Стараста ў вёсцы – што гаспадар у доме — zorkanews.by

Стараста ў вёсцы – што гаспадар у доме

Праблемы, з якімі жыхары пасёлкаў і вёсак сутыкаюцца кожны дзень, прымушаюць шукаць дапамогі ў тых, каму яны давяраюць, каго паважаюць, бо ведаюць, што менавіта яны дапамогуць.

Размова ідзе пра старасту вёскі, сваеасабливага сувязнога паміж мясцовай уладай і народам. Не сакрэт, што старшыню сельвыканкама месцічы ўспрымаюць хутчэй як чыноўніка, а стараста – ён свой. Вось і атрымліваецца, што добры, ініцыятыўны стараста – выратаванне для вёскі, асабліва, калі знаходзіцца яна ў глыбінцы і з пастаянна пражываючага насельніцтва амаль усе пажылыя.

У Валяр’янах старастай на працягу амаль 9 гадоў з’яўляецца Вольга Лялькоўская. Калісьці заняць гэту пасаду ёй прапанавала былы старшыня Хатлянскага сельскага Савета Тамара Ляснеўская. Кандыдатуру падтрымалі і жыхары вёскі: дзяўчына адказная, старанная, свая, валяр’янаўская. Добра ведае ўсіх жыхароў і праблемы населенага пункта.

— Ці знайду агульную мову з вяскоўцамі? Такіх пытанняў у мяне не ўзнікала пры прыняцці рашэння, — расказвае Вольга Віктараўна. – Тамара Іосіфаўна дапамагала, на курсы я не раз ездзіла. А людзі ў нас добразычлівыя, неканфліктныя. Шкада толькі, што вёска паціху вымірае. З 69 дамоў толькі ў 7 пастаянна жывуць вяскоўцы, астатнія — дачы.

Хапае работы ў старасты вёскі. Зімой гэта праблемы, звязаныя з ачысткай вуліц, асвятленнем, а летам – навядзенне парадку на ўласных падворках, у месцах грамадскага карыстання, на могілках.

— Яшчэ адна праблема, з якой ваюю не першы год – кантэйнеры для смецця. Жыллёва-камунальная гаспадарка рэгулярна вывозіць іх, ды і колькасці длявёскі хапае, — гаворыць Вольга Віктараўна. – Вось толькі карыстаюцца імі не толькі месцічы, але і ўсе праязджаючыя праз вёскі транзітам. Яно то можа і добра, бо не забруджваецца наваколле, але кантэйнеры настолькі хутка запаўняюцца, што вяскоўцы часам вымушаны складзіраваць смецце на кантэйнернай пляцоўцы. Да таго ж яны аплачваюць вываз ТБА. Не раз звяртала на гэта ўвагу прыезджых і чула ў адказ: “А якая ваша справа?”, “Дык пастаўце кантэйнеры сабе ў двор”. Скардзяцца жыхары і на работу аўталаўкі: то малако абрызглое прывязуць, то хлеб чэрствы. Не раз выказвалі заўвагу прадаўцу, але ж… Крыўдна людзям: усё жыццё працавалі на роднай зямельцы і на старасць гадоў такія адносіны. Узнікаюць у нас праблемы і з вадой. У вёсцы ёсць калонка, за карыстанне якой жыхары плацяць грошы. Летам некаторыя нядобрасумленныя грамадзяне несанкцыянавана падключаюцца і паліваюць свой агарод. Плаціць пры гэтым не жадаюць.

Рабіць добрыя справы аднаму складана. Неабходна, каб былі надзейныя памочнікі. Ёсць такія і ў Вольгі Віктараўны. Зінаіда Іванаўна Далідовіч і Аркадзій Іванавіч Коршук – актывісты-аднадумцы, якія клапоцяцца пра лёс населенага пункта і разам са старастай вёскі робяць усё, каб аднавякоўцам жылося камфортна.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *