АРТ-студыя “Буслянка” распачала свой гастрольны тур прэм’ерай спектакля “Кот і сабака” — zorkanews.by

АРТ-студыя “Буслянка” распачала свой гастрольны тур прэм’ерай спектакля “Кот і сабака”

Прэм’ерай спектакля “Кот і сабака” па п’есе Аляксандра Ляжнёва распачала свой гастрольны тур АРТ-студыя “Буслянка”, створаная на базе раённага Дома культуры. Яе ідэйным натхняльнікам, мастацкім кіраўніком і рэжысёрам з’яўляецца чалавек з багатым вопытам работы ў драмгуртку Людміла Казіміраўна Цвірко.

Яшчэ ў 1984 спектаклі артыстаў драмгуртка “Усмешка”, у ліку іх былі пераважна звычайныя школьнікі, зрывалі авацыі ў гледачоў. Ужо тады Людміла Казіміраўна прыкладвала шмат старання і фантазіі для таго, каб заняткі ў гуртку, а пасля – і выступленні атрымліваліся яркімі, цікавымі, музычнымі, стварала сваю непаўторную праграму, у якой стараласяадлюстраваць агульныя ўяўленні пра асаблівасці тэатра і сцэны. Асаблівую ўвагу надавала вывучэнню нацыянальнай культуры. Таму, напэўна, у тыя часы і была запатрабавана пастаноўка “Як Лыска ваўком быў”, а таксама спектаклі па сюжэтах твораў братоў Грым, С. Маршака і г. д.

– Асноўны састаў тады налічваў 18 чалавек, яшчэ восем былі ў падрыхтоўчым, – прыгадвае Людміла Цвірко. – У 1990-м годзе наша тэатральная студыя “Усмешка” заваявала званне “ўзорнага калектыву”. А колькі мы папаездзілі з выступленнямі! Былі ў Туле, Роўна, Маскве, Кемераве, Новамаскоўску, іншых гарадах, не кажучы ўжо пра беларускія. Сталі лаўрэатам Усесаюзнага фестывалю тэатральных калектываў “Востраў шчасця”. Наша тэатральнае жыццё было вельмі і вельмі насычаным, а галоўнае – плённым.

Сярод актывістаў “Усмешкі” была і цяперашняя настаўніца пачатковых класаў гімназіі Вольга ЯКУБОЎСКАЯ (на здымку).

– Я пяць гадоў наведвала заняткі ў драмгуртку, разам з сябрамі прымярала на сябе самыя розныя ролі, – гаворыць Вольга Чаславаўна. – Гэта быў, напэўна, адзін з яркіх перыядаў майго дзяцінства і юнацтва. Мы літаральна жылі сцэнай. І сёння помню пастаноўкі пра “Беласнежку і сем гномаў”, “Кошкін дом”, пінгвіна Піню, пра сабаку Лыску… А яшчэ мы самі выраблялі дэкарацыі, таму часу на пустыя забавы ў нас проста не было.

Прайшоў час, пэўныя змены зведаў калектыў, пасталелі і артысты. Аднак сама кіраўнік гэтага тэатра працягвала жыць у рытме тэатра (нездарма ж Людміла Казіміраўна – культработнік і рэжысёр са стажам).

Яна і сама не заўважыла, як пачала ажыццяўляць сваю задумку – аднавіць тэатр і ўдыхнуць у яго новыя тэндэнцыі, дзе б умела спалучалася ўменне дзяцей трымацца перад публікай, перадаваць эмоцыі праз мову, жэсты і міміку і пры гэтым ўпраўляцца з лялькамі, адзетымі на руку. Гэту ініцыятыву тут жа падхапілі дзеці, якія вырашылі паспрабаваць сябе ў тэатральнай дзейнасці. І ў іх гэта атрымалася. Артыстамі “Буслянкі”, якія першымі трымалі экзамен перад такімі, як самі, школьнікамі, сталі Арцём Аўсеенка, Аліна Іванова, Марыя Сербава, Данііл Вярыга, Злата Крысько.

– Займаючыся ў АРТ-студыі, дзеці атрымалі ўнікальную магчымасць для самавыражэння і самапазнання, – адзначае Людміла Цвірко. – Нашы заняткі праходзяць у гульнёвай форме. Гэта і сцэнічная мова, і ўменне рухацца па сцэне сярод дэкарацый, акцёрскае майстэрства, харэаграфія. Усе мае артысты такія розныя, што ад іх рухавасці і жадання спасцігаць нешта новае, я сама зараджаюся пазітывам. Напэўна, па-іншаму і быць не можа, бо нас аб’ядноўвае тэатр.

Вера ЛУКАШЭВІЧ, Сяргей ШАРАЙ (фота)

Это интересно

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *