Калектыў народнай песні “Зборная субота” выступіў у Латвii - zorkanews.by

Калектыў народнай песні “Зборная субота” выступіў у Латвii

Якраз на тыя дні, як у Маладзечне ладзіўся Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, прыпалі гастролі народнага калектыву народнай песні “Зборная субота” ў Латвійскі горад Рэзекне, дзе праходзілі Дні беларускай культуры. Менавіта наша “субота” прадстаўляла на іх нашу рэспубліку.

На адной канцэртнай пляцоўцы з народным калектывам з Уздзеншчыны выступаў і тутэйшы — “Сузор’е”, які прадстаўлялі латышы з беларускімі каранямі. Уся канцэрная праграма праходзіла на беларускай мове. На беларускай мове чыталі вершы дзеці, размаўляла “Сузор’е” і, вядома, беларускамоўныя песні выконвала “Зборная субота”. Гэта і “Добрым людзям”, “А ў садочку”, “А ў лесе” і іншыя. Сваё ж выступленне ўздзенцы пачалі з “Белавежскай пушчы” у выкананні Аляксандра Зыблюка.

—Публіка была настолькі актыўнай і гасціннай, што практычна ўсе нашы песні падпявала, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар раённага дома культуры Алена Малашэвіч. — А калі нашы салісты Аляксандр Каханы і Сяргей Прыёмка заспявалі “Касіў Ясь канюшыну”, зала і ўвогуле сустрэла авацыямі і слухала стоячы. Можна зразумець, які настрой быў ва ўсіх нас! А за тое, што такая знакавая для нашага калектыву творчая паездка адбылася, усе мы ўдзячны за садзеянне раённаму выканаўчаму камітэту.

Усе расходы за тры гастрольныя дні беларускіх артыстаў узялі на сябе арганізатары свята, у праграме якога былі сустрэчы, экскурсіі. Запамінальнай і перспектыўнай у творчым плане стала сустрэча з консулам, ад якога нашы артысты атрымалі запрашэнне на выступленне ў горадзе Даугаўпілсе. У сваю чаргу ўздзенцы выказалі пажаданне на выступленне прыбалтыйскага “Сузор’я” і ў нашым горадзе. І такі творчы абмен з’яўляецца добрым стымулам для натхнення калектываў.

Да месца замежнага выступлення дабіраліся нашы артысты на мікрааўтобусе, за рулём якога быў малады вадзіцель Ілья Когут. Такая дальняя паездка для яго таксама своеасаблівы працоўны бонус.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *