Уласны падворак ветэрана працы Валянціны Стасевiч — zorkanews.by

Уласны падворак ветэрана працы Валянціны Стасевiч

Такіх узорных дамоў у вёсцы Тычынкі даволі шмат. Як падмячае вясковая стараста: “Парадачак у нас трымаюць усе”. Толькі гэты дом па Цэнтральнай, 41 вызначаецца яшчэ і асаблівай аурай. І стварае яе гаспадыня Валянціна Архіпаўна Стасевіч.

Жывёлавод з больш як 40-гадовым стажам. Аптымістка. Мама чатырох дзяцей. Удава з дваццацігадовым стажам. Вось такая няхітрая характарыстыка гэтай жанчыны, працоўная біяграфія якой пачалася на другі дзень пасля ўступлення ў камсамол.

Ветэран працы Валянціна Архіпаўна СТАСЕВІЧ

Камсамольскі білет уручаў мне знакаміты старшыня калгаса “Нёман” Мікалай Адамавіч Пармон, — успамінае жанчына. – Жылі мы тады ў Касцяшах. Было гэта якраз на кастрычніцкія святы. І вось у канцы гэтай урачыстай цырымоніі, дзе былі і прадстаўнікі з райкама камсамола, Мікалай Адамавіч кажа: “Ёсць у мяне яшчэ адно пытанне да Валянціны. Заўтра ты ідзеш працаваць у калгас даяркай”. “Якая з мяне даярка? — збянтэжылася я. — Мне толькі ж 15 гадоў споўнілася. Не спраўлюся я”. Нічога не адказаў старшыня, бо ведаў, што для мяне гэта самая добрая магчымасць падтрымаць сям’ю. На той час мама ўжо была без здароўя, тата на работу не хадзіў, а я была ў сям’і самая малодшая, пятая.

Так з пятнаццаці год і пачала асвойваць вясковая дзяўчына навуку калгаснай працы. Падаіць уручную 15 кароў было для падлетка няпроста, хаця ведала як гэта робіцца не з кніжак, дома была свая карова. “Можа б і не вытрымала, але не магла падвесці нашага Адамавіча, — гаворыць ветэран працы. – А ён жа пры любой магчымасці стараўся падтрымаць, заўсёды цікавіўся як справы дома. Вельмі да людзей ён быў харошы, спагадлівы і ўважлівы. Таму і людзі стараліся не падкачаць”.

З таго касцяшоўскага працоўнага перыяду ў памяці Валянціны Архіпаўны засталося і яе перанавучанне на цялятніцу. На такія практычныя заняткі яе адправілі ад калгаса ў Дзяржынскі раён да перадавой цялятніцы Яніны Вікенцьеўны Бандак. “340 цялят даглядала тая жанчына, — узгадвае Валянціна Стасевіч. – Два тыдні нараўне з ёй працавала і я. Па прыездзе дадому, мне таксама выдзелілі групу (120 цялят), а маіх кароў расфарміравалі па іншых даярках. Два гады “ваявала” я з цялятамі. Нічога, спраўлялася, прывагі добрыя былі. Хваліў мяне старшыня, прэміі атрымлівала. Ды ўвогуле жыццё ў нашым калгасе на той час было даволі насычаным. Жылі не толькі работай. Паспявалі і на танцы схадзіць, і на розныя вечарынкі зазірнуць”.

На адной з іх, на маёўцы, якая ладзілася ў лаўскім лесе, і пазнаёмілася касцяшоўская дзяўчына з юнаком “з-пад Узды”. Неўзабаве і сама пераехала бліжэй да райцэнтра, за мужам. Месца працы і на новым месцы жыхарства было прадвызначана – малочнатаварная ферма. Толькі гэта праца ўжо значна адрознівалася ад той, што была раней. Даільныя апараты прыйшлі на змену цяжкай ручной працы даярак. Спачатку 27, пасля 40 галоў было ў групе маладой даяркі. Не адзін год працавала яна і з першацёлкамі. На той жа ферме працаваў падвозчыкам, пастухом, вартаўніком і муж.

Нарадзіўшы чацвёра дзяцей, у водпуску па іх доглядзе таксама падоўгу не затрымлівалася. Праходзіла два-тры месяцы і зноў Архіпаўна спяшалася на сваё працоўнае месца. І так з году ў год. “Ферма ды сям’я – вось і ўвесь мой “абход”, — з усмешкай заўважае жанчына. – А цяпер і таго менш – ад парога да агарода”.

Толькі якога агарода? Узорнага! Участак, пабудовы, кветнікі – усё радуе вока. У асноўным гэта справа рук сыноў і дачок. Матуля дапамагае — дзе слушнымі парадамі, дзе і сама садзіць і даглядае, а дзе і палюбуецца тымі кветкавымі кампазіцыямі, дэкаратыўнымі фігурамі, якія прыдумваюць і ладзяць дзеці і ўнукі.

За сваё жыццё гэта жанчына нікуды далёка ад дома не адлучалася. Па маладосці не атрымлівалася, пасля дзеці малыя былі. А калі ў калгасе “Інтэрнацыянал” арганізоўваліся паездкі і экскурсіі, то на іх ужо выпраўляла дзяцей, “каб свету пабачылі”. Адзін раз сама з’ездзіла толькі да сястры ў Маскву. А гісторыю яе сталічнага жыцця і да гэтай пары ўспамінае як падарунак лёсу. Як старэйшую адпраўлялі яе некалі ў Мінск за прадуктамі. І вось аднойчы напакавала яна чатыры вялізныя торбы і сядзіць недзе там каля магазіна, прыкідвае як усё гэта даставіць спадарожным транспартам у Касцяшы. Падышлі да гэтага пятнаццацігадовага дзіцяці незнаёмыя жанчына і мужчына, распыталі што, да чаго і прапанавалі паехаць да іх у Маскву, няньчыць двухгадовага хлопчыка. Сустрэчу назначылі на гэтым жа месцы на наступны дзень. Вядома, мама, даведаўшыся пра падобную “вярбоўку”, была супраць такой далёкай паездкі дачкі-падлетка. Але ж тая нічога І слухаць не хацела: абы з вёскі з’ехаць і зарабіць сваю капейку. Так і стала масквічкай, сваю сям’ю стварыла. “Так што і не ведаю хто з нас аказаўся шчаслівейшы, — каж Валянціна Архіпаўна”. Нездарма ж кажуць, што у кожнага свій лёс. Чалавек нараджаецца, а разам з ім запальваецца на небе і яго зорачка. Таму і не ведаеш, якая і дзе стрэне цябе доля: на маёўцы ці каля сталічнага магазіна.

  • Ну і калі б была магчымасць хоць крышку штосьці змяніць у сваім жыцці?

-Нічога. Дзякуй Богу за ўсё: за мужа, дзяцей, унукаў і вось такі душэўны спакой, як маю зараз. А тое што здароўе падводзіць, дык які ж арганізм можа вытрымаць, столькі работы перарабіўшы? Зношваецца па-ціху. Але ж дарма, са сваім ахоўнікам-Умкам (сабачка) мы адчуваеМ сябе нядрэнна. Скардзіцца не прывыклі. Праўда, Умка?

І нібы зразумеўшы мову гаспадыні, сабачка прыветна завіляў хвастом. Хаця спачатку звонка дэмастраваў свой голас і канкрэтна адпужваў нас, гасцей, ад веснічак. Што значыць “аднадумцы”.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *