Як працуе калектыў абутнікоў «Луча» — zorkanews.by

Як працуе калектыў абутнікоў «Луча»

За добрую якасць сваёй работы адказваюць Наталля ЯКІМОВІЧ, Вольга КУДРАЧОВА, Галіна ШЭМЕТ, Антаніна ДУБРОЎСКАЯ

Пра тое, што ў работнікаў лёгкай прамысловасці не такія ўжо і лёгкія заробкі можна пачуць даволі часта. Не выключэнне ў гэтым сэнсе і калектыў абутнікоў, які працуе ў нашым горадзе. Гэта цэх №2 па пашыву загатовак абутку МА ААТ “Луч” — кіруючай кампаніі холдынгу “Абутак-Луч”.

Толькі ад таго што часцей гаварыць пра горыч саладзей не стане работнікі прадпрыемства ведаюць з жыццёвай ісціны, таму і шануюць тое, што маюць. Так, напэўна, атрымліваецца, калі ёсць касцяк калектыву, які складаюць вопытныя і добрасумленныя людзі. Ёсць і такія, якія пакідалі калектыў у пошуках лепшага, а праз некаторы час зноў вярталіся сюды і затрымліваліся на дзясятак другі гадоў.

Марына АЗАРКЕВІЧ

З тых, хто адпрацаваў на прадпрыемстве не адну такую “дзясятачку” і Таццяна Шуляк. У свой час у калектыве абутнікоў больш трыццаці гадоў гадоў адпрацавала і яе мама Рэгіна Станіславаўна Мацкевіч. “Я практычна і замяніла яе, — кажа дачка. — Бо што дзе лепшае было шукаць, калі работа знаёмая ды і знаходзіцца каля дому”. Асноўны працэс, на якім зараз занята Т. Шуляк, “брусоўка”, асвоіла жанчына і многія сумежныя аперацыі. Таму ў любы момант можа падмяніць любога на вытворчым канвееры.

На такім жа асноўным брусовачным працэсе занята і Наталля Кузняцова. Манатоннасць такога занятку не перашкаджае і гэтай жанчыне заставацца рамантыкам у душы. Сяброўкі па працы ведаюць якая яна майстрыха выпякаць торты. “Торцікі — гэта маё прызванне”, — кажа жанчына. У многіх калег па абутковаму цэху ёсць і зборнікі вершаў Наталлі Кузняцовай. Дарэчы, на два яе вершы напісана музыка. Вось так з музыкай у душы і працуе жанчына ў калектыве абутнікоў ужо каля двух дзясяткаў гадоў. “Калектыў свой люблю, дзяўчаты ўсе ў нас працавітыя, простыя, надзейныя. А гэта вялікая справа, калі ў калектыве добразычлівы клімат”, — сведчыць Наталля Ягораўна.

За рабочым працэсам Наталля КУЗНЯЦОВА

Зараз абутнікі адшываюць заказ вядомай маркі “Белвест”. За тыдзень — 1.200 загатовак. Перыядычна мяняюцца толькі мадэлі будучых жаночых чаравічкаў. На чарзе – заказ ад расійскайска прадпрыемства “Русіталка”.

—Заказы ў нас ёсць пастаянна, — расказвае майстар цэха Ганна Зуй. – Вытворцы заўсёды задаволены якаснай работай нашага калектыву. – Хацелася, каб і цанілася дастойна работа нашых людзей. Бо менавіта малы заробак з’яўляецца асноўнай прычынай таго, што людзі звальняюцца. Калі няма больш ніякага даходу, дапамогі, то пражыць на наш заробак няпроста. І як бы не стараліся быць аптымістамі, рэчаіснасць парой вяртае ў іншае. Не без таго, прыходзіць, вядома да нас і моладзь, пераважна ў каго яшчэ малыя дзеці, бо графік работы задавальняе. Ды і нашых восем жанчын зараз знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзяцей. Так што жыццё ідзе. Калектыў паступова абнаўляецца, але ж касцяк вопытных работнікаў застаецца, што радуе асабліва. З добрымі паказчыкамі сустракаюць прафесійнае свята Любоў Січко, Наталля Карачун, Святлана Трус, Наталля Юрэвіч, Алена Кучук і іншыя.

Таццяна ШУЛЯК

Дарэчы, з восені мінулага года да абавязкаў начальніка цэха прыступіла Ірына Гальчэня, якая была ў водпуску па доглядзе трэцяга дзіцяці. Пяцёра дзетак гадуе і Алёна Лазарэвіч. І такія мнагадзетныя мамы ў гэтым калектыве не рэдкасць. “І вытворчы план, і па дэмаграфіі мы выконваем”, — у чарговы раз з аптымізмам заўважаюць абутнікі. А калі прысутнічае ён у будзённых справах, калі пагодліва ў рабочым калектыве, то будуць ладзіцца і справы.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *