Як сустракалi лета ў Каралёва — zorkanews.by

Як сустракалi лета ў Каралёва

Для юных жыхароў пасёлка Каралёва лета пачалося ярка і адметна. Ужо першы летні дзень падарыў ім шмат эмоцый.

На пляцоўцы перад сельскім Домам культуры разгарнулася сапраўднае тэатралізаванае дзейства, дзе гаспадарылі не толькі дзеці, але і казачныя персанажы – Лета (Ульяна Саявец), старуха Шапакляк (Даша Зызо) і Баба Яга (Люда Паўлючэнка). Апошнія дзве, дарэчы, спрабавалі сапсаваць усім святочны настрой, зрабіць усё магчымае, каб лета пачалося з суму і не мела вясёлага працягу. Аднак іх намаганні аказаліся дарэмнымі. Дзеці, якія ўмеюць спяваць, танцаваць, гуляць, зарадзілі і саміх шкоднікаў такім пазітывам, што яны проста не змаглі застацца ў баку ад забаў.

Яркімі і адметнымі былі выступленні ўдзельнікаў танцавальнага гуртка “Шанц” (харэограф Юлія Азімкевіч). Цікавую праграму, позную конкурсаў, віктарын і загадак, прапанавала бібліятэкар Наталля Голышава. Майстар-клас па аквагрыме прапанавала Ніна Бялых, што яшчэ больш узняло настрой дзецям, якія з дапамогай фарбаў прымяралі на сябе розныя вобразы.

Актыўна хлопчыкі і дзяўчынкі ўдзельнічалі і ў конкурсе малюнкаў на асфальце, дзе яны малявалі настрой лета. Многія бавілі час на надзіманых атракцыёнах, частаваліся салодкай ватай, іншымі прысмакамі.

Вядома ж, не абыйшлося і без падарункаў. Ад дзіцячай школы мастацтваў былі адзначаны навучэнцы, якія займаюцца па класе “баян”. Салодкія падарункі ад прадпрымальніка Сяргея Бадзея атрымлівалі і актывісты дзіцячага гуляння.

Цэлы дзень ля СДК гучала музыка і чуўся дзіцячы смех. А вечарам сяброў сабрала дыскатэка для дарослых.

– Самае галоўнае, што ў гэты дзень нам пашанцавала з надвор’ем – было цёпла і сонечна, – адзначыла дырэктар Каралёўскага СДК Вольга Саявец. – Здаецца, сама прырода гуляла і адпачывала разам з дзецьмі. І як тут не перафразіраваць знакамітую прымаўку: як лета сустрэнеш, так яго і правядзеш. А мы яго сустрэлі вельмі добра.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *