сёння існуюць пры кожнай установе культуры. “Адпачываем на сцэне” – кажуць самадзейныя артысты, і зноў і зноў бавяць свой вольны час на рэпетыцыях, канцэртах, творчых сустрэчах. І за гэта ім вялікі дзякуй.

Творчая радуга

“Краіна мая, радасць мая, песня мая маладая!” — пад такім дэвізам стартавала 3 мая 2019 года ў раёне творчая эстафета культуры, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожная ўстанова культуры павінна ў рамках эстафеты арганізаваць і правесці клубнае мерапрыемства з удзелам усіх сваіх аматарскіх аб’яднанняў. Кіраўнік “народнага” клуба майстроў “Сузор’е” РДК Лілія Шымановіч спецыяльна выткала пераходны вымпел, які кіраўнікі СДК перадаюць з клуба ў клуб. Распачалі эстафету работнікі Цепленскага СДК мерапрыемствам “ Мір вакол нас”. Мір на зямлі, мір і лад у душах і сэрцах кожнага, мір і гармонія з прыродай і наваколлем у Год малой радзімы — такой была тэма ўсіх творчых выступленняў маленькіх і дарослых артыстаў Цепленскага СДК. Дырэктар установы Алена Сямёнава і мастацкі кіраўнік Юліана Салманзадэ выступалі ў ролі вядучых, салістаў, а таксама кіраўнікоў дзіцячых гурткоў “Вясёлая карусель” і “Радуга”.

Мясцовыя дзеткі не толькі спявалі і танцавалі на сцэне, але і прадэманстравалі сваю любоў да малой радзімы ў малюнках мастацкай выставы “Свет вачыма дзяцей”. Моцным фінальным акордам прагучала песня “Мир без войны” ў выкананні Алены Сямёнавай і ўсіх удзельнікаў праграмы.

Са смакам “карамелі”

Тэматычнай праграмай “Золотой венец Победы” 11 мая прыняў эстафету Дзешчанскі Цэнтр вольнага часу (дырэктар Алена Сарока). Усіх гасцей тут сустракае стацыянарная выстава творчых работ з саломы “народнага” аб’яднання “Каласок” пад кіраўніцтвам Таццяны Гусаравай. Развярнулася цэлае тэматычна-канцэртнае дзейства, прысвечанае Вялікай Перамозе. Крануючыя сэрца відэякадры ваеннай пары на працягу ўсёй вечарыны, цудоўныя песні ў выкананні вакальнага гурта “Чараўніцы”, салістак В. Гусявай і М. Манькоўскай, гарэзныя танцы удзельнікаў харэаграфічных калектываў “Какеткі” і “Карамелькі”, прыгожыя сцэнічныя сукенкі і касцюмы вабілі вока і зрывалі апладысменты гледачоў.

Са спартыўным азартам

На наступны дзень, 12 мая, эстафета накіравалася у Зенькавіцкі СДК. А паколькі тэма тутэйшага мерапрыемства была звязана са спортам, то і прывезлі яе работнікі РДК (члены журы) на веласіпедах, чым прыемна здзівілі ўдзельнікаў спартыўна-аздараўленчай праграмы “Мы ўмеем дружна жыць!”, прысвечанай Дню сям’і. І сапраўды, не пасіўныя гледачы, а спартыўныя сем’і Копач, Рамановіч, Салавей, Макарэвіч, Шыдлоўскіх і Бруй змагаліся ў камандах “Оба-на!” (дзяцей) супраць “Ну, погоди!” (дарослых). Нават членам журы хацелася паскакаць у мяшку, імправізаваць казку, перагнаць саперніка ў розных спартыўных спаборніцтвах — такі накал эмоцый і добрага настрою панаваў у зале! Лірычныя ноткі ў мерапрыемства дабавілі маленькія салісты вакальнага гуртка “Кактэль” і мастацкі кіраўнік СДК Ігар Селіхаў, які, як заўжды цудоўна і замілавана выканаў песню-гімн каханню, сям’і і жыццю:” Будем счастливы и любимы днями ясными да с любимыми. Будем счастливы до сиянья глаз, да не погаснем мы, да не погасят нас!”. А салодкія пачастункі сталі прыемным дадаткам да “грамат” і “медалёў” ўсім удзельнікам.

Абрад на новы лад

Да Дня сям’і прымеркавалі свой ўдзел у эстафеце работнікі культуры Азерскага СДК. Незвычайнае свята “Родная сем’я абрадамі моцная» сабрала 17 мая шмат мясцовых жыхароў, нават з Фаніпаля сюды трапілі “Фаніпальскія весялушкі” – спеўны гурт жанчын сталага ўзросту, якія аб’ядналі свае творчыя здольнасці і з канцэртнымі візітоўкамі вандруюць па вобласці. Розныя гульнёвыя атракцыёны, цэлы кірмаш самаробных сувеніраў з саломы і іншых падручных матэр’ялаў, вырабленых цудоўнымі рукамі майстрых Лашанскага СДК Галіны Пінчук і Наталлі Трухан, міні-канцэрт “Фаніпальскіх весялушак” на прыступках Дома культуры, батлеечныя лялькі заклікалі гасцей, дзетак, проста прахожых на незвычайнае мерапрыемства “Хрэзьбіны”. Дзеючая героі гэтага народнага беларускага абрада маладая сям’я Аляксея (С.Казлоў) і Марысі (І.Сахарава) “хрысціла” свайго сыночка Васілька у хаце Гаспадыні (Г.Самовіч). Як і патрабуюць народныя звычаі купала немаўля ў драўляным карыце баба Вера (Т. Лычкоўская), дапамагалі ёй вясёлы Кум (Ю.Рослік) з лагоднай Кумою (Т.Барэйша). “Дай Божа кумам шчасця да розуму давесці малое ды і на вяселлі пагуляці!” жадала кумам бабка і запрашала разам з Гаспадыняй ўсіх за святочны стол з кашаю, аладкамі да мядавухаю ў бутлі. “Каб дзіця да сям’і далучалася, гора-бяда абміналася, а шчасце ды здароўе прыхілялася!” – з такімі пажаданнямі удзельнічалі ў абрадзе і суседкі Агрыпіна з Акулінаю (З.Міхадзюк, З. Дзянісава). Пачуўшы пра свята, павіншаваць маладых бацькоў і іх Васілька прыбеглі дзеткі (ўдзельнікі танцавальных гурткоў мясцовага садка – кіраўнік Г. Тумас і Азерскага СДК – кіраўнік А. Пацей). А фаніпальскія артысткі, ні толькі праспявалі абрадавыя песні, але і самі склалі да гэтага мерапрыемства сваю:

Гэта праўда – дзеці краскі, хай сабе і львіны зеў.

Той не знае шчырай ласкі, хто ніколі іх не меў.

Самая з найлепшых кветак не заменіць нам букет —

Калі ў хаце мала дзетак — дык на клін звядзецца свет!

Благаславіў гэтае мерапрыемства настаяцель храма святых Пятра і Паўла айцец Сергій, які разам са старшынёй Азерскага сельскага Савета В. Мардас і старшынёй прафсаюзнага камітэта эксперыментальнай базы імя Катоўскага” І. Аксенчык, а таксама спонсарам свята І. Раманавай прынялі актыўны ўдзел у свяце.

Песняй, танцам, карцінай

У гэты ж дзень эстафету культуры прымаў і Каралёўскі СДК. З рук калегі дырэктара Азерскага СДК Т. Лычкоўскай вымпел-талісман прынялі апантаныя, творчыя работнікі культуры і ўдзельнікі тутэйшых гурткоў і аб’яднанняў.

Свае таленты дэманстравалі удзельнікі дзіцячага танцавальнага ансамбля “Шанс” (кіраўнік Ю. Азімовіч) і вакальнага гуртка “Капелькі” (кіраўнік Н.Мачалава), выконвалі інструментальныя нумары М. Шарапаў і У. Саявец, цудоўна спявалі салісты Ірына Сіротка і Алег Гусараў, вядучы праграмы Сяргей Мурашка і, вядома, красаваўся на роднай сцэне народны ансамбль народнай песні “Прасніца”. Аздобіла ўсё мерапрыемства маляўнічая выстава дзіцячых карцін вучнямі Каралёўскага філіяла ДШМ. Педагог філіяла Н. Бялых перад пачаткам канцэрта дарыла прыемныя эмоцыі і радасць наведвальнікам, размалёўваючы дзіцячыя тварыкі каляровым аквагрымам.

Памяць праз мастацтва

18 мая жыхары вёскі Глінкі сабраліся на мерапрыемства, якое ладзілася ля помніка загінулым у гады вайны землякам. На вялікім лузе знайшлося месца для майстроў дэкаратыўна-прыкладного майстэрства Юліі Давідоўскай і Алы Кунцэвіч. Цудоўныя дэкаратыўныя свяцільнікі, розныя карзінкі, вазы і кошыкі “пад лазу” з паперы, шытыя сувенірныя торбачкі і сумкі знайшлі тут сваіх пакупнікоў і прыхільнікаў. Але больш за ўсё прыцягвала да сябе тэматычная выстава фотаздымкаў і кніг “Бессмертна Победа – бессмертны её солдаты!”, падрыхтаваная бібліятэкарам Камянкоўскай сельскай бібліятэкі Ганнай Пугачовай. Як каштоўны мост паміж пакаленнямі даўжынёю ў 75 гадоў, звязала выстава лёсы землякоў і 95-гадовага ветерана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Фролавіча Звярынскага з вёскі Хароміцкія. Гледачоў прыемна ўразілі ўспаміны і пажаданні самаго ветэрана, які з задавальненнем патрымаў ў руках і перадаў вымпел-эстафету культуры загадчыцы Камянкоўскага СДК Наталлі Шышко з надзеяй, што памяць аб салдатах Вялікай Перамогі заўжды будзе захоўвацца ў народзе, праз мастацтва, песні і музыку, якія павінны панаваць у кожным Доме культуры. 

(Эстафета культуры працягваецца)

Людміла ЦВІРКО

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *