Летась у эксперыментальнай базе імя Катоўскага былі пабудаваны 7 сянажна-сіласных траншэй - zorkanews.by

Летась у эксперыментальнай базе імя Катоўскага былі пабудаваны 7 сянажна-сіласных траншэй

За работай Андрэй МЕЛЮХ

У апошнія гады ў сельскай гаспадарцы ўзяты курс на ўкараненне новых тэхналогій вытворчасці, як ў мясной, так і малочнай жывёлагадоўлі. Дзякуючы гэтаму, у многіх сельгаспрадпрыемствах раёна пачалі аднаўляцца памяшканні малочнатаварных фермаў, праводзіцца мадэрнізацыя старых будынкаў і ўзвядзенне новых. Разам з тым, мяняецца і псіхалогія людзей, іх адносіны да працы. Культура вытворчасці, дысцыпліна, адказнасць – галоўнае, што вызначае сёння работнікаў сельгаспрадпрыемстваў.

Развіццю жывёлагадоўлі ў эксперыментальнай базе імя Катоўскага надаюць шмат увагі. Толькі дойны статак тут налічвае звыш 1800 галоў, не кажучы ўжо пра колькасць маладняка і буйной рагатай жывёлы на адкорме. Таму з адказнасцю і сур’ёзнасцю ў гаспадарцы падышлі да работ, звязаных з будаўніцтвам новых жывёлагадоўчых памяшканняў і сянажна-сіласных траншэй. Паколькі гэтыя работы знаходзяцца на павышаным кантролі не толькі зацікаўленых раённых службаў, то і патрабаванні да будаўнічых брыгад таксама высокія.

Дастакова будаўнічага вопыту ў Анатолія ТАРАДЗІНА

Летась, напрыклад, у эксперыментальнай базе імя Катоўскага былі пабудаваны 7 траншэй (3 – каля фермы ў Карпілаўцы, 2 – каля МТФ “Возера-1”, па адной – у Маркаўцах і “Возеры-2”). У параўнанні з іншымі гаспадаркамі раёна – гэта самы высокі паказчык.

– Старыя траншэі ў параўнанні з новымі выглядалі вельмі сумна (нізкія, малой умяшчальнасці), ды і стан іх гаварыў сам за сябе, што яны сваё даўно аджылі, – адзначае намеснік дырэктара гаспадаркі па будаўніцтве Мікалай Макарэвіч. – А пра захоўванне кармоў у буртах і гаварыць не даводзіцца. Кармы павінны быць належнай якасці і захоўвацца толькі ў траншэях.

Дарэчы, будаўніцтва тэхналагічных ёмістасцей для захоўвання кармоў (сіласна-сянажных траншэй) – адзін з асноўных пунктаў рэспубліканскай праграмы развіцця малочнага накірунку ў жывёлагадоўлі, перанесены ў раённыя праграмы па рэканструкцыі жывёлагадоўчых памяшканняў і сіласна-сянажных траншэй. Неаднаразова, пачынаючы ўжо недзе з 2016 года, на нарадах рознага ўзроўню падкрэслівалася, што захоўванне травяністых кармоў у буртах і курганах толькі стварае ілюзію забяспечанасці жывёлы фуражом. І толькі ў траншэях пры дакладным захаванні ўсіх тэхналагічных працэсаў можна мець высакаякасныя кармы, якія будуць садзейнічаць павелічэнню колькасці малака і мяса. Таму і ўзводзіць новыя траншэі рэкамендавалася паблізу ферм, каб пасля не траціць шмат высілкаў і сродкаў на дастаўку кармоў жывёле. Тут да месца будзе выказванне: усё добра, калі пад рукой. Жывёлаводамі гэтае новаўвядзенне было ацэнена станоўча. Ды і самі кіраўнікі ўбачылі ў гэтым рацыянальнае зерне.

– Як бачыце, і мы сянажныя траншэі ўзводзілі побач з малочна-таварнымі фермамі і комплексамі, – адзначыў Мікалай Андрэевіч, з якім разам аб’ехалі фермы гаспадаркі. – Кармы ў іх закладваліся летась, частка траншэй ужо апусцела. Паколькі ідзе нарыхтоўка свежых кармоў, свабодныя траншэі апрацоўваюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і тут жа запаўняюцца.

Напрыклад, траншэя каля МТФ “Возера-1” узведзена летась, аднак не эксплуатавалася. Яна, умяшчальнасцю да 2000 тон, сваю першую закладку прыняла сёлета з траў першага ўкосу.

На асаблівым кантролі ў галоўнага будаўніка гаспадаркі жывёлагадоўчыя памяшканні. Летась на тэрыторыі МТФ “Возера-2” пабудаваны прафілакторый, разлічаны на адначасовае ўтрыманне 62 цялят. Пасля з’яўлення на свет маладняк паступае сюды. Тут у асобных “пакойчыках”, якія знаходзяцца ў памяшканні ўздоўж сцен, цяляты ўтрымліваюцца месяц-паўтара. За гэты час яны набіраюць 50-75 кілаграмаў вагі. Пасля іх перавозяць на дарошчванне на іншую ферму.

Цялятніца з больш як 20-гадовым стажам Галіна ЖУР

Догляд за маладняком – справа адказная. Звычайна яе даручаюць сумленным і асабліва адказным работнікам. Цікава, хто ж тут працуе з цялятамі?

У памяшканні знаходжу адказ на сваё пытанне – даглядчыца Галіна Адамаўна Жур. Жанчына больш як 20 гадоў працуе на ферме. Да гэтага таксама даглядала цялят, толькі домікі іх знаходзіліся прама на вуліцы.

– Кожны жывёлавод скажа, што з маленькай істотай клопату намнога больш, – адзначыла жанчына і тут жа дадала: – Увогуле, за адыманцамі пастаянны догляд трэба, бо гэта будучае папаўненне статка. З будаўніцтвам новага прафілакторыя многія пытанні па ўтрыманні пярэстых гадаванцаў былі зняты.

І з гэтым выказваннем жывёлавода не паспрачаешся: на першым плане заўсёды было і застаецца здароўе жывёлы.

Яшчэ адзін гэтакі ж прафілакторый – толькі на 20 галоў – будуецца на ферме ў Маркаўцах. Там, дарэчы, будаўнічыя работы вяліся актыўна. Задзейнічаны на іх былі будаўнікі з Брэсцкай вобласці, якія прыехалі ў эксперыментальную базу імя Катоўскага па дагаворы падраду (яны адначасова і цесляры, і плітачнікі, і мантажнікі). У памяшканні цялятніка, напрыклад, з шурапавёртам спраўляўся Андрэй Мелюх. Яшчэ некалькі чалавек клалі плітку на падлогу ў кабінетах-пакоях для работнікаў фермы.

Вядуцца будаўнічыя работы і на малочнатаварным комплексе ў Дзешчанцы. Будынак новага цёлачніка ўжо пабудаваны. Наступны крок – планіроўка тэрыторыі пад выгул жывёлы, далей – узвядзенне агароджы і завяршэнне ўнутраных работ.

Здача гэтага аб’екта запланавана на гэты год, – сведчыць Мікалай Макарэвіч. – У тэрміны ўкладаемся, таму, мяркую, форс-мажораў не ўзнікне. Тым больш, што і людзі стараюцца. Пастаўленыя перад імі задачы выконваюць, хаця кантроль за ходам работ ніхто не адмяняў.

І сапраўды, пакуль з Мікалаем Макарэвічам аб’язджалі аб’екты, дзе вядуцца работы, не адзін раз яму тэлефанаваў дырэктар гаспадаркі, каб удакладніць, дзе і што робіцца, ці паспяваюць з тэрмінамі, на які аб’ект пасля будуць накіраваны будаўнічыя брыгады і г. д.

Бяспрэчна, гэта лепшы доказ таго, што працэс будаўніцтва азерскіх аб’ектаў знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Сумнявацца не даводзіцца, будаўнічыя работы ў гэтай гаспадарцы і надалей будуць весціся актыўна.

Вера ЛУКАШЭВІЧ

Фота аўтара

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *