Хатлянская школа адзначае 155-гадовы юбiлей — zorkanews.by

Хатлянская школа адзначае 155-гадовы юбiлей

Што такое юбілей? Гэта цудоўная магчымасць у чарговы раз сустрэцца з юбілярам, каб разам успомніць самыя яркія моманты жыцця, каб падзяліцца радасцю, а самае галоўнае – каб яшчэ раз акунуцца ў атмасферу, дзе ўсё па-сямейнаму. І сорам тым, хто прапусціць падобьную ўрачыстасць.

Навіна, што Хатлянская сярэдняя школа збірае сяброў з нагоды свайго юбілею, ды яшчэ якога – 155-гадовага, хутка абляцела не толькі навакольныя вёскі, дабралася яна і да аддлаленых куткоў нашай краіны і нават за яе межы. Магчымасцю яшчэ раз наведаць школу, прайсціся класнымі кабінетамі, дзе настаўнікі вучылі добраму і светламу, пажадалі не толькі тыя, хто сёння тут навучаецца, але і выпускнікі былых гадоў, што было асабліва хвалююча і кранальна.

“Столькі гадоў прайшло, а школа і сёння віруе сваім жыццём, яркім і запамінальным”, – такім быў асноўны водгук тых, для каго вучоба скончылася 20, 30, 45 гадоў таму. Было відавочна, што ўжо сталыя і дарослыя людзі хваляваліся, бо менавіта адсюль яны ў свой час і атрымалі пуцёўку ў самастойны палёт. Непадкупны інтарэс застаўся і ад наведвання школьнага музея, які ўжо не першы дзясятак гадоў носіць званне “народны”, і захавальнікам скарбаў якога ў гэтыя дні з’яўляецца былы дырэктар школы Мацвей Мікалаевіч Мацукевіч.

Граматы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама атрымалі настаўнікі Таццяна БАЛЕСНАЯ, Наталля ЛІЧКО і Святлана КОЖУХ

Сама ж юбілейная сустрэча праходзіла ў суседнім будынку – сельскім Доме культуры. У актавай зале ўстановы культуры не было вольных месцаў: іх занялі сённяшнія вучні і іх бацькі, выпускнікі былых гадоў і вясковыя жыхары, педагогі і госці, запрошаныя на ўрачыстасць: намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Федчанка, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Уладзімір Казючыц, старшыня Хатлянскага сельвыканкама Таццяна Пякарская, настаяцель мясцовага храма айцец Віталій, дырэктар ААТ “Хатляны-Агра” Мікалай Хацько, спецыяліст УП “Агракомплекс “Белая Русь” Кацярына Позняк.

– Пра што можа сведчыць узрост школы? Напэўна, пра тое, што кожны год з яе сцен выходзяць выпускнікі, гатовыя пакараць новыя вышыні. Напўшна, і пра тое, што з году ў год школа не толькі беражліва захоўвае колішнія традыцыі, але і прымнажае іх колькасць. А яшчэ пра тое, што памяць пра яе праз гады праносяць тыя, хто даўно з ёю развітаўся ,але заўсёды знаходзіць час, каб наведацца сюды зноў, – адзначыла ў прывітальным слове дырэктар Хатлянскай сярэдняй школы Надзея Рамановіч.

А гісторыя Хатлянскай школы, сапраўды, багатая, хоць за свае 155 гадоў яна зведала многа. Пра гэта і не толькі расказалі хатлянскія піянеры, словы якіх крыху пазней дапоўніў Мацвей Мацукевіч.

Факты з жыцця школы-юбіляркі

У Хатлянскім прыходзе ў вёсцы Хатляны царкоўна-прыходская школа адкрылася ў 1864 г. Яна знаходзілася ў асабістай кватэры. Навучаў дзяцей селянін Аляксандр Селівончык, які закончыў курс народнага вучылішча. Амаль 60 гадоў школа была аднакласнай.

У 1895 г. пабудавана драўляная школа на каменным падмурку. Пэўны час абавязкі настаўніка выконваў Сцяпан Курпель, потым М. Курпель. Напярэдадні рэвалюцыі настаўнікам стаў працаваць Ф. Курэйчык.

У 1920-я гады школа была ператворана ў чатырохкласную. У 1927 г. узведзены новы будынак школы ў цэнтры вёскі. У 1931 г. Хатлянская пачатковая школа пераўтворана ў няпоўную сярэднюю. Першым дырэктарам яе працаваў І. Папкоўскі, яго змяніў М. Нікіценка.

У гады вайны немцы спрабавалі адкрыць у вёсцы пачатковую школу, але неўзабаве закрылі: большасць настаўнікаў не пайшла працаваць. У гады вайны ўсе настаўнікі-мужчыны, акрамя двух, загінулі на франтах.

У 1944 г. адкрылася пачатковая школа. У 1-м класе займаліся 25 вучняў. Дзяцей вучыла В. Курэйчык. У гэтым жа годзе будынкі школы згарэлі. Школа размяшчалася ў сельскіх хатах. Першым дырэктарам пасляваеннай сямігодкі была М. Аляксейчык, настаўнікамі працавалі Т. Бернік, У. Бернік, С. Бернік, М. Давыдоўскі, З.Бурак.

У 1949 г. дырэктарам Хатлянскай 7-гадовай школы пачаў працаваць П. Кашуба, які з дапамогай старшыні калгаса імя Дзяржынскага М. Каржанца арганізаваў і давёў да канца будаўніцтва новай драўлянай школы. Яна працавала ў дзве змены. У 1951 г. школа была пераўтворана ў сярэднюю. Першым завучам пасля вайны працаваў К. Будзько. А з 1953 г. па 1970 г. – М. Лазар.

У 1959 г. школа была ўдзельніцай ВДНГ у Маскве за высокі ўраджай кукурузы, якую на плошчы ў 10 га вырошчвалі вучні пад кіраўніцтвам біёлага В. Дубовік. Кіраваў звяном па вырошчванні кукурузы вучань 10-га класа Мікалай Пліско.

У 1968 г. пачалося ўзвядзенне новага двухпавярховага будынка школы на 320 вучнёўскіх месцаў, і 1 верасня 1969 г. новы будынак школы прыняў настаўнікаў і вучняў.

3 1978 г. школу ўзначальваў М. Мацукевіч, з 2013 года дырэктарам тут працуе Надзея Віктараўна Рамановіч.

Увогуле, які юбілей без віншаванняў, пажаданняў і падарункаў. Яны так і сыпаліся вянком!

– Калі толькі пачынаўся мой педагагічны шлях у раёне, я імкнуўся быць падобным на Мацвея Мікалаевіча Мацукевіча, якога на ўсіх нарадах ставілі ў прыклад і настаўнікам, і дырэктарам, – адзначыў Уладзімір Казючыц. – Столькі часу прайшло, але і цяпер, пераступаючы парог гэтай установы адукацыі, я адчуваю ўсё тую ж гармонію, што пануе тут і сёння.

Падзўякай райвыканкама адзначана шматгадовая праца Мацвея МАЦУКЕВІЧА

Не абмінуў Уладзімір Яўгеньевіч і факт, што менавіта Хатлянская школа першай аднавіла традыцыю школьнага вальса, у якім пасля сталі кружыць і выпускнікі іншых школ. І калі пасля пад гукі вальса адзінаццацікласнікі ў школьнай форме (хлопцы – у белых кашулях, а дзяўчаты – у белыхфартушках) выйшлі на сцэну, ніхто не засумняваўся: быць танцу і на гэтай урачыстасці!

А падарунак школе галоўны настаўнік раёна зрабіў дастойны – сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентару.

Адзінаццацікласнікі Хатлянскай школы разам з класным кіраўніком Наталляй АХРАМОВІЧ і начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Уладзімірам КАЗЮЧЫЦАМ

Кранальнымі былі і словы Анжэлы Федчанка, якая назвала школу домам, дзе дзеці растуць, сталеюць, становяцца асобамі, у сэрцах якіх заўсёды ёсць месца чалавечнасці і адказнасці. З рук намесніка старшыні райвыканкама дырэктар і педагогі школы атрымалі ўзнагароды абласнога і раённага ўзроўню.

Пра тое, што школа падтрымлівае партнёрскія адносіны з сельвыканкамам, мясцовымі сельгаспрадпрыемствамі, сведчылі выступленні старшыні сельскага Савета дэпутатаў Таццяны Пякарскай, дырэктара ААТ “Хатляны-Агра” Мікалай Хацько, спецыяліста вгракомплекса “Белая Русь” Кацярыны Позняк (апошняя, дарэчы, прысутнічала тут і ў якасці былой выпускніцы, таму такой цеплынёй была напоўнена і песня, якую жанчына прысвяціла школе і педагогам).

– Школа заўсёды была і застаецца храмам ведаў. Хай тут і надалей жывуць вера, надзея і мір, – пажадаў настаяцель царквы айцец Віталій.

Усе, хто ў той дзень выходзіў на сцэну, жадаў школе доўгага веку, добрых вучняў, заставацца такой жа маладой яшчэ не адзін дзясятак гадоў. Аднак ад такой колькасці пажаданняў галава не закружылася ні ў дзяцей, ні ў педагогаў. Наадварот, яны старалася песнямі, вершамі, жартамі паказаць, што школа азіраючыся на мінулае, прымнажаючы сучаснае, смела крочыць у будучае, дзе будзе яшчэ не адна сустрэча з яе вучнямі, напоўненая прыемнымі ўспамінамі.

Фінальным жа акордам юбілею стаў вялікі святочны торт са свечкамі.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *