Юбіляры: 75 гадоў дзіцячаму дому і 60 – школе-інтэрнату! - zorkanews.by

Юбіляры: 75 гадоў дзіцячаму дому і 60 – школе-інтэрнату!

75 гадоў дзіцячаму дому і 60 – школе-інтэрнату! Гэта многа ці мала? Гэта завяршэнне шляху ці пачатак новай дарогі? Адно ведома дакладна: гэта гады працы, радасці, перамог, прыгожых і добрых традыцый.

Вахта на алеі Памяцi

Каторы раз гасцінна расчыніла дзверы Уздзенская санаторная школа-інтэрнат былым выпускнікам. У фае мнагалюдна. Весела, радасна і па-дамашнему цёпла, бо для сабраўшыхся яна была, ёсць і будзе сапраўдным домам, у які хочацца вяртацца зноў і зноў. “Няўжо нашай школе 75? Нават і не верыцца, што столькі гадоў прайшло. Здаецца, яна яшчэ зусім маладая, прыгожая і такая родная, — пачула ад выпускнікоў, якія з задавальненнем разглядалі фотаздымкі, прыгадваючы школьнае жыццё. — Гэта ж наша выхавальніца – Вольга Пятроўна Шышко. А на гэтым здымку Аляксандр Аляксандравіч Махнач: памятаеце, як ён прыгожа танцаваў… А тут мы пасля Трасцянецкага дзіцячага дома, смешныя такія, з чупрынамі. Па восем гадоў нам было… Памятаеце, калісьці каля кацельні груша расла. А якія смачныя яблыкі былі ў школьным садзе! Мы любілі ласавацца “белым налівам”…

У святочны дзень чуліся шчыры смех, былі слёзы радасці ад сустрэчы, падарункі і сувеніры, мора кветак і букетаў. Але ўсяму гэтаму папярэднічалі ўрачыстасці на алеі Памяці, закладзенай у гонар тых, хто ствараў дзіцячы дом і школу-інтэрнат і каго ўжо сёння няма ў жывых. Памяць пра іх жыве ў пасаджаных дрэўцах, ускладзеных кветках. Мінутай маўчання госці ўшанавалі настаўнікаў, якія сваё жыццё паклалі на алтар выхавання і навучання дзяцей.

Выпускнікі школы-інтэрната

Асноўныя дзеянні разгарнуліся ў актавай зале, дзе гучала шмат цёплых слоў, вершаў, песень. Віншаванні чарадаваліся з канцэртнымі нумарамі, падрыхтаваныміпедагагічным калектывам. Нікога не пакінуў раўнадушнымі мультымедыйны школьны альбом, які паведаў пра гісторыю школы, яе настаўнікаў і выхаванцаў.

Міні-спектакль ад настаўнікаў школы

А пачалося ўсё з 15 чэрвеня 1944 года. У гэты дзень быў заснаваны спецыяльны дзіцячы дом для тых, чые бацькі загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзяцей прывозілі з разбураных вёсак, многіх знаходзілі ў лесе, дзе яны выжывалі адны без бацькоў. Былі і малалетнія вязні канцлагераў. Многія не памяталі сваіх імёнаў, прозвішчаў, бралі сабе прозвішчы выхавацеляў. Першым дырэктарам дзіцячага дома стаў Пётр Васільевіч Козел. Некалькімі месяцамі пазней яго змяніў Васілій Емельянавіч Куцанаў. Усяго ў дзіцячым доме працавалі 7 настаўнікаў, якія замянілі дзецям бацькоў.

— Да 8 гадоў я была ў Трасцянецкім дзіцячым доме. Ежы не хапала, мы пастаянна галадалі, нават кралі, — прыгадвае Аляксандра Аляксандраўна Каптур, выпускніца 1964 года. — Памятаю, калі сюды прыехалі, першае, што ўбачылі, поўныя кадкі ачышчанай бульбы. Мы накінуліся і пачалі есці, а старэйшыя дзеці глядзелі на нас і плакалі. Потым нам далі мяса, макароны. Колькі было радасці, што нарэшце не будзе голаду! Нам нават марожанае давалі, праўда, рэдка. А вучыліся мы ў СШ №1 імя А. Пушкіна. У двух павярховым будынку, што стаіць побач з сучаснай школай, на першым паверсе размяшчаліся пачатковыя класы, а на другім – спалі. Там жа знаходзіўся і кабінет дырэктара. Запомніўся мне і наш выпускны баль. Мы самі пашылі сукенкі. Усе прыгожыя, шчаслівыя. На белы танец запрашала не толькі настаўнікаў, але і тэхнічны персанал. Нікога не абмінула, за што і была абрана каралевай балю.

— А якія канцэрты мы рыхтавалі, нават ездзілі па вёсках, выступалі, — дадае Аліса Леанідаўна Цеплых, якая разам з Аляксандрай Аляксандраўнай Каптур і Ганнай Фёдараўнай Шпет прыехала з Трасцянецкага дзіцячага дома. — На тэрыторыі школы зімою залівалі каток. Пасля заняткаў, стараліся хуценька зрабіць урокі, каб пакатацца. Мы былі падзелены на брыгады, у кожнай — свой занятак: адны бульбу чысцілі, другія прыбіралі тэрыторыю, і г. д. Спачатку працівілся, нічога не хацелі рабіць, а потым гэта стала для нас нормай. Дзіцячы дом многім даў пуцёўку ў жыццё, многаму навучыў, за што я вельмі ўдзячна нашым выхавацелям.

— У нас беларускую мову і літаратуру выкладала Ніна Парфёнаўна Мяцельская, выдатны педагог, добрая, спагадлівая, — расказвае Альберт Шчасновіч, выпускнік 1975 года. — Прыгадваецца такі выпадак: Ніна Парфёнаўна вяла адкрыты ўрок. Настаўнікаў прыехала шмат, быў і з маёй роднай вёскі Мрочкі выкладчык. Мяне выклікалі да дошкі разбіраць сказ.

Мне хацелася паказаць, што я ведаю, пачаў рабіць поўны разбор і заблытаўся. Пасля ўрокаў Ніна Парфёнаўна кажа: “Ну, навошта палез у гэты поўны разбор, калі добра яго не ведаеш?” Атрымалася, што толькі падвёў настаўніцу. Было крыўдна.

— А памятаеш, Альберт, як мы ўдзельнічалі ў конкурсах? — пытаецца Ірына Жоравень, таксама выпускніца 1975 года (са сваім мужам, Яўгенам, жанчына вучылася ў адным класе. – Аўт.). — Эстафеты, спаборніцтвы сандружын, творчыя конкурсы – мы заўсёды былі сярод пераможцаў.

За ўспаманамі час ляціць хутка

У час мерапрыемства з асаблівай цеплынёй выпускнікі прыгадвалі прозвішчы былых дырэктараў, настаўнікаў: М. М. Бардовіча, У. І. Карачуна, С. С. Карачун, А. Я. Александровіча, М. Д. Пятровіча, А. П. Мірончыка, Л. М. Мірончык, Р. А. Кручкова, Ф. І. Кручкову… Многіх ужо няма, але настаўнік жыве столькі, колькі помняць яго вучні… З вялікай ўдзячнасцю успаміналі заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь, былога дырэктара школы Людмілу Іванаўну Камашэнкаву, з якой звязана станаўленне, мадэрнізацыя, сучасны выгляд санаторнай школы-інтэрната. Светлыя і прасторныя кабінеты, спальныя пакоі, медыцынскія і працэдурныя кабінеты, якія абсталяваны так, што гэтаму могуць пазайздросціць нават у сталіцы.

— Школа-інтэрнат – тэрыторыя даступнага якаснага аздараўлення, адукацыі, бытавога камфорта. І самае галоўнае, гэта своеасаблівы тандэм вучняў і настаўнікаў, які дапамагае творча развівацца і дзецям, і дарослым, — адзначыла дырэктар Вольга Ліпніцкая. — У школы салідны ўзрост, многае пройдзена, шмат дасягненняў. Але галоўны з іх – выпускнікі, якія прынеслі сапраўдную славу сваёй навучальнай установе, стаўшы ваеннымі, інжынерамі, настаўнікамі, урачамі, прадпрымальнікамі… Радуе, што яны сталі сапраўднымі грамадзянамі і проста добрымі людзьмі. Гэта ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, настаўніца чарчэння і малявання Марыя Нікандраўна Жыгачова, Герой Савецкага Саюза, контр-адмірал Валянцін Васільевіч Холад, заслужаны настаўнік БССР Валянціна Эдуардаўна Война, правадзейны член Расійскай акадэміі прыродазнаўчых навук, Акадэміі ваенна-гістарычных навук, віцэ-адмірал Адам Адамавіч Рымашэўскі, многія іншыя. І няхай у кожнага з іх свой лёс, абраны розныя шляхі, але наша школа па праву ганарыцца тымі, хто ўпэўнена пайшоў па дарозе жыцця.

Свечку Веры, Надзеі і Любві ў гонар настаўнікаў і выхавацелей запальвае Альберт Шчасновіч

Пасля афіцыйнай часткі былыя выпускнікі і іх настаўнікі прайшліся па школе, пасядзілі за партамі, пазнаёміліся з экспазіцыямі школьных музеяў і яшчэ раз прыгадалі шчаслівыя моманты дзяцінства, што прайшло ў школе, якая была і застаецца для іх домам. Родным.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *