Хатляны рыхтуюцца да «Дажынак» — 2019 — zorkanews.by

Хатляны рыхтуюцца да «Дажынак» — 2019

На добраўпарадкаванні пляцоўкі перад будынкам сельвыканкама працуюць Сяргей ДРОЗД, Валерый ПЯКАРЧЫК і Яўгеній ГУТКОЎСКІ

Раённае свята “Дажынкі “—2019” сёлета пройдзе ў аграгарадку Хатляны. План мерапрыемстваў, якія намечаны па яго падрыхтоўцы і правядзенні, змяшчае больш як паўсотні пунктаў. У яго ўключаны амаль усе мясцовыя аб’екты сацыяльнай сферы, а сярод выканаўцаў рознага віду работ значыцца і сельгаспрадпрыемства, дарожная і камунальная службы, “Агракомплекс “Белая Русь” і інш. Вызначаны таксама канкрэтныя тэрміны правядзення работ.

На календары – чэрвень. На палетках набіраюць сілу пасевы. Не паспееш азірнуцца як і прыйдзе пара збору ўраджаю, а там — і “дажынкі”. Таму, пабываўшы на мінулым тыдні ў Хатлянах, мы і пацікавіліся рэалізацыяй запланаваных мерапрыемстваў.

Поўным ходам ідуць зараз работы каля будынка гандлёвага цэнтра. За іх правядзенне адказвае СУП “Агракомплекс “Белая Русь” Больш месяца працуюць на гэтым аб’екце дзве будаўнічыя брыгады. Спецыялісты з Ліды Юрый Стома і Дзяніс Саковіч правялі касметычны рамонт фасаду будынка, які значна пасвяжэў і набыў новыя адценні фарбаў. Цяпер мужчыны працуюць унутры памяшкання, дзе такім жа чынам абнаўляюць глядзельную залу, пакоі для адпачынку. Работнікі гэтай будаўнічай арганізацыі для калектыву “Белай Русі” людзі ўжо правераныя, бо добра зарэкамендавалі сябе, выконваючы раней рамонтныя работы ў памяшканнях лабараторыі, каўбаснага цэха, адміністрацыйным будынку комплекса.

Каля месяца па дагаворы падраду працуюць і рабочыя са Століншчыны: добраўпарадкоўваюць тэрыторыю вакол гандлёвага цэнтра.

-Работы вельмі многа, — расказвае Уладзімір Стэльмах. – Кладзём плітку і на пляцоўцы каля будынка і выкладваем лесвіцу, якая вядзе да яго. Трэба будзе рабіць адмостку вакол гэтага будынка і іншых, укладваць плітку каля інтэрната, чакаюць і іншыя работы, так што працуем з васьмі гадзін раніцы да васьмі вечара, калі трэба, выходзім і ў выхадныя. Стараемся, каб да свята справіцца з тым аб’ёмам работ, які трэба выканаць.

Што ж датычыць увогуле агракомплексу, то пад яго патранажам яшчэ кансервацыя будынка лазні, рамонт фасадаў інтэрнатаў і ўстаноўка агароджы каля іх.

Шмат чаго зроблена ўжо з запланаваных мерапрыемстваў і СУП “Хатляны-Агра”. У асноўным гэта добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол адміністрацыйнага будынка і на вытворчых падраздзяленнях: высечаны кусты каля канторы і заправачнай станцыі, пафарбаваны агароджы. І работа ў гэтум кірунку працягваецца. У планах — касметычны рамонт будынка канторы, замена даху. Адкрытым пакуль застаецца лёс будынка інтэрната, які знаходзіцца пры ўездзе ў Хатляны. Стаіць ён тут ужо даўно як помнік безгаспадарчасці: закінуты, асунуты, пачарнелы ад часу, без акон, на даху павырасталі мятровыя кусты.

Так пакуль выглядае будынак інтэрната пры ўездзе ў Хатляны

Асноўныя планы навучальных устаноў звязаны з унутранымі рамонтнымі работамі і прымеркаваны на летні перыяд. На гэты ж час намечаны і рамонт фасаду будынка дзіцячага сада і мадэрнізацыя сістэмы аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі ў ім, умацаванне фасаднай сцяны будынка школы і замена аконных блокаў у яе спартыўнай зале, у калідорах першага і другога паверха. Што ж датычыць ландшафтнага дызайну школьнай тэрыторыі і закладкі школьнага саду, то вясной гэта ўсё было зроблена. Заменена ўжо і агароджа вакол школьнага стадыёна.

На суботніках, якія арганізоўваліся вясной, пасаджаны дрэвы насупраць школы і царквы, ачышчана тэрыторыя ад драўнінна-хмызняковай расліннасці. Уборка сухіх і аварыйных дрэў уздоўж дарогі Валяр’яны-Хатляны, скошванне расліннасці, ямачны рамонт – справа рук дарожнікаў. У бліжэйшы час будуць заменены і адрамантаваны дарожныя знакі па дарозе Валяр’яны-Хатляны-Валок, абноўлена гарызантальная разметка на гэтым участку дарогі і інш. А вось капітальны рамонт дарогі Чырвоная Горка-Габрыелеўка ўжо сёння зразумела, што з-за адсутнасці фінансавання давядзецца адкласці да лепшых часоў.

Пасля абнаўлення фасаду рамонтныя работы ўнутры будынка прадаўжаюць Юрый СТОМА і Дзяніс САКОВІЧ, дзе іх і сустрэла старшыня сельвыканкама А. ПЯКАРСКАЯ

Самы вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы да раённых “дажынак” запланаваны для калектыву камунальнай службы. Гэта замена запаўненняў дзвярных і аконных праёмаў у 14-ці дамах па вуліцы Цэнтральнай, рамонт і замена ў іх асобных участкаў даху, а таксама абуладкаванне ці замена адмосткі і цокалю вакол гэтых жа жылых дамоў. Тут жа і добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, дзе прадугледжаны і дзве дзіцячыя пляцоўкі, добраўпарадкаванне футбольнага поля.

-Пакуль усе гэтыя работы на пачатковай стадыі, — сведчыў начальнік участка ЖКГ “Хатляны” А. Крукоўскі. – Закуплены неабходны матэрыял для рамонта жылых дамоў, аб’яўлены таргі па абсталяванні дзіцячых пляцовак, заказаны ўжо некаторы інвентар для іх. Праведзены рамонт калодзежаў цеплатрасы і халоднай вады па вуліцы Цэнтральнай. Прыступілі да замены даху на доме № 4.

Па падрыхтоўцы да дажынак і кантролю за ажыццяўленнем усіх намечаных мерапрыемстваў пры сельвыканкаме дзейнічае штаб, у які ўваходзяць кіраўнікі ўсіх зацікаўленых служб. Пасля кожнага яго пасяджэння складаецца пратакол даручэнняў на тыдзень-два пасля робіцца дэталёвы аналіз зробленага.

З розным інструментам упраўляецца на добраўпарадкаванні каля гандлёвага цэнтра Рыгор ВАБІШЧЭВІЧ

-У канцы мая прайшоў у нас і сход грамадзян, дзе былі выслуханы прапановы і пажаданні жыхароў, — расказвае старшыня Хатлянскага сельвыканкама Ала Пякарская.— Быў агучаны і план мерапрыемстваў. Вядома, людзі станоўча ставяцца да таго абнаўлення, якое чакае гэты населены пункт. Бо кожны разумее, што святы прыходзяць і адыходзяць, а зробленае застаецца для іх агульнага карыстання. Таму перш-наперш вялікія надзеі людзі звязваюць менавіта з рамонтам жылфонду, бо тыя ж дахі, фасады, адмосткі даўно чакаюць рамонту. Вельмі б хацелася, каб усе спадзяванні хатлянцаў ажыццявіліся.

Транзітнай вёскай па дарозе на Хатляны з’яўляецца Плітніца. Падмарафеціць яе таксама ў планах. Для пачатку работнікі сельвыканкама абыйшлі ўсе дамы і пагутарылі з гаспадарамі. Там, дзе патрабуецца рамонт ці афарбоўка агароджы, вызначаны канкрэтныя тэрміны, для надзейнасці — пад роспіс. Бо як бы там ні было, усё гэта ствараецца для агульнага дабрабыту, таму і рупіцца трэба разам.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ
Сяргей ШАРАЙ (ФОТА)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *