Уздзенскi баксёр заваяваў магчымасць прыняць удзел у першынстве Еўропы - zorkanews.by

Уздзенскi баксёр заваяваў магчымасць прыняць удзел у першынстве Еўропы

Кожны раз адпраўляючыся на спаборніцтвы па боксе, уздзенскія спартсмены едуць туды з намерам годна заявіць пра сябе, прадэманстраваўшы на рынгу вынослівасць і сілу ўдару. Выніковымі аказаліся і апошнія спаборніцтвы, што прайшлі на мінулым тыдні ў Салігорску.

З 12 па 16 чэрвеня ў Салігорску прайшло першынство Рэспублікі Беларусь сярод школьнікаў па боксе. Удзельнікамі турніру сталі каманды з шасці абласцей і горада Мінска. У склад зборнай сталічнай вобласці уваходзілі тры юнакі з нашага раёна Максім Кастырчанка, Ілья Касабуцкі і Арцём Ткачоў, якія займаюцца боксам пад кіраўніцтвам старшага трэнера ДЮСШ Ігара Уладзіміравіча Хрыпко.

Па выніках спаборніцтваў каманда Міншчыны заняла пятае месца, палепшыўшы сваё мінулагодняе выступленне на дзве пазіцыі. У вось у асабістым заліку двое нашых хлопцаў рэальна засвяціліся: у вагавой катэгорыі 43 кілаграмы Максім Кастырчанка стаў сярэбраным прызёрам, а Ілья Касабуцкі быў абсалютным пераможцам у вагавой катэгорыі 50 кг. Гэта паспяховае выступленне дае хлопцу магчымасць прыняць удзел у першынстве Еўропы, якое будзе праходзіць у Грузіі, прадстаўляючы на ім нашу краіну.

Спаборніцтвы ў Салігорску – не першыя для Ільі Касабуцкага, баксёр ужо неаднаразова заяўляў пра сябе, удзельнічаючы ў баксёрскіх паядынках.

– Кожнае новае выступленне – гэта вопыт для мяне, калі на рынгу ты разлічваеш толькі на сябе, успамінаючы ўсе настаўленні трэнера, – гаворыць Ілья. – Маімі сапернікамі ў Салігорску былі баксёры з Магілёўскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Давялося добра пастарацца, каб вырваць перамогу.

Складальнікамі сваёй перамогі юнак называе якасную падрыхтоўку пад кіраўніцтвам трэнера, падтрымку з боку бацькоў і ўласнае жаданне дабівацца пастаўленых мэт.

– У бокс мяне прывёў тата, сказаўшы, што заняткі гэтым відам спорту толькі загартуюць мой характар, – адзначае мой суразмоўца. – Трэніроўкі, на якіх выкладваешся на поўную, сапраўды, дазволілі мне ацаніць свае сілы, зразумець, што і я магу пакараць гарызонты. А для гэтага трэба рэгулярна трэніравацца.

Нягледзячы, што на вуліцы лета. Пара, калі можна адпачыць, забыўшыся пра ўсё. Аднак не для Ільі Касабуцкага і яго трэнера. Зараз юнак знаходзіцца ў летніку “Алімпіец”, дзе кожны дзень у яго трэніроўкі: сілавая, на вынослівасць і адточванне ўдару. Скончыцца змена, юнак вернецца ў залу боксу, каб пасля, падрыхтаваным, адправіцца на першынство Еўропы.

Пакуль жа 13-гадовы баксёр сочыць за спартыўнымі навінамі ў рамках ІІ Еўрапейскіх гульняў. Магчыма, сёлета Ілья зможа паназіраць за баксёрскімі паядынкамі, якія будуць праходзіць на базе СК “Уручча”, а ўжо на наступныя адправіцца ў якасці ўдзельніка. Час пакажа… Ілья, мы верым у цябе!

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *