Чалавек і яго справа: Уладзімір Мацеша працуе юрысконсультам у эксперыментальнай базе імя Катоўскага - zorkanews.by

Чалавек і яго справа: Уладзімір Мацеша працуе юрысконсультам у эксперыментальнай базе імя Катоўскага

“Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся” — сцвярджае народная мудрасць. Па даўнешней традыцыі, жывучы і працуючы ў вёсцы, дзе з’явіўся на свет, чалавек быццам бы аддае даніну павагі зямлі, што накарміла і напаіла яго, людзям, якія навучылі любіць сваю малую радзіму.

У раёне жыве і працуе многа таленавітых, ініцыятыўных энергічных маладых людзей, якія ўмеюць прымаць смелыя рашэнні. Сярод такіх – выпускнік юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Мацеша, які сёння працуе юрысконсультам у эксперыментальнай базе імя Катоўскага.

— Месца работы падказала маці: прачытала аб’яву ў “Чырвонай зорцы”, што ў базу імя Суворава патрабуецца юрыст. Параілі папрацаваць, набрацца вопыту. Згадзіўся, — прыгадвае суразмоўца. — Спачатку хваляваўся: раптам буду не кампетэнты ў сваёй справе, не спраўлюся. Спачатку было цяжкавата, улічваючы тое, што больш года ў гаспадарцы не было юрыста. Першае, што ўбачыў у кабінеце, стос папак з дакументамі на стале…

Да гэтае пары Уладзімір удзячны юрысконсульту ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Святлане Жук, былым кіраўнікам гаспадаркі Васілію Крывалевічу, Віктару Зуеву, бухгалтарам, эканамісту за дапамогу і парады. Пасля аб’яднання сельгаспрадпрыемстваў хлопец застаўся працаваць у базе Катоўскага.

— За столькі гадоў, не раз думаў: хопіць, пакіну, не буду больш працаваць у сельскай гаспадарцы, — прызнаецца Уладзімір. — Але ж работа цікавая, разнапланавая і па любімай спецыялізацыі “грамадзянскае права”. Увогуле, сельская гаспадарка — галіна спецыфічная, юрысту, як кажуць, ёсць дзе разгуляцца, бо працу вяскоўца, асабліва ў час барацьбы за ўраджай, цяжка падпарадкоўваць літары закона.

Што ж, не пагадзіцца з такім меркаванне нельга: у час пасяўной, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю аграрыі шчыруюць з ранку і да позняга вечара без выхадных. Таму юрысконсульту сельгаспрадпрыемства неабходна знайсці правільнае рашэнне пытання, якое задаволіць усе бакі, пры гэтым не парушыць закон.

— Часам дзіўна чуць, як моладзь разважае, што неабходна бегчы з вёскі, шукаючы лепшай долі ў горадзе, бо там больш перспектыў і магчымасцей. Гэта меркаванне памылковае! Нідзе не атрымаеш такіх рэальных жывых зносін, як у вёсцы. Тут зямля корміць! Юнакам і дзяўчатам трэба разумець, што мы самі створым сваё жыццё, а наш дабрабыт залежыць толькі ад нас саміх. І неважна – у маленькім раёне або вялікім горадзе. Ды і расці, спрабаваць дасягаць чагосьці прасцей у сваім раёне, тут цябе хутчэй заўважаць і дапамогуць. І такіх выпадкаў нямала. Да таго ж зараз многія вёскі газіфіцыраваны, падключана вада, развіта інфраструктура, наша не выключэнне. Чаго не жыць? — лічыць Уладзімір. — Я ж жыву і працую ў родных мясцінах, бо тут мой дом, сям’я і блізкія мне людзі.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *