На Уздзеншчыне праводзіцца ўручэнне медалёў “75 год вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” — zorkanews.by

На Уздзеншчыне праводзіцца ўручэнне медалёў “75 год вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”

24 чэрвеня разам з Аляксандрам Тоўсцікам заходзім у дом да жыхаркі вёскі Возера Веры Кірылаўны Сіўко. Да вайны яна з сям’ёй жыла ў вёсцы Сянно Навагрудскага раёна. Маленькай дзяўчынкай яе, старэйшага брата Уладзіміра з бацькамі і стрыечнай сястрой вывезлі ў няволю. Нямала здзекаў ад памешчыка давялося вытрываць не толькі дарослым вязням (а сярод іх былі мірныя жыхары з розных падпарадкаваных фашыстамі краін, а таксама ваеннапалонныя), якія на яго працавалі, але і дзецям. Жылі ў холадзе, недаядалі, а за любую нават малую правіннасць – фізічныя пакаранні…

Аляксандр ТОЎСЦІК уручае юбілейны медаль Веры Кірылаўне СІЎКО

Неахвотна Вера Кірылаўна прыгадвае тыя страшныя дні. Шчыра дзякавала жанчына за памяць, за клопаты пра яе.

— Сёння якраз чакаю ў госці дачку з Мінска. Раскажу ёй пра ваш візіт, і ёй прыемна будзе пачуць.

Жыхара вёскі Ячанка Івана Сцяпанавіча Багрыцэвіча засталі за … чытаннем газеты. Ветэран вайны, нягледзячы на шаноўны ўзрост (апошняе дзесяцігоддзе да векавога юбілея завяршае яго жыццёвы каляндар), стараецца трымаць сябе больш-менш жыццяздольным, хаця з кожным месяцам рабіць гэта няпроста. Сярод ранейшых агульных балячак найбольш адчувальнай для гэтага паважанага ў акрузе чалавека становіцца праблема слыху. Пра многае мог бы расказаць удзельнік вайны, але ствараць для яго дадатковыя праблемы, перапытваючы па некалькі разоў пра тое, пра што ён ужо не раз паведамляў многім жадаючым пачуць яго ўспаміны, мы не сталі. А сёлетні юбілейны медаль дастойна папоўніць скарбонку яго ўзнагарод, сярод якіх ёсць і ордэн Айчыннай вайны, медаль “За адвагу”.

Іван Сцяпанавіч БАГРЫЦЭВІЧ з Ячанкі з нагоды атрымання чарговай узнагароды апрануў пінжак з ранейшымі адзнакамі Радзімы

Ксенія Паўлаўна Бабакова – удзельніца працоўнага фронту. Яе маладосць прайшла на Браншчыне. Там у дваццацігадовым узросце і сустрэла яна вайну. На барацьбу з ворагам адправіліся бацька, малодшы брат. Сямёра дзяцей засталося на руках у маці. Прыгадвае жанчына як, рыхтуючыся да прыходу захопнікаў, жанчыны, падлеткі капалі акопы, іншыя абарончыя збудаванні, як хаваліся ў тых жа акопах ад фашысцкіх самалётаў. Потым маці Ксеніі займела сувязь з партызанамі – пякла для іх хлеб. Аднойчы толькі паспелі пераправіць чарговую партыю духмянага прадукта ў лес, як заходзяць у дом немцы. Носам пакруцілі, пачулі жытні водар, злосна засыкалі: “О, партызанен!”. “Во мае партызаны, — паказвае жанчына на закуткі і печ, адкуль тырчаць спалоханыя дзіцячыя галоўкі. – Для іх пяку. Ці можа вы іх карміць будзеце?”. І карову доўгі час ад няпрошаных гасцей удавалася ў каноплях на задворках хаваць.

Ксенія Паўлаўна БАБАКОВА з дачкой ВЕРАЙ прыгадваюць тыя нялёгкія гады

Не стала лягчэй і пасля 1943 года, калі родныя мясціны вызваліла армія. Фронт пайшоў на захад, а ў вёсках амаль на два гады, да перамогі, заставаліся адны жанчыны, дзеці. І – узарваныя масты, разбураныя будыніны, разрытыя выбухамі ад бомбаў палеткі. Працягвалася цяжкая праца жанчын, дзяцей. Для аднаўлення разбуранага вайной патрэбна было нарыхтаваць нямала лесаматэрыялу. Каб не працаваць у дзённую спёку, у лес ішлі ў чатыры гадзіны раніцы, спускалі стромкія сосны, распілоўвалі на патрэбныя кавалкі, на валах (коней не было – забралі на патрэбы фронту) вывозілі да месцаў будоўлі…

Пра ўсё гэта Ксенія Паўлаўна, якая праз два гады адзначыць свой стогадовы юбілей, расказвала з дапамогай дачкі Веры Іванаўны Ламака, седзячы на лавачцы яе дома ў вёсцы Любяча.

Шаноўны ўзрост і ў былога партызанскага кулямётчыка, затым – разведчыка Міхаіла Васільевіча Працкевіча з Хатлян. 22 чэрвеня 1941 года ён павінен быў з’явіцца ў райваенкамат за накіраваннем у лётнае аучылішча, ды вайна змяніла ўсе планы. Яго баявы шлях адзначаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, медалямі “Партызану Айчыннай вайны”, “За перамогу над Германіяй”, мірная праца – ордэнам “Знак Пашаны”. Юбілейны медаль з нагоды 75-годдзя вызвалення Беларусі дастойна папоўніў гэты спіс узнагарод.

Дзеліцца ўспамінамі Міхаіл Васільевіч ПРАЦКЕВІЧ з Хатлян

Калі пачалася вайна, Уладзіміру Паўлавічу Лісаковічу ішоў чацвёрты год. 12 жніўня 1943 года многіх жыхароў Вялікай Усы, у тым ліку Валодзю з бацькамі, старэйшую сястру Вольгу з мужам, фашысты вывезлі ў Германію. Старэйшыя працавалі ў полі, даглядалі кароў, авечак, а дзеці бавілі час у двухпавярховым бараку ці каля яго. Засталіся ў дзіцячай памяці і ўмовы каменданцкага часу, і ваеннапалонныя з Сербіі, Польшчы, іншых краін Еўропы, і мары-жаданні дзяцей хоць раз уволю наесціся чарэшні, што расла ў панскім садзе…

Спаўна спазнаў “смак” жыцця малалетняга вязня Уладзімір Паўлавіч ЛІСАКОВІЧ

У райцэнтры адным з першых атрымаў медаль удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Іосіфавіч Квяткоўскі, які жыве па вуліцы Рэвалюцыйнай. Пасля вызвалення Беларусі, у ліпені 1944, адразу як споўнілася 18 гадоў, быў ён прызваны ў армію, у складзе 1-га Беларускага фронта вызваляў Польшчу, дзе і атрымаў ордэн Айчыннай вайны І ступені і цяжкое раненне…

Да 3 ліпеня юбілейныя медалі будуць уручаны ўсім жыхарам Уздзеншчыны, удастоеным гэтай узнагароды.

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *