Як лесаводы вырашаюць праблему ўсыхання хвойных парод дрэў i змагаюцца з караедамi - zorkanews.by

Як лесаводы вырашаюць праблему ўсыхання хвойных парод дрэў i змагаюцца з караедамi

Праблема ўсыхання хвойных парод дрэў у апошнія гады з’яўляецца даволі актуальнай. Вучоныя звязваюць гэта з пацяпленнем клімату. А з-за таго, што сосны і елкі становяцца аслабленымі, не абмінае іх і караед, які стаў яшчэ адным трывожным прыродным фактарам. Пра тое як складваецца сітуацыя з гэтай праблемай і як яна вырашаецца лесаводамі нашага раёна расказвае галоўны ляснічы лясгаса Аляксандр САЛАВЕЙ:

—Не першы год існуе такая праблема ў лясных угоддзях нашага раёна. Сёлета яна асабліва актуальна для елкі, якой наносіць вялікую шкоду караед-тыпограф. Здаровае моцнае дрэва яму не загубіць, а вось аслабленаепаддаецца лягчэй. Вось і даводзіцца высякаць вялікія аб’ёмы дрэвастою, каб драўніна канчаткова не страціла свае якасныя ўласцівасці. І гэта не наш капрыз, а вымушаная мера. Паражаецца і сасна. Для яе часцей характэрны вяршынны караед і шасцізубчаты.

  • Калі дрэвы спілоўваюцца і ідуць на перапрацоўку, то што робіцца з рэшткамі драўніны, што застаюцца на лесасеках?

—Усё, што застаецца пасля вымушаных высечак, спальваецца. Вядома ж, робіцца гэта пры спрыяльных умовах надвор’я, часцей за ўсё ранняй вясной і позняй восенню. У пажаранебяспечны перыяд, як зараз, на падчыстцы дзялянак працуе трактар са спецыяльным навясным абсталяваннем “мульчар”, які здрабняе рэшткі драўніны і рассейвае ў лясным масіве. За працоўны дзень такім спосабам падчышчаецца да гектара плошчы.

  • Работы па высечцы дрэвастою вядуцца так актыўна, што часам здаецца, што занадта “лес рубят и щепки летят” …

—Такую думку даводзіцца чуць і нам. Але гэта далёка не так. Усе высечаныя дзялянкі ідуць пад лесааднаўленне. Толькі ў адрозненні ад таго, што спілаванае дрэва і тую драўніну, якая ідзе на нарыхтоўку ці перапрацоўку, мы бачым і ацэньваем маштабна, то вынікам той працы, якую лесаводы праводзяць па лесааднаўленні, будуць карыстацца ўжо нашы дзеці і ўнукі. Гэта вельмі сур’ёзная і карпатлівая работа не аднаго пакалення лесаводаў. Пасадзіць новыя дзялянкі – гэта толькі паўсправы. Спачатку трэба пастаянна абкошваць іх, ратаваць ад пустазелля, пасля праводзіць асвятленне, рабіць прачыстку, прарэджванне і г. д. Пакуль прыйдзе пара прахадных высечак, праходзіць больш як трыццаць гадоў. А пакуль вырасце, напрыклад, сасна да патрэбнай спеласці, — за 80 гадоў. Да таго ж, ёсць высечкі з захаваннем падросту. Яны таксама не пускаюцца на самацёк, а знаходзяцца ў полі дзейнасці лесаводаў. Паверце, ні адзін участак лесу не застаецца без нашай увагі.

  • Ды не толькі, напэўна, лесаводаў? Хапае ў вас і добраахвотных памочнікаў.

—Гэтым людзям мы асабліва ўдзячны, і вельмі б хацелася каб іх было болей. Лес – гэта наша нацыянальнае багацце, і зберагчы яго можна толькі агульнымі намаганнямі. Так, гэтай вясной было створана каля 200 гектараў лясных культур. Асноўная работа праведзена рукамі нашых лесаводаў. Добрую ролю сыграла тут штогадовая акцыя “Тыдзень лесу”. Падтрымалі яе і калектывы, і асобныя грамадзяне. Самымі актыўнымі аказаліся на гэты раз прадстаўнікі айцішнай кампаніі “Епам”. Прыехала іх каля 250 чалавек, працавалі ў Слабадскім лясніцтве, дзе пасадзілі 10 гектараў лесу. Чатыры гектары лясных культур з закрытай каранёвай сістэмай пасадзіла і каманда на чале з прэм’ер-міністрам, якая працавала ў Валяр’янаўскім лясніцтве.

  • У сувязі з тым, што зараз ёсць праблема з хвойнымі насаджэннямі, часцей практыкуюцца змешаныя пасадкі. Раскажыце пра іх.

—Ствараюцца такія пасадкі, каб атрымаць больш устойлівыя зялёныя кварталы. Да звычайных сасны і елкі дабаўляем і ліставыя пароды – бярозу, дуб, ясень, клён, ліпу. Увесь гэты пасадачны матэрыял вырошчваем у гадавальніку нашага лясгаса, які знаходзіцца на тэрыторыі Уздзенскага лясніцтва. Задзейнічана для гэтай мэты і цяпліца на тэрыторыі Лашанскага лясніцтва. Вясной там пасеяны алешына чорная і ліпа. Участак лясных культур, дзе знаходзіцца пасадачны матэрыял з закрытай карнявой сістэмай, сёлета створаны і ў Валяр’янаўскім лясніцтве. Тры цяпліцы задзейнічаны і на тэрыторыі гадавальніка, дзве з іх поўнасцю адведзены пад сеянцы елкі і лістоўніцы. Ёсць у лясгасе і свая 22-гектарная лесанасенная плантацыя сасны, адкуль мы збіраем шышкі і здаём у Рэспубліканскі насенневодчы цэнтр, каб атрымаць селекцыйны пасадачны матэрыял, які больш устойлівы і якасны. Нашы работнікі збіраюць шышкі і з лепшых дрэў, задзейнічана шышкасушылка ў Лашанскім лясніцтве.

  • Вядома, работа лесаводаў вызначаецца і пастаяннай фізічнай працай. Дастаткова яе і ў леснікоў, і на перапрацоўцы, і ў гадавальніку…

—Што датычыць гадавальніка, то там пастаянна працуюць пяць жанчын, якія праводзяць пасеў, праполку, паліў лясных культур. Пастаянна задзейнічаны і трактар МТЗ-82 з навясным абсталяваннем, ад плуга да сеялкі. Сёлета для патрэб гадавальніка набыты і магутны мотаблок з навясным абсталяваннем. Так што стараемся аблегчаць фізічную працу.

  • Як кажуць, тэхніка тэхнікай, а чалавечы фактар ніхто не адмяняў …

—Бясспрэчна, менавіта дзякуючы адказным і граматным спецыялістам мы дасягнулі таго ўзроўню, калі да нас за вопытам едуць калегі з іншых раёнаў і рэгіёнаў. А гэта не толькі стымул, а і адказнасць. І добра, што нашы людзі гэта разумеюць. Душой перажывае за справу патомны лесавод, інжынер па лесааднаўленні, начальнік гадавальніка Жанна Собаль. Вялікія аб’ёмы нарыхтоўкі драўніны і лесааднаўлення праводзіць Слабадское лясніцтва на чале з ляснічым Мікалаем Ільюцікам. Зладжаны калектыў, які паспяхова спраўляецца з усімі пастаўленымі задачамі, працуе і ў Лашанскім лясніцтве на чале з Ігарам Васілевічам. І прыклады такія можна яшчэ доўга прадаўжаць.

Адказныя і працавітыя людзі працуюць у гадавальніку лясгаса. Сярод іх Вераніка ГЛЕБКА, Таццяна ДУБІЦКАЯ, Валянціна ГЛЕБКА

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *