Прайшлi раённыя спаборніцтвы па легкаатлетычных эстафетах — zorkanews.by

Прайшлi раённыя спаборніцтвы па легкаатлетычных эстафетах

Пераможца эстафеты – каманда СШ № 2 імя К. Крапівы

Раённыя спаборніцтвы па легкаатлетычных эстафетах у рамках міжнароднай праграмы “Дзіцячая лёгкая атлетыка”, ініцыятарам правядзення якіх выступае ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама сумесна з ДЮСШ, сталі ўжо традыцыйнымі і праводзяцца напрыканцы навучальнага года.

Вось і сёлета апошні майскі дзень сабраў на гарадскім стадыёне каманды школьнікаў з гарадскіх і сельскіх школ.

Размаўляючы з настаўнікамі фізічнай культуры і спорту, спецыялістамі ўпраўлення, даведалася, што лёгкая атлетыка – адзін з запатрабаваных дзецьмі відаў спорту, які вабіць разнастайнасцю розных формаў і метадаў работы, дазваляе пастаянна выпрабоўваць сябе на стойкасць, вынослівасць падчас шматлікіх спартыўных мерапрыемстваў, што ладзяцца на месцах у школах і раёне. І кожную сваю перамогу дзеці ўспрымаюць як чарговае дасягненне, ды і ў адносінах сапернікаў вучацца правільна расстаўляць акцэнты, каб ведаць, дзе асабліва давядзецца пастарацца і з кім пазмагацца.

Трэба адзначыць, што і на гэты раз спаборніцтвы праходзілі ўражліва і з азартам. Барацьба паміж вучнямі 5-6 класаў вялася на ўзроўні спартсменаў сярэднянга звяна, адчувалася, што ў каманды патрапілі далёка не навічкі ,а тыя падлеткі-аматары, якія ўрокі фізічнай культуры не толькі не прапускаюць, але і адточваюць навыкі дадаткова, напрыклад, вечарамі на стадыёнах. А змагаліся школьныя каманды ў спрынтарска-бар’ернай эстафеце, кіданні набіўнога мяча назад праз галаву, скрыжаваных скачках, скачках у даўжыню з месца, троххвілінным бегу на вынослівасць, кідках мяча, вага якога 150 грам.

Амаль ва ўсіх заяўленых праграмай конкурсных заданнях не было роўных легкаатлетам СШ № 2 імя К. Крапівы, яны ў выніку ў сталі абсалютнымі пераможцамі спаборніцтваў.

– Фізічнае выхаванне ў школе заклікана ўмацоўваць здароўе дзяцей, спрыяць іх нармальнаму фізічнаму развіццю. На ўроках фізічнай культуры мае вучні атрымліваюць важныя навыкі ў рухальнай дзейнасці – у бегу, хадзьбе, кіданні прадмета і гэтак далей, – адзначыла трэнер каманды Таццяна Мікалаеўна Лапаціна. – Дарэчы, лёгкая атлетыка ў школе як раз і развівае ўсе гэтыя віды фізічных практыкаванняў. А яшчэ, лёгкая атлетыка адметная тым, што яна аднолькава падыходзіць і дзецям актыўным – тым, хто любіць шмат бегаць і скакаць, і больш спакойным – тым, хто толькі пачынае развіваць свае фізічныя здольнасці. Нездарма яе называюць “Каралевай спорту”.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *